Автор: . Дата создания:

Міжнародны фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”  у чарговы раз пацвердзіў , што з’яўляецца па-сапраўднаму народным, што прапіска яго на пастаўскай зямлі трывалая, што год ад году ён узмацняе свой аўтарытэт, пашырае кола прыхільнікаў.

Добры старт даў народнаму гулянню шырокі размах у наступныя дні. У суботу свята пачалося прэс-канферэнцыяй з кіраўнікамі дэлегацый, членамі журы і аргкамітэта, прадстаўнікамі СМI. Сёлета гасцей было менш і прычына таму вядомая – цяжкасці з перамяшчэннем праз дзяржаўную мяжу па прычыне пандэміі. Але той, хто не змог прыехаць, прыслалі яго ўдзельнікам свае відэапрывітанні з пажаданнем творчых поспехаў і ўпэўненасцю, што на наступны год усе яны зноў збяруцца разам. Пра раён, культурныя традыцыі краю, 30-гадовую гісторыю фестывалю, у якім бралі ўдзел творчыя калектывы з 20 краін блізкага і далёкага замежжа, расказаў прысутным старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік. Са словамі прывітання да прысутных звярнуліся першы сакратар пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Раман Хасіеў, народны артыст Беларусі Яўген Гладкоў, а таксама  аўтар праекта і ініцыятар правядзення фестываляў на Пастаўшчыне Тадэуш Стружэцкі.

Сярод шаноўных гасцей музычнага свята  былі старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры РБ Ірына Карповіч, начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Пётр Падгурскі, пасол Францыі ў Рэспубліцыв Беларусь Нікаля дэ Буйан дэ Лакост.

 Пакуль у райвыканкаме ішла прэс-канферэнцыя,  на цэнтральнай плошчы закіпела фестывальнае жыццё. Свае работы выстаўлялі  лепшыя рамеснікі вобласці, адчыняліся дзверы сялянскіх падворкаў, гаспадары якіх здзіўлялі наведвальнікаў палетам фантазіі пры афармленні “памяшкання”, жартамі, песнямі і, вядома ж, стравамі.

А ў Доме культуры чакалі выхаду на сцэну шматлікія самадзейныя калектывы, якія прыслалі ўсе вобласці нашай краіны, а таксама Асацыяцыя карэйцаў у Беларусі, замежныя студэнты, што вучацца ва ўніверсітэце імя Машэрава. Забягаючы наперад трэба сказаць, што іх выступленні былі яркімі, яшчэ раз прадэманстрвалі, што нягледзячы на  нацыянальныя фарбы культур Карэі, Кітая, Туркменіі музыка яднае народы.

Традыцыйны конкурс “Хто каго?” сабраў  не адзін дзясятак выканаўцаў. Адзін аднаго змянялі цымбалісты, ансамблі, спевакі, якія сапернічалі ў майстэрстве ігры на народных інструментах і выкананні прыпевак.  Журы, у складзе якога былі вядомыя ў краіне дзеячы культуры, няпроста было выбіраць лепшых з лепшых. А гледачам падабаліся ўсе: і зусім юныя выканаўцы, для якіх фестывальны конкурс быў першым у жыцці, і добра вядомыя калектывы. Зала ўзрывалася апладысментамі пасля выступлення народныга інструментальнага ансамбля “Бон-Тон”  Мірнаўскай дзіцячай школы мастацтваў Баранавіцкага раёна, ансамбля “Заманіха” з Полацка, ансамбля “Стрэчанне” Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода, цымбальнага аркестра “Ліра” з Міншчыны…

Сваёй творчасцю госці і гаспадары парадавалі гледачоў і на цырымоніі ўрачыстага адкрыцця Фестывалю, у час якога прагучала шмат цёплых слоў ад прадстаўнікоў Міністэрства культуры, абласной і раённай улад.

Усім яго ўдзельнікам прыслалі свае прывітанні Міністр культуры РБ Анатолій Маркевіч, якія агучыла Ірына Карповіч. старшыня абласнога выканаўчага камітэта Мікалай Шарснёў і старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў. У прывітальным лісце кіраўнікоў Віцебшчыны, ад імя якіх прысутных вітаў старшыня абласнога Савета  дэутатаў, у прыватнасці, гаварылася: “Сёлетні фестываль праходзіць у год, абвешчаны ў нашай краіне Годам народнага адзінства. Дзякуючы народнай музычнай культуры і мастацтву людзі адчуваюць сувязь са сваёй гісторыяй, пераймаюць закладзеныя продкамі маральныя асновы, перадаюць іх маладому пакаленню”.

Гэта думка знайшла прадаўжэнне ў прывітальным слове старшыні райвыканкама Сяргея Чэпіка:

--Упэўнены, -- скажа ён,-- што мастацтва, музыка і народная творчасць аб'ядноўваюць сэрцы людзей лепш за любыя палітычныя і эканамічныя альянсы. Хай правядзенне гэтага фестывалю паслужыць справе ўмацавання высокіх духоўных і культурных каштоўнасцяў.

Нават моцны, але, на шчасце, кароткі дождж не напалохаў гледачоў. Прайшлі традыцыйныя прадстаўленні дэлегацый і калектываў,  абрад кумавання, музычна-тэатралізаванае прадстаўленне “Пастаўскі баль”, вогненнае шоу і святочны феерверк.

У нядзелю горад зноў акунуўся  ў атмасферу свята. На плошчы імя Леніна іграў ваенны духавы аркестр, у касцёле  аматары  беларускай і класічнай музыкі слухалі канцэрт  акадэмічнага народнага аркестра РБ імя І.Жыновіча, працавала творчай лабараторыя , майстар- клас.  Апошнімі гукамі  свята стаў гала-канцэрт удзельнікаў фестывалю. Усе мерапрыемствы былі аб’яднанны адной тэмай: любові да Айчыны, да роднага краю, адзінства народа ў стваральным руху наперад. Гэта адзінства пастаўчане і іх госці дэманстравалі кожным словам, песняй і музыкай, якія ўтварылі прыгожы вянок з кветак роднай народнай   культуры.

Фото автора