Автор: . Дата создания:

Сустэча-прысвячэнне "Васіль Быкаў: знаёмы і незнаёмы" прайшла ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя М.Горкага ў рамках святкавання 100-гадовага юбілею з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі.

Сустэча прайшла пры ўдзеле старшыні Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэта Тамары Красновай-Гусачэнка, кандыдата філалагічных навук, літаратуразнаўцы, аўтара школьных падручнікаў і навучальных дапаможнікаў, паэта Вольгі Русілка і дзіцячага пісьменніка Валянціны Шырынавай, работнікаў бібліятэк, прыхільнікаў творчасці В. Быкава.

Тамара Іванаўна Краснова-Гусачэнка адзначыла актуальнасць твораў Васіля Быкава, які таленавіта і пранікліва пісаў пра Чалавека на вайне. Вольга Іванаўна Русілка падзялілася сваімі ўспамінамі аб знаёмстве і сустрэчах з Васілём Быкавым, пісьменнікам, які адкрыў горкую, поўную драматызму, праўду вайны. Распавяла пра "Быкаўскую аповесць" як асаблівы жанр у літаратуры, пра рэлігійныя матывы ў яго творчасці, пра малавядомы балет Глебава па "Альпійскай баладзе" аўтара, заклікала да чытання і даследавання творчасці вялікага земляка.

Творы Васіля Быкава - урокі мужнасці і подзвігу нашага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны - вывучаюцца падрастаючым пакаленнем у школах краіны.  Пісьменнік атрымаў сусветнае прызнанне дзякуючы ўменню паказаць лёс чалавека ў гады ваеннага ліхалецця, яго проза - лепшы здабытак сусветнай мастацкай літаратуры аб вайне. Быкаў пісаў пра яе народную праўду, тое, што бачыў і перажыў сам, што пачуў ад людзей. Яго літаратурная і грамадская дзейнасць па заслугах была адзначана званнем Героя Сацыялістычнай Працы, ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны I ступені, Дружбы народаў, медалём Францыска Скарыны і іншымі шматлікімі ўзнагародамі.

 

Прэс-цэнтр Віцебскага абласнога аддзялення ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі"