1 верасня вучняў Навасёлкаўскай школы, што на Пастаўшчыне, чакае сюрпрыз. У іх будынку летам па ініцыятыве старшыні сельвыканкама Канстанціна Мядзведзева і педагогаў абсталявалі музей зямлячкі члена Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, вядомай на Віцебшчыне вышывальшчыцы Ліліі Зарэцкай.
Майстрыца за сваё жыццё стварыла сотні ўнікальных работ. Штосьці захоўваецца ў раённым Доме рамёстваў, многа разыйшлося па свеце, але нямала засталося і ў асабістай калекцыі Ліліі Радзівонаўны. Каб іх маглі бачыць вучні, мясцовыя жыхары і іх госці і вырашылі ў Навасёлках стварыць музей-выставу. На ёй сабралі карціны, дываны, ручнікі, падушачкі, шматлікія дыпломы, граматы і ўдзячнасці, якімі была адзначана вышывальшчыца і яе творчасць.
--Тут сабраны мае першыя і найлепшыя работы,-- кажа Лілія Зарэцкая.
Музей стаў другім праектам, сумесна рэалізаваным мясцовай уладай і навучальнай установай. Некалькі год назад разам яны сабралі матэрыялы і аформілі экспазіцыю, прысвечаную землякам, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны, гісторыі Навасёлак, калгаса імя Суворава і яго кіраўніка Алега Валодзькі. Дзякуючы гэтым двум выставам вучні могуць больш глыбока пазнаваць свой край і яго людзей.