Ткацтва посцілак у тэхніцы аднабаковага перабору, якое бытуе на тэрыторыі Лепельскага раёна, прызнана гісторыка-культурнай каштоўнасцю нашай краіны. Гэты статус нададзены названаму элементу нематэрыяльнай культурнай спадчыны на Рэспубліканскай навукова-метадычнай радзе па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны Беларусi, якая адбылася 11 жніўня ў Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь.
Ткацтва посцілак у тэхніцы аднабаковага перабору вядома на Лепельшчыне з ХІХ стагоддзя пад мясцовай назвай ”адзіялы накладаныя“. Асаблівасць дадзенага віда ткацтва – накладанне рознакаляровага ўзору на льняное палатно чорнага колеру. Узорныя посцілкі, вырабленыя ў гэтай тэхніцы, стварае майстар Лепельскага цэнтра рамёстваў, народны майстар Беларусі, патомная ткачыха Святлана Залатуха, якая пераняла дадзеную тэхніку ткацтва ў сваёй цёткі Кацярыны Смажэўскай. Яна валодае не толькі гэтым відам ткацтва, але і іншымі: браным, чатырохнітовым, ажурным, падвойным. Мае вучняў, сярод якіх дочкі Алеся і Марыя. Святлана Мікалаеўна разам з калегамі стварае рэканструкцыі тканых рэчаў, робіць уласныя творы на кроснах, навучае дзетак на занятках у гуртках, праводзіць майстар-класы.
У Лепельскім цэнтры рамёстваў 9 ткацкіх станкоў, на якіх ткачыхі перадаюць свой вопыт дзецям. Хлопчыкі і дзяўчынкі з цікаўнасцю авалодваюць рамяством і самастойна могуць працаваць за станком, ствараць тканыя вырабы.
Аб’яднаць людзей, зацікаўленых народнай творчасцю, захаваць самабытную нацыянальную культуру, стварыць ўмовы для вывучэння і адраджэння традыцый – вось галоўная мэта майстроў.
На дадзены момант 19 элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Віцебскай вобласці ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.
Надзея Уліновіч, намеснік дырэктара Віцебскага АМЦНТ