Автор: . Дата создания:

Прэзентацыя кнігі «Малой радзіме нашай: Шаркаўшчыне — 515» стала адной з яскравых культурных падзей рэгіёна. Да юбілею райцэнтра выдаць кнігу не паспелі, знаёмства з лепшымі творамі, якія ўслаўляюць прыгажосць роднага краю, адклалі да святкавання 80-годдзя раёна.

 

– Абодва гэтыя святы для нас важныя, галоўнае, што ўдалося скончыць распачатую справу, – адзначае кіраўнік народнага літаратурна-музычнага аб'яднання «Світанак» Ала Міхайлава. – Ідэя стварэння кнігі, аб'ём якой перавышае некалькі сотняў старонак, належыла былому кіраўніку нашага аб'яднання Кацярыне Сосне. Таленавітая, разумная, энергічная, у яе заўсёды было шмат цікавых ідэй. Гэты калектыўны зборнік быў для яе вельмі важны. Яна актыўна працавала з мясцовымі аўтарамі, збірала іх творы, давала парады, рабіла заўвагі. Калі яе не стала, шаркаўчане палічылі сваім абавязкам завяршыць пачатую справу. Асноўны клопат лёг на плечы паэта Віктара Лагуна, які і выдаў кнігу за ўласныя сродкі.

У кнізе прадстаўлены творы 17 паэтаў і празаікаў Шаркаўшчынскага раёна. Некаторыя аўтары па просьбе Кацярыны Сосны напісалі творчыя аўтабіяграфіі, зрабіўшы акцэнт на тым, чаму яны вырашылі сваё жыццё прысвяціць родным мясцінам. Прадмова «Любіць сэрцам свой край», напісаная Кацярынай Мар'янаўнай, раскрывае галоўную думку сумеснай працы.

– На мой погляд, гэта лепшы падарунак да юбілею, – працягвае Ала Уладзіміраўна. – Пройдуць гады, але ніколі не страцяць актуальнасці з любоўю напісаныя радкі. Прынамсі, гэты зборнік – трэцяя кніга шаркаўчан, выдадзеная за апошнія пяць месяцаў.

Фота носіць ілюстрацыйны характар.