Автор: . Дата создания:

У Верхнядзвінскай сярэдняй школе № 2 дзеці ўспрымаюць свет не розумам, а сэрцам. Яны актыўныя там, дзе ім цікава. Тады нараджаюцца ініцыятывы, вядуцца даследаванні, пішуцца навуковыя працы, ідзе сталенне і фарміруецца асоба. Задача педагогаў — дапамагчы вучням праявіць сябе, выклікаць жаданне вывучаць гісторыю малой радзімы, свайго роду, ганарыцца імі.

 

Дырэктар установы адукацыі Святлана Драздова і яе намеснік Алена Слямнёва расказалі, як у школе наладжана работа па грамадзянска-патрыятычным выхаванні вучняў.

Напрыклад, калідор другога паверха школы – гэта вялікі аповед пра верхнядзвінцаў, напісаны іх дзецьмі. На шматлікіх стэндах пад агульнай назвай «Герой маёй сям’і» дзясяткі расказаў пра ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны – франтавікоў і партызан, былых вязняў канцлагераў, пра тых, хто працаваў на роднай зямлі і сёння сваёй справай мацуе суверэнітэт краіны.

Гонар за свае сем’і многія вучні раскрылі, ствараючы радавод. У Платона Паздняка ён утрымлівае ўжо больш за тысячу прозвішчаў. Захапіўшыся ідэяй даведацца як мага больш пра продкаў, хлопец заняўся пошукам. Падтрыманы бабуляй і бацькам, наведаў беларускія архівы, праштудзіраваў перапіс 1926 года, аб’ехаў могілкі Верхнядзвіншчыны, распытаў сваякоў, якіх лёс раскідаў па свеце.

– Мае карані тут, на Верхня­дзвін­шчыне. Продкі – простыя сяляне, якія жылі і працавалі на Дрысеншчыне, – расказвае Платон пра вынікі сваіх пошукаў.

Дарэчы, кажуць педагогі, навуковая праца хлопца пра Героя Савецкага Саюза Надзею Траян была прызнана лепшай на міжнародным конкурсе «Прызма» і ў ліку іншага садзейнічала прысваенню школе імя гэтай гераічнай жанчыны. Пошукавай дзейнасцю актыўна займаліся педагогі і школьнікі, збіралі матэрыял, пазнаёміліся з сынам Надзеі Аляксеем Карацеевым, звязаліся з вучнямі маскоўскай школы, якая носіць яе імя. Прысваенне ганаровага імя стала па­дзеяй не толькі для педагогаў і вучняў СШ № 2, але і для жыхароў усяго раёна. Цяпер яны праводзяць разам мерапрыемствы па ўшанаванні памяці Надзеі Траян. А школьны музей папоўніўся новымі экспанатамі, прысвечанымі знакамітай зямлячцы.

Школьны гісторыка-краязнаўчы музей з’яўляецца цэнтрам, на базе якога вядзецца работа па грамадзянска-патрыятычным выхаванні маладога пакалення. Тут праходзяць урокі мужнасці, дыялогавыя пляцоўкі, сустрэчы са знакамітымі землякамі, працуюць краязнаўцы, якія аб’ядналіся ў гурток экскурсаводаў. Асноўным каардынатарам гэтай работы з’яўляецца настаўніца гісторыі і нязменны кіраўнік школьнага музея Ларыса Дзевяковіч. Разам са школьнікамі яна сабрала багаты матэрыял пра землякоў – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, пра партызанскія атрады, што вялі барацьбу з ворагам на Дрысеншчыне, у прыватнасці пра атрад «Баявы», касцяк якога складалі маскоўскія спартсмены, закінутыя ў тыл ворага для баявых дзеянняў супраць акупантаў, пра карныя экспедыцыі.

Менавіта заняткі ў гуртку экскурсаводаў натхнілі таго ж Платона Паздняка на даследаванне гісторыі вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пад патранажам настаўніцы адзінаццацікласнік збірае матэрыял пра воінскія фарміраванні, што ваявалі на Дрысеншчыне, вывучае з дапамогай інтэрнэту баявыя журналы розных часцей.

 

– На такое даследаванне, – кажа Платон,– навяла розніца ў датах і часцях вызваліцеляў, якія прыводзяцца ў розных крыніцах. Трэба ўрэшце на падставе дакументаў скласці да 80-годдзя вызвалення Беларусі дакладную храналогію падзей, што адбываліся на нашай зямлі.

– Выхаваўчы эфект больш моцны, калі гутарка адбываецца з канкрэтным чалавекам, – дзеліцца сваімі назіраннямі Алена Слямнёва. – Таму стараемся запрашаць на сустрэчы з вучнямі людзей, вядомых у раёне, вобласці, краіне. Адна з такіх сустрэч, зноў жа па ініцыятыве школы, стала гарадскім мерапрыемствам. На запрашэнне прыехаць да нас адгукнуўся Аляксей Талай, чалавек, які даказаў сабе і ўсяму свету, што жыццё можа быць паўнацэнным і яркім у любога чалавека. Пра многае распытвалі госця школьнікі. Шчырасць адказаў пераканала прысутных у мужнасці духа Аляксея, у тым, што чалавеку пад сілу пераадолець вялікія цяжкасці.

На прыкладзе старэйшага пакалення моладзь вучыцца любіць Айчыну, родны кут, сям’ю, тое, што зроблена ў розныя гістарычныя перыяды. Немагчыма застацца абыякавым да подзвігу бацькоў і дзядоў у гады вайны, калі паглыбляешся ў тыя падзеі. Верхнядзвінскія школьнікі – пастаянныя ўдзельнікі сустрэч з ветэранамі, якія праходзяць штогод. І сёлета разам з равеснікамі з Расійскай Федэрацыі хадзілі партызанскімі сцежкамі, слухалі тых, хто перажыў ваеннае ліхалецце, ра­зам перажывалі і асуджалі краіну-суседку, якая хацела знішчыць людскую памяць, разбурыўшы частку мемарыяла.

Патрыятызм не ўзнікае сам па сабе – гэта ра­зумеюць, бадай, усе сёння. Ён – вынік працяглага мэтанакіраванага выхаваўчага ўплыву на чалавека. У жыцці можа адбыцца рознае. Але калі маеш стрыжань у душы, калі любіш сваю зямлю – перажывеш цяжкасці, не здрадзіш ні сабе, ні Радзіме. Над загартоўкай гэтага стрыжня і працуюць педагогі Верхнядзвінскай школы.

Фото Тамары ПАШКЕВІЧ