У адрозненне ад іншых невялікіх населеных пунктаў Віцебшчыны вёска Заветнае Сенненскага раёна расце ўдоўж і ўшыркі. Асноўная прычына — маляўнічае асяроддзе. Крокавая даступнасць возера Серакаротня вабіць гараджан, якія купляюць тут дамы і ўчасткі. Некаторыя дачнікі прапісваюцца і пераязджаюць сюды на ПМЖ, тым больш што вёска газіфікавана.
Дачны адказ
З 2003 года ў Заветным не змянілася колькасць сядзіб пастаянных жыхароў: як было 32, так і засталося. Зараз да іх далучыліся 30 дамоў дачнікаў. І гэта не канчатковая лічба. За апошні час з аўкцыёна пад будаўніцтва жылога дома тут прададзена тры ўчасткі, яшчэ на адзін падрыхтаваны дакументы.
Вёска размешчана амаль за 40 км ад абласнога цэнтра на дарозе, што злучае Багушэўск з шашой Віцебск – Орша. Да 1964-га Заветнае мела іншую назву – Гапоны.
Дарэчы, у той год на Сенненшчыне чохам перайменавалі некалькі населеных пунктаў. Напрыклад, Юдзенічы сталі Савецкай, Карнілавічы – Ударнай, Худалеі – Рыбнай, Серакаротня – Лучазарнай, Трубаносы – Сінягорскай, Дзяругі – Родным Сялом.
Ёсць ініцыятыва
Яшчэ адной адметнасцю Заветнага з’яўляецца ўзорны парадак, нават зімой сядзібы пастаянных жыхароў і дачнікаў выглядаюць імпазантна. Многае трымаецца на энтузіязме старэйшыны вёскі Ганны Януковай, якая знаходзіцца на грамадскай пасадзе адзінаццаць гадоў. Дзякуючы яе няўрымслівасці Заветнае неаднаразова перамагала ў конкурсах па добраўпарадкаванні, падзяк і грамат сабралася «цэлая папка».
За кошт самаабкладання тут набылі тры кантэйнеры для збору смецця. Сёлета мяркуецца абгарадзіць іх металапрофілем. У мінулым годзе пры садзейнічанні Багушэўскага лясгаса пасадзілі за ваколіцай маладзенькія елачкі на плошчы 3 га, каб «бур’яну не было». У суботніку ўдзельнічалі супрацоўнікі Багушэўскай абласной туберкулёзнай бальніцы, увесь склад сельвыканкама на чале са старшынёй Вячаславам Багданавым, дэпутаты Пётр Гарбачоў і Алена Мартынава.
Ганна Янукова разам з мужам Валерыем, сынам Уладзімірам, суседзямі Русланам Аліярнікам і Міхаілам Клыкоўскім абсталявалі пляж на беразе возера. Падсыпалі грунту, зрабілі агароджу, лаўкі, вогнішча, сметніцы, распранальню. З вясны да восені тут стаіць мангал, якім карыстаюцца ўсе жадаючыя. У цэнтры вёскі таксама пабудавана альтанка, дзе дзеці чакаюць школьны аўтобус, а дарослыя – аўталаўку.
Валерый і Ганна Януковы выхавалі двух сыноў, якія засталіся ў Заветным і працуюць механізатарамі на сельгас-прадпрыемстве «Саўгас імя Машэрава». З пачатку 2000-х Уладзімір і Аляксандр жывуць асобна ад бацькоў, стварыўшы сем’і і пабудаваўшы ўласныя дамы. Да пенсіі Ганна Уладзіміраўна адпрацавала ўсё жыццё няняй у Багушэўскай санаторна-аздараўленчай школе, Валерый Сцяпанавіч – 40 гадоў вадзіцелем лесавоза.
Старэйшыя жыхары
Паўлу Мікітавічу і Веры Якаўлеўне Януковым, якія з'яўляюцца сваякамі Валерыя і Ганны, далёка за 80 гадоў, да пенсіі яны працавалі адпаведна трактарыстам і паляводам. Муж і жонка выгадавалі шасцярых дзяцей: Мікалая, Раісу, Валянціну, Ніну, Святлану і Юрыя. Маюць дзесяць унукаў і дзесяць праўнукаў. Нашчадкі часта наведваюць заснавальнікаў такога вялікага роду.
Амаль тры гады назад адна з дачок прывезла з Шуміліна бацькам кацяня сібірскай пароды. Зараз Пушок дасягнуў неверагодных памераў (прынамсі, карэспандэнты «ВВ» раней такога ката не бачылі), важыць не менш за 7 кг, бо есць толькі ліверную каўбасу. На ноч Пушок сыходзіць на двор, а днём, па-багатырску разваліўшыся, спіць на гаспадарскай канапе.
Свята вёскі
Восем гадоў таму ў Заветным нарадзілася традыцыя спраўляць свята вёскі.
У адзін з ліпеньскіх дзён каля зробленай па ініцыятыве старэйшыны альтанкі расстаўляюць сталы, накрытыя вышыванымі абрусамі, за якімі збіраецца каля 50 чалавек. Прадстаўляецца выстава творчасці мясцовых жыхароў. Звычайна ў афіцыйнай частцы кіраўнікі мясцовай улады аб’яўляюць вынікі конкурсу на лепшае падвор’е і ўзнагароджваюць гаспадароў.
Справаздачу пра стан крымінагеннай абстаноўкі ў акрузе робіць участковы інспектар Дзмітрый Рабцаў.
Участковы тэрапеўт Юрый Казлоў у мэтах прафілактыкі захворванняў выступае з рэкамендацыямі па здаровым ладзе жыцця.
Канцэрт дапамагае арганізоўваць загадчыца Дома культуры з Рыбнага На-дзея Лядновіч. Ёсць і запрошаныя артысты з Віцебска – Уладзімір Піленка і Кацярына Свірыдзенка. Пад іх гармонік абавязкова спявае старэйшына Заветнага. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Жанна Барадуліна чытае ўласныя вершы пра вёску і Беларусь. Таксама свае творчыя здольнасці дэманструюць дзеці – мясцовыя і гарадскія, за што адрымліваюць салодкія падарункі.
Хай так будзе і надалей!
P. S. Нядаўна стала вядома, што разглядаецца пытанне аб фарміраванні ў Заветным квартала забудовы сядзібнага тыпу плошчай 10 га. Гэта дасць магчымасць задаволіць попыт жадаючых
пераехаць у Заветнае.
Фота Дзмітрыя ОСІПАВА.