Автор: . Дата создания:

Перш, чым распавесці пра Жанну Уладзіміраўну і яе дасягненні, згадаем, што ў вясковым побыце пераважна заходніх рэгіёнаў Беларусі маляванка была папулярнай у сярэдзіне мінулага стагоддзя.

Пасля таго, як Язэп Драздовіч з Дзісеншчыны і Алена Кіш са Случчыны – айчынныя першапраходцы так званага інсітнага (наіўнага) мастацтва або казачнага рэалізму – трагічна сышлі ў іншы свет, нейкі час іх паслядоўнікі не давалі знікнуць маляваным дыванам з сялянскага ўжытку. Аднак рэаліі ўнеслі свае бязлітасныя карэктывы, і вясёлкавы, жыццярадасны жанр дэкаратыўна-прыкладной творчасці пакрысе змізарнеў. Як сказаў бы сам Язэп Нарцызавіч, “на вялікі жаль, цаніцеляў на ўсё гэта не хапала”. Толькі дзякуючы сучасным знаўцам, якія разумеюць прыгажосць і сапраўдную каштоўнасць такіх дываноў, нешматлікія творчыя ўзоры ад карыфеяў маляванкі, цудам ацалелыя дзе-небудзь на паддашках або ў бабульчыных куфэрках, упрыгожылі музейныя экспазіцыі і цешаць вока аматараў. А яшчэ сталі імпульсам для Дамоў рамёстваў, народных майстроў да вяртання адмысловага, але незаслужана забытага ўпрыгожання інтэр’ераў. Традыцыйнае мастацтва маляваных дываноў Віцебскага Паазер’я – колішняй Дзісеншчыны (Глыбоцкага, Шаркаўшчынскага, часткова Міёрскага і Докшыцкага раёнаў) – прызнана гістарычна-культурнай каштоўнасцю Беларусі.

Адгукнулася рэха гэтай мастацкай з’явы і на супрацьлеглым баку вобласці – Лёзненшчыне, дзе маляванка нехарактэрны занятак і хатні дэкор. Першымі зацікавіліся Жанна Ільюшкіна з Ірынай Церашковай, даўнія сяброўкі і былыя каляжанкі па Дому рамёстваў. Іх працы адрозніваюцца стылем, сюжэтамі. Агульным плёнам стала прымеркаваная да II Еўрапейскіх гульняў персанальная выстава “Маляваныя сны” у дзвюх залах мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” Палаца Рэспублікі. Творчы ўзровень лёзненскіх майстрыц высока адзначыў загадчык кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, доктар мастацтвазнаўства, прафесар Рыгор Шаура. Экспазіцыя, дзе ў асноўным былі маляванкі Жанны Уладзіміраўны, доўжылася каля трох тыдняў, яе ўбачылі шмат наведвальнікаў.

Ствараць маляванкі Жанна Ільюшкіна пачала ў 2013-м. Старт быў удалы, бо ў наступным годзе яна з невялікай калекцыяй атрымала першую прэмію ў намінацыі “Роспіс на тканіне” (маляванка) на міжнародным свяце-конкурсе майстроў традыцыйнага і сучаснага мастацтва роспісу “Фарбы нябёсаў” у межах XXIII фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”. Уступіла ў Саюз майстроў Беларусі.

 – Маляванка адпавядае майму характару, светаўспрыманню. Падчас працы ў Доме рамёстваў мастаком, кіраўніком клуба народных майстроў я шмат часу аддавала даследчай працы, пошуку даўніны. Так з’явіліся маляванкі, навеяныя паданнямі пра русалак, цмокаў. Персанажамі іншых сталі пеўні, мае хатнія коткі Лёва і Клёпа, іншыя прадстаўнікі флоры і фаўны. Малюю ў кватэры, на канікулах, у вольныя, калі надарыцца такое, выхадныя, – распавядае Жанна Ільюшкіна.

Характэрная асаблівасць яе маляванак, па якой іх таксама вылучаюць знаўцы, – фірменная аздоба: у якасці арнамента, акантоўкі Жанна Уладзіміраўна выкарыстоўвае набойку ўласнай вытворчасці. Больш ніхто так не робіць.

 – Займаюся віцебскай набойкай, якая выконваецца на сінім фоне штампікамі белага колеру. Некалі ў бедныя, асабліва пасляваенныя часы, жанчыны такім чынам упрыгожвалі свае сукенкі, сарафаны, хустачкі з арцельнай тканіны. Пасля штампоўкі варылі яе ў сіньцы. Я вывучала формы, арнаменты для ручной набойкі, якія захоўваюцца ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, – тлумачыць Жанна Уладзіміраўна, якая добра асвоіла і гэтае ўмельства, нават дзялілася вопытам на курсах у абласным метадычным цэнтры народнай творчасці.

Настаўніца ўдзельнічала ў нацыянальных выставах наіўнага мастацтва “Insita”, Маскоўскіх міжнародных фестывалях наіўнага мастацтва і творчасці аўтсайдараў “Фэстнаіў”, рэспубліканскіх выставах сучаснай народнай творчасці “Калядныя ўзоры”.

Жанна Ільюшкіна мае і персанальныя: “Суквецце фарбаў” (Віцебск), “Лёзненскія ўзоры” (Мінск) у 2017-м, “Маляваныя сны” (Віцебск) летась. Гэты год таксама выдаўся цікавым. Падчас “Вішнёвага фестывалю” у Глыбокім яна паказала сваё ўмельства на першым абласным пленэры па маляванцы “Райскі сад”. З’ездзіла на Ягелонскі фестываль у Люблін, дзе творы нашай зямлячкі таксама выклікалі вялікую цікавасць. Словамі захаплення напоўнена выставачная кніга водгукаў. Шэраг маляванак знаходзяцца ў прыватных калекцыях.

 – Аднойчы ў вёсцы Зубкі пасля пажару ў закінутай хаце выпадкова ўбачылі з-пад кавалкаў шпалер і газет даволі вялікую маляванку. Прычым выкананую не на тканіне, а на матэрыяле накшталт рубероіду. Мабыць, служыла дываном над ложкам. Аднавіла знаходку як доказ таго, што і на Лёзненшчыне некалі ведалі пра маляванку. Яна падорана Віцебскаму абласному метадычнаму цэнтру народнай творчасці, – расказвае майстрыца.

Для маляванкі найлепш прыдатнае льняное палатно чорнага колеру, бо на яго добра кладуцца ўстойлівыя да вільгаці акрылавыя фарбы. Такое, калі надарыцца, Жанна Уладзіміраўна бярэ з запасам, бо з-за інтэнсіўнасці творчага працэсу рулон імкліва танее. Муж Андрэй Анатольевіч робіць падрамнікі (як і штампікі для набойкі па жончыных эскізах), дапамагае напнуць палатно. Маці, якая жыве ў тутэйшым аграгарадку Дабрамыслі, сама любіць і ўмее маляваць, цікавіцца творчасцю дачкі, дае парады. Сын і дачка – гледачы, крытыкі. Падрыхтаваны каталог з выявамі маляванак. Напагатове 18 – яркіх, вабных, вачэй не адарваць.

Фота Дзмітрыя ОСІПАВА.