Автор: . Дата создания:

Ганаровае званне "Народны майстар Рэспублікі Беларусь" атрымалі адразу 7 майстроў Віцебскай вобласці.  Такое рашэнне было прынята на пасяджэнні экспертнай камісіі па народным мастацтве, народных промыслах і рамёствах пад кіраўніцтвам Яўгена Міхайлавіча Сахуты – доктара мастацтвазнаўства, старшыні Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Гэта самая высокая адзнака творчасцi людзей, якiя адраджаюць традыцыйныя рамёствы.

Валерый Зінкевіч – майстар народнага клуба народных мастацкіх рамёстваў і мастакоў аматараў ”Ля возера“ Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў“. Валерый Анатольевіч стварае экспазіцыі па гісторыі ганчарства Браслаўшчыны, займаецца вырабам музычных інстументаў, традыцыйнага глінянага посуду, збірае і вывучае старадаўнія спосабы абпалу. Майстар аднавіў тэхналогію аплятання глінянага посуду бярозавымі стужкамі, зрабіў калекцыю ”берасцянікаў“. Валерый Зінкевіч з’яўляецца ініцыятарам стварэння свята ”Меч Брачыслава“, якое праводзіцца штогод у межах Міжнароднага свята традыцыйнай культуры ”Браслаўскія зарніцы“.

Таццяна Шынкарова – майстар па кераміцы, кіраўнік гуртка Аршанскага Дома рамёстваў. На прафесійнай аснове адраджае ганчарную справу, старанна вывучае старадаўнія тэхналогіі, досвед майстроў. Таццяна Васільеўна з’яўляецца носьбітам элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны ”Традыцыйныя вобразы і тэхналогія вырабу гліняных народных цацак Аршанскага Падняпроўя і Віцебскага Падзвіння“.

Наталля Сцержанкова займаецца адраджэннем і захаваннем традыцый саломапляцення, валодае ўсімі тэхнікамі дадзенага рамяства. Робіць ўтылітарна-дэкаратыўны посуд, саламяную скульптуру, галаўныя ўборы, дэкаратыўныя пано, кветкі, маскі, жаночыя ўпрыгожванні. Значнае месца ў яе творчасці займае выраб саламяных павукоў, калекцыя якіх знаходзіцца ў Шумілінскім Доме рамёстваў. Член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. З’яўляецца носьбітам элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны ”Беларускія мастацкія практыкі саломапляцення“.

Андрэй Рэцiкаў – майстар па вырабу традыцыйнай беларускай батлейкі Цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры Цэнтра культуры горада Наваполацка“, майстар. Андрэй Міхайлавіч імкнецца знайсці новыя формы папулярызацыі традыцыйнага беларускага тэатра ”Батлейка“, займаецца вырабам традыцыйных батлеечных лялек і драўляных цацак. За час працы сабраў вялiкi метадычны матэрыял па гiсторыi беларускай батлейкi, вяртэпным тэатры Расii, Украiны, традыцыйным тэатры Заходняй Еўропы, зрабiў рэканструкцыi батлейкавых скрыняў з XVI па ХХ ст. На сённяшні дзень налічваецца восем батлеечных скрыняў.Майстар з’яўляецца носьбітам элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны ”Традыцыйная калядная батлейка ”Віцебскі жлоб“.

Вольга Аляксеева – майстар па кераміцы, кіраўнік народнага клуба майстроў народных мастацкіх рамёстваў ”Дубрава“ Дома рамёстваў Дубровенскага раённага цэнтра народнай творчасці і культурна-дасугавай дзейнасці. Вольга Сяргееўна вядзе вялікую работу па папулярызацыі керамікі, аднаўляе традыцыйную гліняную цацку ”Марачоўская свістулька“, кіруе народным клубам майстроў ”Дубравушка“. Майстар з’яўляецца носьбітам элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны ”Традыцыйная вобразы і тэхналогія вырабу гліняных народных цацак Аршанскага Падняпроўя і Віцебскага Падзвіння“. Пераможца ў намінацыі ”Духовность и культура“ VIII Віцебскага абласнога конкурсу ”Женщина года – 2020“.

Людміла Кавальчук – майстар  народных промыслаўКультурна-гістарычнага комплекса ”Залатое кола горада Віцебска ”Дзвіна“. Творчая дзейнасць Людмілы Мікалаеўны накіравана на захаванне і развіццё традыцыйных рамёстваў Віцебшчыны, як часткі багатай і самабытнай культуры Беларусі. Як майстар яна спецыялізуецца на працы з глінай: роспіс па сырой эмалі, ручная лепка, стварэнне дэкаратыўных формаў, надпаліваны і падпаліваны роспіс і інш. У 2021 годзе Людміла Мікалаеўна атрымала Грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на рэалізаванне праекта ”Віцебская маёліка. Роспіс па сырой эмалі“.  

Уладзімір Квашко – майстар па кераміцы Дома рамёстваў Сенненскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Плённа вывучае і развівае багатыя традыцыі глінянага рамяства, адраджае і папулярызуе традыцыйную гліняную цацку Сенненскага раёна. Майстар з’яўляецца носьбітам элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны ”Традыцыйная вобразы і тэхналогія вырабу гліняных народных цацак Аршанскага Падняпроўя і Віцебскага Падзвіння“. Стварыў калекцыю глінянай свістулькі ў адпаведнасці з мясцовымі традыцыямі Сенненшчыны.

У Віцебскай вобласці ганаровы статус ”Народны майстар Рэспублікі Беларусь“  цяпер мае 31 майстар.

Лiлiя Рэзкіна, начальнік аддзела традыцыйнай культуры Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці.