- У аснову працы на будучыню мы закладваем выхаваўчы момант у цэлым і патрыятычнае выхаванне ў прыватнасці, – падкрэсліў на выніковай калегіі начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Дзмітрый Хома. – Акцэнтуем увагу на ўкараненні новых тэхналогій, абнаўленне, станаўленне і далейшае суправаджэнне кадраў. Будзем працягваць развіваць матэрыяльна-тэхнічную базу.
Дзмітрый Леанідавіч падкрэсліў, што гэтая праца вялася кропкава і мэтанакіравана. Напрыклад, капітальны рамонт і мадэрнізацыю СШ №1 у Шуміліне правялі за кошт сродкаў абласнога бюджэту, яшчэ чатыры школы вобласці абнавіліся дзякуючы вылучаным крэдытным рэсурсам.
— Прыярытэтнай у сферы адукацыі з'яўляецца прафарыентацыйная праца, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення. — Тут нам ёсць чым ганарыцца: у школах вобласці дзейнічаюць профільныя класы, а ў 7 — 9-х класах плюс да ўсяго іншага праводзяцца факультатывы з ранняй прафарыентацыяй. На VI Усебеларускім народным сходзе кіраўнік дзяржавы не аднойчы падкрэсліваў, што школьнікі павінны атрымліваць асновы менавіта той прафесіі, на якую пасля атрымання атэстата будуць вучыцца ў ВНУ. Мы, у сваю чаргу, дастаткова сур’ёзна працуем па размеркаванні патокаў абітурыентаў. Так, у мінулым годзе гэта дазволіла нам павялічыць працэнт тых, хто паступае ў ВНУ, і на 10% павысіць напаўняльнасць устаноў прафтэхадукацыі, гэта значыць зарыентаваць дзяцей на атрыманне рабочых прафесій.
У гэтую пяцігодку для падрыхтоўкі спецыялістаў будуць больш актыўна прыцягваць прадпрыемствы вобласці. Плануецца павялічыць колькасць мэтавых напрамкаў для абітурыентаў (прычым як сельскіх, так і гарадскіх) і распрацаваць нормы для кожнага раёна на выдзяленне мэтавых напрамкаў школьнікам, якія паступаюць ва ўстановы вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі.
Нядрэнных поспехаў у гэтым накірунку дасягнулі ў Глыбоцкім раёне. Дырэктар Глыбоцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя Васіль Любоза адзначыў, што кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў убачылі плюсы ў заключэнні дагавораў на мэтавае навучанне, таму што гэта дае своеасаблівую гарантыю на кадравае папаўненне.
– Сёння па заказе прадпрыемстваў, сярод якіх, напрыклад, Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат і камбікормавы завод, сельскагаспадарчыя вытворчыя кааператывы, а таксама прадпрыемствы Докшыцкага, Шаркаўшчынскага, Міёрскага раёнаў, мы рыхтуем спецыялістаў, – расказаў Васіль Любоза. – Раней прадпрыемствы даплочвалі да стыпендыі навучэнцам дзве базавыя велічыні, цяпер паводле рашэння аблвыканкама будуць даплочваць чатыры. Пагадзіцеся, для навучэнцаў у сельскай мясцовасці гэта важкая фінансавая прыбаўка.
Фота з архіва “ВВ”.