Кожную восень цэнтр рамёстваў ладзіць у гарадскім парку фестываль “Вераснёвая палітра”. Гэта своеасаблівы агляд вынікаў дзейнасці шматлікіх аматарскіх аб’яднанняў, што займаюцца адраджэннем традыцый нацыянальнай культуры.
Сёлета дэманстрацыя самабытных талентаў прайшла пад знакам Багача – старажытнага сімвала дабрабыту, заможнасці, шчасця і сямейнага ладу.
- Для нас гэтае свята мае вялікі сэнс, і пад яго апякунствам “Вераснёвая палітра” зможа зазіхацець новымі фарбамі, - сказала дырэктар цэнтра Кацярына Фядотава.
Нашы продкі адзначалі Багач пасля завяршэння палявых работ і збору ўраджаю. Каб захаваць плён, выконвалі шэраг магічных абрадавых дзеянняў. Напрыклад, асвячалі лубок з жытам і абносілі ім усю вёску, абсыпаючы людзей і жывёлу зернем. Такі сімвалічны рытуал здзейснілі і новапалачане. А затым у парку гучала старадаўняя музыка, працаваў тэатр “Батлейка”, дзейнічала пляцоўка сярэднявечнай культуры, дзе можна было пазнаёміцца з прадстаўнікамі папулярнага ў Беларусі рыцарскага руху.
- Нам цікава вывучаць гісторыю і рабіць нешта сваімі рукамі: займацца рэканструкцыяй вайсковага рыштунку, адзення, побытавых рэчаў XIV-XV стагоддзяў, - патлумачылі сваё захапленне маладыя людзі з гістарычнага клуба “Чорны война”.
Удзельнікі народнага калектыву “Княжыч”, што працуе пры наваполацкім цэнтры традыцыйнай культуры ўжо 18 год, захапляюцца вывучэннем архаічных беларускіх спеваў і цудоўна іх выконваюць. Гэтым разам яны ўзмацнілі свой склад, запрасіўшы на свята сяброў з віцебскага гурта “Паўночная сухадроўка” пад кіраўніцтвам Святланы Чакушка, якая падчас вучобы ў Полацкім дзяржуніверсітэце сама спявала ў “Княжычы”.
Яшчэ адзін цікавы госць “Вераснёвай палітры” - музыка і гаспадар аграсядзібы “Поўсвіж” пад Лепелем Васіль Шкіндзер - расказаў, як аднаўленне самабытных нацыянальных традыцый дапамагае прывабліваць турыстаў. Для сваіх гасцей Васіль Аляксандравіч ладзіць мастацка-рамесныя фестывалі, рыхтуе адмысловыя святочныя праграмы з выступленнем фальклорных гуртоў і майстар-класамі па вывучэнні беларускіх танцаў. А сам на гэтых святах іграе на дудзе – адным з самых старажытных беларускіх музычных інструментаў, што, па словах знаўцаў, валодае магічнай сілай.
Адчуць гэтую магію давялося і ўдзельнікам абрада “Вясельны збаночак”, што ўпрыгожыў праграму фестываля. Умацаваць свой шлюб па законах народных традыцый вырашылі дзве пары: Любоў і Максім Дзямешкі, Надзея і Аляксандр Дашчонкі.
Спачатку маладых перавязалі ручніком – каб і муха не праляцела паміж імі, затым тры разы абвялі вакол стала – каб жыццё было доўгім і шчаслівым, а далей садзілі на кажух, варажылі на дзяцей, частавалі, дарылі ў якасці сямейнага абярэга ляльку-неразлучніцу. Галоўным сюрпрызам стала незабыўнае дзейства, падчас якога майстар па кераміцы Кацярына Усовіч вылепіла на вачах ў зачараванай публікі гліняны збаночак. Чатыры стыхіі – зямля, агонь, вада і паветра – цяпер будуць ахоўваць каханне маладых людей, а на памяць пра падзею застануцца іх імёны, напісаныя на збанку. Аналагічны рытуал супрацоўнікі цэнтра рамёстваў традыцыйнай культуры могуць па замове выканаць у любы час.