Вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа Зінаіда Гурбо адзначае свой юбілей – 75-я ўгодкі з дня нараджэння.
Адной з прадстаўніц старэйшага пакалення коласаўцаў давялося працаваць поруч з сапраўднымі карыфеямі тэатра. Таму размеркаванне сюды пасля заканчэння ў 1965 годзе Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута яна лічыць падарункам лёсу.
Першай буйной роляй на коласаўскай сцэне стала нямецкая дзяўчына Брунгільда ў антыфашысцкім спектаклі “Гарачае лета ў Берліне” паводле вельмі папулярнага ў тыя часы рамана аўстралійскай пісьменніцы Д. К’юсак. А ў спектаклі “Кастусь Каліноўскі” па п’есе У. Караткевіча яна ўвасабляла вобраз Беларусі. У пралогу трагедыі на сцэну выходзіла жанчына ў чорным і звярталася да гледача з палымяным, напоўненым глыбокім унутраным болем маналогам. Яе з’яўленне ў спектаклі выразна падкрэслівала яго жанравую своеасаблівасць і надавала ўсяму твору філасофска-абагульнены змест.
Па сваіх акцёрскіх дадзеных – строгай постаці, выразнаму, багатаму па тэмбры голасу, Зінаіда Гурбо – сацыяльная гераіня. Мабыць, таму ёй давялося сыграць шмат моцных, валявых жанчын. Але іншым разам актрысе ўдавалася паказаць безабароннасць, неўладкаванасць, прагу да простага сямейнага шчасця сваіх гераінь. Такой была параўнальна нядаўняя работа актрысы ў “Маленькім свеце”.
Роля Бернарды Альбы ў сумесным беларуска-балгарскім праекце “Дом Бернарды Альбы” – мабыць, той вобраз, да якога актрыса iшла жыццё. Спектакль атрымаўся цікавым. Дзеянне адбывалася на амаль пустой сцэне, і гэта вымагала ад артыстаў асаблівай аддачы, канцэнтрацыі ўсіх унутраных магчымасцей, умелага размеркавання сваіх сіл, эмоцый, энергіі.
“Незагойная рана” – самастойная работа актрысы. Гэты монаспектакль увайшоў у рэпертуар тэатра, ён складаецца з трох навел: “Незагойнай раны” па апавяданнi народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава, “Memento mori” – па аднайменным аповедзе Янкі Брыля i “Балады пра смяротнікаў” яшчэ аднаго нашага класiка Уладзіміра Караткевіча. Зінаіда Гурбо трымае, зараджае энергетыкай, эмацыйнай напругай глядзельную залу. Не пакідае ўражанне, што за адной фігурай, за адной абагульненай выявай узнікаюць многія іншыя, чые лёсы, душы, сэрцы спапяліла вайна. У снежні мінулага года монаспектакль “Незагойная рана” прыняў удзел у Міжнародным тэатральным фестывалі «Театральное вече», прысвечаным 75-годдзю вызвалення Вялікага Ноўгарада (Расія) ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Работа актрысы атрымала самую высокую ацэнку крытыкаў і гледачоў.
У апошнія сезоны Зінаіда Міхайлаўна сыграла Бабу Ягу, Барабулю, Мыш у дзіцячых спектаклях. У дарослым рэпертуары давялося сустрэцца з горкаўскім вобразам нянькі Фядоссі ў “Апошніх”, Сэліi ў меладраме “Скрыпкі часам вядуць да вар’яцтва” па п’есе Франсуазы Саган, якiя патрабуюць ад выканаўцы вельмі праўдзівага і дакладнага сцэнічнага існавання.
Хочацца яшчэ адзначыць чалавечыя якасці Зінаіды Міхайлаўны, сапраўдную інтэлігентнасць, тактоўнасць, стрыманасць, добрыя ўважлівыя адносіны да сваіх калег у спалучэнні з пачуццём уласнай годнасці.
Юрый Іваноўскі, літаратурны рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа.