У чацвёрты раз конкурс пад назвай «Цуды майстэрскіх рук» сярод людзей з абмежаванымі магчымасцямі правялі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Міёрскага райвыканкама і ТЦСАН.
– Работы 17 удзельнікаў былі выкананы ў самых розных тэхніках: пляцення, вязання, малявання, паперапластыкі, ганчарства, – расказвае загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Таццяна Шульга. – Сувеніры і побытавыя рэчы, цацкі і карціны зачароўвалі прыгажосцю і якасцю іх вырабу. Дзмітрый Віткоўскі, напрыклад, выставіў чатыры карціны, у якіх перадаў сваё адчуванне прыроды, помнікаў дойлідства і Віцебска часоў Марка Шагала. Соф’я Гуз, якая практычна не бачыць, спляла з бісеру букеты кветак, дзе пераходы фарбаў перададзены настолькі дакладна, што цяжка бывае зрабіць і чалавеку відушчаму.
Журы вызначыла пераможцаў, але не пакінула без падарунка ніводнага ўдзельніка конкурсу.
Фота з адкрытых крыніц.