Автор: . Дата создания:

Наўрад ці ведаў у дзяцінстве вясковы хлопчык Гена Гайдук з Міншчыны, што такое тэатр і што сабой уяўляе прафесія артыста. Але хацелася яшчэ ў тыя, школьныя гады наладжваць розныя сцэнкі і мініяцюры, быць публічнай асобай. Гэта і вызначыла выбар жыццёвага шляху. У тэатральна-мастацкі інстытут паступаў двойчы: толькі на другі раз патрапіў на курс выдатнага педагога Аляксандра Бутакова, які для многіх студэнтаў быў другім бацькам. У настаўнікаў юнак засвоіў асновы майстэрства, але сапраўдным акцёрам стаў, ужо трапіўшы на коласаўскую сцэну.

Сёння хочацца ўспомніць яго наіўнага, па-дзіцячы непасрэднага, закаханага ў медсястру Лідку салдата Лёньку-Адуванчыка з дудараўскіх «Радавых» – адну з першых цэнтральных роляў Генадзя Гайдука. Пасля была цэлая галерэя буйных і эпізадычных вобразаў, якія ён стварыў на сваім вялікім творчым шляху. Ролі самага шырокага дыяпазону – лірычныя, казачныя, камедыйныя, драматычныя. Але калі вызначаць сутнасць яго акцёрскай індывідуальнасці, то гэта, бадай, вострая характарнасць з ноткамі з’едлівай іроніі. У тэатры Генадзь Іосіфавіч быў заўсёды загружаны, творчага прастою не ведаў, хоць далёка не ўсе работы прыносілі сапраўднае задавальненне.

Найбольшую папулярнасць, цёплыя водгукі сярод крытыкаў і гледачоў набыў вобраз Марка Шагала.

З гэтым спектаклем тэатр аб’ехаў мноства краін: Вялікабрытанію, ЗША, Францыю, Італію, Польшчу, Малдову, Расію, Літву, Латвію. На Міжнародным фестывалі ў Эдынбургу (Шатландыя) ён атрымаў Гран-пры. Артысту давялося паказаць славутага мастака ў розныя перыяды яго жыцця. Спектакль быў пабудаваны такім чынам, што Марк бачыць малюнкі свайго віцебскага жыцця быццам праз прызму ўласнай свядомасці. Першае ў жыцці юнацкае захапленне – Волечка, каханне да Бэлы, развітанне з роднымі і, вядома ж, Віцебск – самы дарагі для яго горад, улюбёная, ды, на жаль, пакінутая ім радзіма, якая прыходзіць у снах, вершах, малюнках, непазбыўнай настальгіі.

Працуючы над вобразам славутага фізіка Эйнштэйна ў спектаклі «Прывітанне, Альберт!», артыст перачытаў многа кніг, сядзеў у інтэрнэце, затое лепш за ўсіх у тэатры ведаў тэорыю адноснасці і мог растлумачыць, што такое фатоны і кванты.

Яго здольнасці драматычнага артыста раскрыліся ў ролях Пата Дулі ў «Каралеве прыгажосці з Лінэна», Віктара ў «Восеньскай санаце», Толі ў «Пахавайце мяне за плінтусам». Цікава, што нават у камедыйных пастаноўках апошніх гадоў – «Доктар філасофіі» (Благае), «Дурнічка» (Турын), «Бальніца на краі свету» (Дзед) ды іншых артыст не захапляецца абыгрываннем камічных сітуацый, ён спрабуе зразумець чалавека, вобраз якога стварае, логіку яго паводзін. Пад маскай клоўна артыст заўсёды выяўляе драматызм.

У 2002 годзе Генадзь Гайдук арганізаваў пры Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя Машэрава студэнцкі тэатр «Аўтограф».

Ён існаваў шэсць гадоў, спектаклі ставіліся выключна на беларускай мове. За гэты час былі выпушчаны вельмі цікавыя эксперыментальныя пастаноўкі, якія мелі вялікі розгалас сярод студэнтаў і выкладчыкаў. Генадзь Іосіфавіч літаральна разрываўся паміж рэпетыцыямі і спектаклямі на дзвюх творчых пляцоўках. На жаль, давялося сысці.

У вольны час артыст любіць складаць вершы, іншым разам перакладае цікавыя яму творы на беларускую мову. Як прыклад, дзіцячая п’еса «Казявачка», якая і зараз знаходзіцца ў рэпертуары.

Хочацца пажадаць артысту творчага гарэння, натхнення, узнёсласці, новых цікавых роляў, шчасця ў асабістым жыцці, выдатнага настрою, моцнага здароўя і трываласці на доўгія гады!

Юрый Іваноўскі, літаратурны рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Фота з архiва тэатра.