Автор: . Дата создания:

Літаратурнай прэміяй імя Петруся Броўкі Віцебскага аблвыканкама за 2015 год узнагароджаны трое членаў абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Іх уганараванне адбылося 28 красавіка ў віцебскай гарадской бібліятэцы імя М. Горкага.

Маіна Бабарыка, Віктар Улюценка і Кацярына Сосна.

У намінацыі “Проза (у тым ліку публіцыстыка і драматургія)” прэмію атрымаў шумілінскі пісьменнік-краязнаўца Антон Параскевін (у свеце – Віктар Улюценка).

З намінантаў-паэтаў пераможцай прызнана ганаровы член СПБ, кіраўнік народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак” Шаркаўшчынскага РДК Кацярына Сосна.

А ў катэгорыі “Літаратура для дзяцей” журы адзначыла творчасць ганаровага члена СПБ Маіны Бабарыкі з Віцебска.

У кожнага з іх на літаратурным рахунку ёсць па некалькі выданняў. З поспехам на творчай ніве новаспечаных лаўрэатаў павіншавалі старшыня камісіі па прызначэнні прэміі, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Ларыса Аленская, старшыня абласнога аддзялення СПБ Тамара Краснова-Гусачэнка, члены клуба “Планета дзяцінства” з гарадской бібілятэкі імя Якуба Коласа і іншыя ўдзельнікі ўрачыстасці.

Абласная літаратурная прэмія імя Петруся Броўкі, заснаваная ў 2012 годзе, – яскравае сведчанне захавання Віцебшчынай памяці пра земляка-класіка і падтрымкі яго сучасных паслядоўнікаў на ніве прыгожага пісьменства. Яе лаўрэатамі сталі ўжо 12 аўтараў.

Фота Дзмітрыя Осіпава.