На тры дні Полацк ператварыўся ў тэатральную сталіцу. Тут ужо ў шосты раз прайшоў фестываль «УMOЎNО». Праект не мае аналагаў у Беларусі і займае дастойнае месца ў культурным жыцці краіны.
У гэтым сезоне сваю творчасць прадставілі калектывы з Мінска, Віцебска, Уфы, Петразаводска, Жодзіна, Наваполацка і Полацка. Аматары тэатру змаглі ацаніць дзесяць разнажанравых спектакляў.
А пачаўся фестываль у Цэнтры кітайскай мовы і культуры Полацкага дзяржуніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай, дзе адбыўся тэлемост паміж дзеячамі мастацтва і культуры Беларусі, прадстаўнікамі мясцовай улады Полацкага района і г. Муданьцзян (КНР).
Падчас трансляцыі кітайскія студэнты ПДУ прадставілі эксперыментальны праект – дэкламацыю «Я кахаю цябе, Кітай» (рэжысёра Лю Бін з горада Муданьцзян).
Важнай падзеяй, якая садзейнічае ўмацаванню культурных сувязей паміж народамі, назваў полацкі фестываль міністр культуры Беларусі Руслан Чарнецкі. Яго прывітальны адрас зачытаў на ўрачыстым адкрыцці намеснік старшыні Полацкага райвыканкама Сяргей Лейчанка.
«Фестываль « УMOЎNО» – гэта дыялог культур, пакаленняў, ідэй. Гэта магчымасць пачуць адзін аднаго, убачыць свет вачыма другога, – гаворылася ў звароце міністра.
Праграма фестывальных дзён была насычанай і разнастайнай, кожны мог знайсці сабе пастаноўку па душы і атрымаць асалоду ад гульні акцёраў.
Пастаноўка «Мы з будучыні» студэнцкага тэатра Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў здзівіла паваротамі лёсу герояў, якія прымусілі іх паглядзець інакш на свае жыццёвыя каштоўнасці і адносіны да гісторыі. Паэтычны спектакль «Рождественский. Ступени» народнага драматычнага тэатра «Время» з г. Наваполацка запрасіў гледачоў пагрузіцца ў свет аднаго з яркіх паэтаў XX стагоддзя, чые творы пра вайну, каханне, музыку, Радзіму закранаюць глыбокія струны чалавечай душы. Харэаграфічны спектакль паводле твора М.В. Гогаля «Шынель» Заслужанага аматарскага калектыву рэспублікі Беларусь Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра г. Мінска уразіў пластыкай і выразнасцю вобразаў.
Спектакль «Ромер і Джульета. Версія хоку» тэатра-студыі «Апярэнне» Канстанціна Хабенскага (г. Уфа) дазволіў гледачам пагрузіцца ў гісторыю, дзе целы гавораць гучней за словы, а вечнасць змяшчаецца ў адно імгненне пад квітнеючымі вішнямі. Народны тэатр гістарычнага касцюма «Полацкі звяз» выступіў са спектаклем «Стол». «Трагікамедыя» па матывах «Маленькіх трагедый» А.С. Пушкіна Маладзёжнага тэатра «Кола» (г. Віцебск) стала адлюстраваннем дзвюх п'ес «Моцарт і Сальеры» і «Скупы рыцар». А вось спектакль «Снег» Уфімскага дзяржаўнага татарскага тэатра «Нур» прагучаў на татарскай мове.
Акрамя гэтага на сцэне Полацкага гарадскога Палаца культуры са спектаклем «Васіль і Ганна» паводле трылогіі Івана Мележа «Людзі на балоце» выступіў народны маладзёжны тэатр «Штурх» г. Жодзіна. Быў у межах фестывалю прадстаўлены спектакль «Аліса» тэатра-студыі «Ракета», г. Мінск. Гэта музычная фантазія паводле казак Люіса Кэрала «Аліса ў краіне цудаў» і «Аліса ў залюстроўі». Апошні спектакль «Казка пра цара Салтана» акцёрскага клуба «Асаблівы» з Петразаводска.
У завяршэнні трохдзеннай праграмы ўсе калектывы атрымалі эксклюзіўныя статуэткі ўдзельнікаў фестываля.
За час правядзення фестывалю ў Полацку выступіла больш за 40 калектываў з 6 краін свету, было паказана больш за 50 спектакляў.
Фота «Полацкага весніка».