Браслаўская гімназія не першы год паспяхова ўдзельнічае ў розных ініцыятывах. Адна з іх – “Праграма моладзевага лідарства”. Летась з ліку яе ўдзельнікаў арганізацыя заснавальнік міжнароднага праекта “Сусветнае навучанне” выбрала юнакоў і дзяўчат для стажыроўкі ў ЗША.
У студзені 18 маладых людзей з Беларусі, Малдовы і Украіны ўбачылі на свае вочы далёкую краіну, з якой даўно сябруюць. Нашу рэспубліку прадстаўлялі 6 чалавек з Браслава, Пастаў, Мінска, Дзяржынска. Дэлегацыю беларусаў узначальвала педагог Браслаўскай гімназіі Мая Дароніна.
Незабыўнае падарожжа пачалося з горада Рына ў штаце Невада. Праграма візіту была складзена так, каб дзеці маглі пазнаёміцца з краінай і разам з тым адпачыць. Спецыялісты Гарвардскага ўніверсітэта праводзілі з імі трэнінгі і гульні па лідарстве, арганізоўвалі работу ў групах, багата ўвагі ўдзялялі менавіта зносінам, што спрыяла больш хуткаму засваенню мовы, абмену інфармацыяй пра свае дзяржавы, культуру і традыцыі. Удзельнікі таксама наведалі мясцовую школу і параўналі, чым адрозніваецца амерыканская адукацыя ад беларускай, чым займаюцца дзеці ў вольны час.
— Візіт складаўся з трох этапаў. У рэкрэацыйным цэнтры мы сустрэліся з цікавымі людзьмі, завязалі кантакты і цяпер, спадзяёмся, будзем ствараць сумесныя праекты па экалагічнай тэматыцы. Дзеці ўдасканалілі моўныя навыкі, прадэманстравалі свае здольнасці,--расказвае Мая Дароніна.
На другім этапе ўдзельнікі праекта і іх кіраўнікі жылі ў сем’ях у гарадах Канзас-Сіці і Луісвіл. Гэта дазволіла ім пазнаёміцца з укладам жыцця і культурай амерыканцаў яшчэ бліжэй. Адна група вучняў наведвала ўрокі ў школах, на якіх яны расказвалі пра сваю радзіму, а таксама наведалі прытулак для жывёл, музеі горада, каштавалі ежу розных народаў і самі пачаставалі нацыянальнымі стравамі ўласных краін. Акрамя таго юнакі і дзяўчаты пабывалі ў арганізацыях, якія знаёмяць людзей з розных куткоў свету і дапамагаюць інвалідам. Некалькі дзён нашы школьнікі займаліся дабрачыннай дзейнасцю -- у спецыяльным цэнтры раздавалі ежу галодным, сартыравалі прадукты харчавання.
У гэты ж час другая група ў Луісвіле таксама падарожнічала, удзельнічала ў занятках і семінарах, наведала розныя ўстановы, школы для дзяўчат і бежанцаў.
У апошні дзень паездкі па ЗША дэлегацыю чакаў Вашынгтон. Праграма і тут была была насычанай. Моладзь трапіла на баскетбольны матч, пазнаёмілася са славутымі мясцінамі горада, сустрэлася са стажорамі з Бразіліі. Школьнікі прэзентавалі свае праекты. Браслаўчане, напрыклад, гаварылі пра намер стварыць амерыканскі клуб у сваёй гімназіі.
Сваімі ўражаннямі з задавальненнем падзяліліся вучаніцы 11 класа Дар'я Гірса і Арына Цевуловіч:
— У ЗША мы займаліся валанцёрствам, а яшчэ навучыліся на ўроках лідарства раскрываць свае здольнасці і быць камандай. Спадзяёмся, многае з таго, пра што даведаліся, рэалізуем у нашай гімназіі.