Автор: . Дата создания:

На V Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Віцебскі край», прысвечанай Году малой радзімы, былі сабраны матэрыялы беларускіх, расійскіх і ўкраінскіх даследчыкаў, а таксама гісторыкаў, архівістаў, музейшчыкаў, краязнаўцаў прыдзвінскага краю і Даўгаўпілса (Латвія).

Своеасаблівым эпіграфам да гэтага знакавага мерапрыемства абласной бібліятэцы стала пленарнае пасяджэнне. Скразная тэма яго – Біблія, створаная самабытным мастаком, гравёрам і рэзчыкам, ураджэнцам колішняга мястэчка Дуброўна Васіліем Коранем у 1692 – 1696 гадах. Наш зямляк жыў тады ў Мяшчанскай слабадзе Масквы. Дарэчы, у межах сёлетняга “Славянскага базару ў Віцебску” яго шэдэўру прысвячалася экспазіцыя ў Віцебскім музеі прыватнага калекцыяніравання, якая ўвогуле дэманстравалася на 115 выставачных пляцоўках свету. Лейтматыў даследаванняў прэзідэнта Акадэміі народнага мастацтва (Масква) Віктара Пензіна, кандыдата мастацтвазнаўства Людмілы Вакар (Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці), намесніка старшыні абласнога савета ветэранаў, краязнаўцы Міхаіла Ляшчынскага і іх судакладчыкаў: каштоўная спадчына Васілія Кораня, выкананая ў кантэксце культурнай традыцыі Беларусі, ставіць яго побач з Францыскам Скарынам, Спірыдонам Собалем, іншымі слыннымі асветнікамі нашай зямлі, вартая ўважлівага асэнсавання і шырокай папулярызацыі. Гучалі прапановы пра ўвекавечанне памяці гэтага выбітнага чалавека не толькі на яго малой радзіме.

Шырокі спектр тэм – віцебская мінуўшчына, біяграфіі вядомых гадаванцаў краю, асобы, якія пакінулі яскравы след у розныя перыяды яго жыцця – прааналізавалі ўдзельнікі секцый “Гістарычнае краязнаўства”, “Мастацтвазнаўства. Культурна-асветныя ўстановы ў сістэме сучаснага краязнаўства”, “Літаратурнае краязнаўства. Установы адукацыі ў сістэме сучаснага краязнаўства”. Да прыкладу, шмат цікавай інфармацыі паведамілі даследчыкі пра паэта, драматурга і перакладчыка эпохі позняга асветніцтва Яна Ігнацыя Моля, героя-флатаводца Аляксандра Казарскага, мастака Казіміра Малевіча, кінарэжысёра Юрыя Тарыча, ураджэнцах вобласці – поўных кавалерах ордэна Працоўнай Славы, іншых адметных асобах. Удзельнікам канферэнцыі быў прапанаваны і шэраг стэндавых дакладаў. Завяршылася яна пасяджэннем круглага стала пад назвай “Рэлігійнае краязнаўства: хрысціянская спадчына Віцебшчыны”.

Як паведаміла пры падвядзенні вынікаў дырэктар абласной бібліятэкі Таццяна Адамян, даклады па ўсіх 65 тэмах мяркуецца да верасня наступнага года выдаць друкаваным зборнікам, а потым прапанаваць карыстальнікам і ў электронным варыянце на сайце галоўнага кнігасховішча Віцебшчыны. Папаўненне краязнаўчай скарбонкі стане здабыткам шырокай аўдыторыі аматараў айчыннай і ў тым ліку мясцовай даўніны. Публікацыя матэрыялаў папярэдніх канферэнцый з цыкла “Віцебскі край” выклікае цікавасць з боку спецыялістаў-гісторыкаў і шматлікіх чытачоў розных пакаленняў.

Фота Дзмітрыя ОСІПАВА.