Автор: . Дата создания:

У мінулую суботу ў вёсцы Алашкі Шаркаўшчынскага раёна прайшло, яркае абласное свята аматарскіх аб’яднанняў «Яблычны фэст», прысвечанае Году малой радзімы.

На творчую сустрэчу ў старым яблычным садзе прыехалі ўдзельнікі калектываў нацыянальнай кухні, аматарскіх аб’яднанняў садаводаў, кветкаводаў, тэатраў мод, клубаў здаровага ладу жыцця з 14 раёнаў Віцебшчыны. Адпачываючы пад разгалінаванымі дрэвамі, якія хіліліся долу пад наліўнымі спелымі яблыкамі, яны абменьваліся вопытам,  спявалі, танцавалі і частавалі прысутных духмянымі стравамі, якія прыгатавалі па даўніх рэцэптах.

Сярод ганаровых гасцей фэсту былі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Сяргей Зямчонак, консул, кіраўнік Консульства Латвійскай Рэспублікі ў Віцебску Угіс Скуя, намеснік старшыні Глыбоцкага райвыканкама Алег Варша, намеснік дырэктара Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра Зоя Гукава, а таксама ўнук вядомага садавода-селекцыянера Івана Сікоры, у садзе якога і ладзілася свята, — Пётр Сікора.

Беларускі Мічурын

Менавіта так многія называюць жыхара вёскі Малыя Алашкі, садавода-селекцыянера Івана Сікору, які прысвяціў жыццё любімай справе, пакінуў пасля сябе багатую спадчыну.

У мемарыяльным музеі Івана Сікоры,  заснаваным у Алашках 30 гадоў таму, сабраны матэрыялы пра жыццё і навуковую дзейнасць земляка, перапіску з Львом Талстым, Міхаілам Прышвіным. Захавалася і родная сядзіба Івана Паўлавіча.

За сваё жыццё садавод вывеў сотні гатункаў яблынь, груш. Вырошчваў ляшчыну, ружы, вінаград, парэчкі, агрэст, дэкаратыўныя расліны. Адным з першых у Еўропе распрацаваў метады лячэння і амаладжэння пладовых дрэў. У садзе Сікоры быў створаны Паўночны апорны пункт Беларускага навукова-даследчага інстытута бульбаводства, садаводства і агародніцтва.

Прыемна, што з кожным годам фэст становіцца ўсё больш папулярным, пашырае межы супрацоўніцтва з рознымі рэгіёнамі – адзначыў на урачыстым адкрыцці свята намеснік старшыні Шаркаўшчынскага райвыканкама Юрый Васілеўскі.

Сімвалічна, что праходзіць фэст падчас праваслаўнага свята, якое ў народзе называюць «Яблычны Спас». У праграме творчай сустрэчы – асвячэнне яблык, частаванне яблычным пірагом.

Ля гібрыднага саду Івана Паўлавіча чатыры гады таму быў устаноўлены яблык вялікіх памераў. Скульптура «Памяці Сікоры», названая ў гонар аднайменнага гатунку, – заклік да будучых пакаленняў шанаваць прыроду, памятаць і ганарыцца гісторыяй свайго краю.

Асаблівыя падарункі

Праграма абласнога фэсту была вельмі насычанай. Пакуль творчыя калектывы дэманстравалі свае здольнасці, алашкаўскія дзяўчаты зварылі «Сікораўскае варэнне» – сімвал сяброўства ўдзельнікаў свята. Госці прывезлі сваю садавіну і гародніну. Сабраўшы ўсё гэта ў адзін кошык, майстрыцы прыгатавалі лепшы ласунак жніўня з пажаданнямі ўсім моцнага здароўя, доўгай маладосці, багатага ўраджаю, шчаслівага жыцця.

Увесь дзень у вёсцы працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі, у тым ліку музычна-гульнёвая, дзіцячая, спартыўна-цыркавая, тэатральная. У садзе быў арганізаваны майстар-клас па бытавых танцах. Удзельніцы народнага клуба нацыянальнай кухні «Груца» з аграгарадка Радзюкі Шаркаўшчынскага раёна частавалі ўсіх духмянай выпечкай, фірменнымі блінамі, спечанымі на калодзе.

Кожны жадаючы мог адпачыць у «БібліяДвары», паглядзець выставу творчых работ навучэнцаў мастацкага аддзялення Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў.

На абласны фэст у Алашкі прыехалі 23 калектывы з розных куточкаў Віцебшчыны, і кожны прывёз на свята асаблівы падарунак. Напрыклад, вакальная жаночая група «Падсвільчанка» з Глыбоцкага раёна падрыхтавала тэатралізавана-музычны канцэрт. Удзельнікі народнага літаратурна-музычнага аб’яднання «Світанак» Шаркаўшчынскага раённага Дома культуры прадэманстравалі паэтычныя творы і песні, а тэатр мод «Натхненне» Бягомльскай дзіцячай школы мастацтваў Докшыцкага раёна – святочнае дэфіле.

Самадзейныя калектывы выступалі на сцэне, прымалі ўдзел у арганізаванай на «Яблычнай алеі» выставе-прэзентацыі творчай дзейнасці, прысвечанай Году малой радзімы. Напрыклад, Расонскі раён на свяце прадстаўляў народны клуб аматараў народнай песні «Вечарына» Клясціцкага сельскага Дома культуры. Удзельнікі народнага клуба нацыянальнай кухні і гульні «Шчадроўка» Цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці Докшыцкага раёна запрашалі пачаставацца іх прысмакамі, прыгатаванымі па старадаўніх рэцэптах.

Народнае аматарскае аб’яднанне «Жаночыя сакрэты» Вусценскай сельскай бібліятэкі Аршанскага раёна прывезлі ў Алашкі шмат смачных страў, а таксама закуску, зробленую па старадаўнім рэцэпце з хрэну, часнаку і яблыкаў.

 Кіраўнік клуба нацыянальнай кухні, гульні і фальклору «Палымяначка» з Сенненскага раёна Алена Харчанка запрашала паспытаць крамбамбулю, качку з яблыкамі.

– Фэст у Алашках непаўторны, – адзначае намеснік дырэктара Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра Зоя Гукава. – Праводзіцца ён далёка ад шумных магістраляў, вялікіх вёсак і пасёлкаў. Тым не меньш збірае шмат шаркаўчан, гасцей з суседніх раёнаў, членаў аматарскіх аб’яднанняў.

Членам журы было складана вызначыць сярод іх найбольш здольных і таленавітых. Гран-пры атрымаў народны клуб здаровага ладу жыцця «Пралеска» Полацкага гарадскога цэнтра культуры.

Свята прадоўжыла тэатралізаваная праграма увечары ў Шаркаўшчыне ладзілі вечарыну для моладзі з удзелам вакальна-інструментальнага ансамбля Cotton Buds з Докшыц. Пасля конкурсу эстраднай песні шаркаўчан і гасцей гарпасёлка запрасілі на святочную дыскатэку.

Фота Дзіяны БЕРНІКОВІЧ