Што сабой уяўляе танцавальная спадчына Віцебшчыны? Пра гэта — кніга «Прыдзвінскія карункі», выдадзеная абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці.
Беларускі фальклор – сапраўдная скарбніца, у якой сабраны жыццёвы вопыт продкаў, універсальны матэрыял, на аснове якога фарміруюцца асноўныя ўяўленні чалавека пра нацыянальныя традыцыі, гісторыю, характар народа. Цікавай у гэтым сэнсе з’яўляецца кніга «Прыдзвінскія карункі (Народная танцавальная спадчына Віцебшчыны)». Гэта першае ў нашай вобласці грунтоўнае выданне, прысвечанае харэаграфічнаму мастацтву. Кніга прызначаецца ўсім, хто цікавіцца традыцыйнай беларускай культурай, а таксама тым, хто жадае вывучаць танцавальны фальклор і танчыць «па-даўнейшаму».
Выданне дае агульны малюнак бытавання танцавальнага фальклору ў Віцебскай вобласці, прадстаўляе матэрыялы па беларускім народна-сцэнічным танцы і па развіцці народнай харэаграфіі, дэманструе яе адметныя асаблівасці. У кнізе прадстаўлены мясцовыя карагоды, танцы, традыцыйныя найгрышы, запісаныя ад непасрэдных носьбітаў падчас фальклорна-этнаграфічных экспедыцый. Кожная вёска і раён Віцебшчыны маюць свае асаблівасці. Кадрыля, полькі, вальсы, мелодыі і напевы розных рэгіёнаў адрозніваюцца матывамі найгрышаў, складам інструментаў у ансамблі. Дзякуючы выданню ўсё гэта набыло новае жыццё, адрадзілася ў сучасным асяроддзі, каб перадаць у спадчыну нашчадкам.
Адзін з раздзелаў кнігі прысвечаны вядомым харэографам, заслужаным дзеячам культуры Беларусі – Івану Серыкаву, Леаніду Барадульку, Осіпу Партному, харэаграфічныя пастаноўкі якіх і сёння займаюць вядучае месца ў рэпертуары калектываў не толькі Віцебскай вобласці, але і краіны. А «Вянок танцаў» Івана Серыкава наогул публікуецца ўпершыню ў поўным аб’ёме – гэта 27 унікальных узораў народнай харэаграфіі, якія апрацавалі супрацоўнікі абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці.
У кнізе – змястоўная інфармацыя пра лепшыя фальклорныя калектывы Віцебшчыны, абласныя мерапрыемствы, накіраваныя на развіццё і папулярызацыю танцавальнай спадчыны. Яе старонкі аздоблены выцінанкамі вядомага майстра, галоўнага мастака АМЦНТ Ганны Перлінай.
Надзея УЛІНОВІЧ, загадчык аддзела традыцыйнай культуры ВАМЦНТ.