Автор: . Дата создания:

«Ратуша на Духавай гары». Пад такім загалоўкам 19 ліпеня 1990 года ў газеце «Віцебскі рабочы» выйшаў артыкул, у якім расказвалася пра ўзвядзенне вежы (1) побач з новай прыбудовай да аблвыканкама. У той час гараджане спрачаліся, ці варта гэта рабіць. Можа, лепш аднавіць царкву Святога Духа (2)?

Царква Святога Духа пабудавана каля сярэдзіны ХІV ст. (па некаторых звестках, у 1340 годзе) падчас кіраўніцтва віцебскага князя Альгерда (з 1345-га – вялікі князь ВКЛ). Пазней храм некалькі разоў пераходзіў ад праваслаўных да ўніятаў і наадварот. У 1697 годзе пры царкве заснаваны базыльянскі манастыр. На сродкі мешчаніна Патапа Бібкі царква перабудавана ў стылі віленскага барока. У 1839-м храм і манастыр сталі праваслаўнымі. У 1870-м царква перабудавана ў псеўдарускім стылі.

Альтэрнатыўны пункт гледжання прадстаўляў выкладчык тэхналагічнага інстытута лёгкай прамысловасці (зараз тэхналагічны ўніверсітэт) Валянцін Арлоў, які таксама выступіў у газеце. Ён расказаў, што задоўга да прыняцця хрысціянства на Духавай гары былі валатоўкі – так называлі месца, дзе хавалі продкаў па язычніцкім абрадзе.

Як зазначаў Валянцін Арлоў, у 1947-м у Віцебску 16 аб’ектаў мелі статус архітэктурных помнікаў. Праз год іх колькасць зменшылася да чатырох – Дабравешчанская царква, ратуша, палац генерал-губернатара і царква Маркава манастыра. Але ў лістападзе 1950-га для зацвярджэння камісіяй Акадэміі навук СССР падрыхтаваны новы спіс з 14 аб’ектаў, у лік якіх уваходзіла і Духаўская царква. Праўда, у маі 1953 года ён зноў значна скараціўся. Засталіся ратуша, палац генерал-губернатара і Дабравешчанская царква, якую, нягледзячы на статус, узарвалі ў 1961-м.

Праз год гэткі лёс напаткаў і рэшткі безабароннай Духаўскай царквы. Валянцін Арлоў наракаў, што план рэгенерацыі Віцебска ў 1986 го­дзе зацвярджаўся келейна, без удзелу грамадскасці. Нібыта на месцы храма ў адпаведнасці «з сістэмай вышынных акцэнтаў горада» першапачаткова меркавалася паставіць 9-павярховую каробку.

Школа  для дзяўчат

На старым здымку мы бачым частку цяперашняга абл­выканкама (3), а на той час – першага на Беларусі жаночага духоўнага вучылішча. На флагштоку (4) перад уваходам і на фасадзе вісяць (не менш за пяць) сцягі Расійскай імперыі. Такая іх колькасць сведчыць, што адміністрацыя падрыхтавалася да святкавання важнай падзеі. Магчыма, фатаграфія зафіксавала імгненне 1913-га, калі шырока адзначалася 300-годдзе дома Раманавых.

Духоўнае вучылішча для дачок праваслаўных святароў адкрылася вясной 1864-га і першы час размяшчалася ў арэндаваных памяшканнях у Задзвінні. У 1872-м установу перавялі ў былы Свята-Духаў манастыр. У 1898 — 1902 гадах на яго месцы па праекце інжынераў А. К. Паўлоўскага і П. А. Ві­наградава ўзвялі прасторны і рэспектабельны будынак, які злучаўся закрытай галерэяй з царквой.
На першым і другім паверхах былі класы, на трэцім – спальні. Дзяўчатам выкладалі рускую і стараславянскую мовы, арыфметыку, геаметрыю, фізіку, гісторыю, геаграфію, маляванне, рука­дзелле, царкоўныя спевы. Вучылі весці хатнюю гаспадарку, працаваць у садзе і на агародзе, даглядаць дзяцей і хворых. Аб’ём ведаў быў меншы, чым у гімназіях. Аднак выпускніцы атрымлівалі званне хатніх настаўніц па прадметах, па якіх дасягнулі добрых вынікаў.

Фота Антона СЦЕПАНІШЧАВА

З 1915 года падчас Першай сусветнай вайны будынак пераабсталяваны пад шпіталь, клапаціцца аб параненых дапамагалі і выхаванкі. У 1918-м тут размяшчаліся ваенкамат, ваенныя курсы, потым штаб Віцебскай авіябрыгады. Аблвыканкам сюды пераехаў у 1938-м, калі згодна з Указам Вярхоўнага Савета СССР у Беларусі было ўведзена новае адміністратыўна-тэрытарыяльнае дзяленне – вобласці замест акругоў. Так што налета гэтай падзеі споўніцца 80 гадоў.

Дарэчы, пра больш падрабязную гісторыю будынка духоўнага вучылішча можна даведацца з кнігі Аркадзя Падліпскага «Вуліца Гогаля, 6».

Новая ратуша

Катлаван пад новы 5-павярховы корпус аблвыканкама (5) з вежай пачалі капаць у 1986 годзе. Адзін з аўтараў праекта Мікалай Рызо расказаў карэспандэнту «Віцебскага рабочага», што ўзвядзенне прыбудовы неабходна, каб размясціць у адным месцы установы і службы аблвыканкама.

Таксама была прадугледжана зала для пасяджэнняў дэпутатаў абласнога Савета, аснашчаная электронна-вылічальнай апаратурай (дагэтуль народныя абраннікі арэндавалі памяшканні). У фае планавалася павесіць пано з выявамі гарадоў Віцебшчыны.

Па словах Мікалая Рызо, вежа да прыбудовы, па-першае, спраектавана па даўняй еўрапейскай традыцыі: дзе месціцца вышэйшая ўлада рэгіёна, там павінна быць ратуша. Па-другое, царква не ўяўляла асаблівай архітэктурнай каштоўнасці і не падлягала аднаўленню. Таму замест былога «вышыннага акцэнту горада» вырашана ўзвесці новую ратушу, будаўніцтва планавалася скончыць у 1990 годзе.

Купал 48-метровай вежы з гадзіннікам аздобілі чырвонай меддзю. Планавалася, што на шпілі з пазалочаным шарыкам будзе лунаць сцяг. Вежу меркавалі выкарыстоўваць і ў турыстычных мэтах, таму абсталявалі пляцоўку для агляду горада (6). Але палюбавацца панарамай горада можна на аналагічнай пляцоўцы на старой ратушы.