Сёння – Міжнародны дзень роднай мовы. Лінгвістычная разнастайнасць узбагачае свет. Але з 6 тысяч моў, на якіх сёння гавораць жыхары планеты, палова знаходзіцца пад пагрозай вымірання.
Як беларусам не патрапіць у сумную статыстыку? Сваімі разважаннямі дзеліцца настаўнік-метадыст полацкай гімназіі №1, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі «Чалавек года Віцебшчыны» Алена Казлова.
Яна не проста выкладае беларускую мову і літаратуру ў школе, а вучыць дзяцей любіць сваю Радзіму, умее зацікавіць і скіраваць іх на дасягненне высокай мэты. Невыпадкова выхаванцы педагога атрымліваюць 100 балаў на ЦТ, узначальваюць рэйтынгі лепшых маладых даследчыкаў, больш за 20 чалавек сталі пераможцамі заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры.
Папоўніць ганаровы шэраг рыхтуюцца і юныя выхаванкі Алены Уладзіміраўны – Паліна Сляпцова, Настасся Шалепіна, Паліна Святліцкая. Дзяўчаты вучацца ў 9-м класе і нядаўна праверылі свае сілы ў трэцім абласным этапе інтэлектуальных спаборніцтваў. У адказ на пытанне, чаму вырашылі паглыблена вывучаць менавіта гэты прадмет, прыводзяць словы Уладзіміра Караткевіча: «У сваёй мове я магу стаць лепшым, а ў чужой – толькі вышэй за сярэдняга».
– Калі не беларусы, то хто яшчэ ў свеце будзе размаўляць па-беларуску? Ведаць родную мову натуральна для кожнага чалавека, – кажуць гімназісткі. Дарэчы, сацыяльны ролік, падрыхтаваны імі да нацыянальнага форуму «Скарынаўскія дні ў Полацку», мае назву «Мова пачынаецца з нас».
– Рэцэпт беларускасці сапраўды вельмі просты, – дадае настаўніца. – Кожны, хто хоча далучыцца да роднага слова, можа паспрабаваць зрабіць свае першыя крокі.
1. Для дзяцей, з якімі пачынае працаваць у пятым класе, Алена Уладзіміраўна выкарыстоўвае гульнёвы фармат, імкнецца паказаць, наколькі прыгожая і непаўторная наша мова. Дарослым раіць напачатку вызначыць мэту, зразумець, што галоўнае — пачаць справу.
2. Трэба чытаць па-беларуску хаця б 5 – 10 хвілін кожны дзень, слухаць беларускія песні, карыстацца беларускамоўнымі версіямі сайтаў, старацца адчуць смак і водар роднай мовы.
3. Калі штосьці ў тэксце незразумелае — перакладзіце. Няма пад рукой слоўніка – на дапамогу прыйдзе інтэрнэт. Трэба ўзяць за звычку запамінаць па два новыя словы штодзень. Сёння «валошка» і «канвалія», заўтра – «кемлівы» і «апантаны». Незаўважна і самі пачнеце тлумачыць нешта родным і блізкім.
4. Не бойцеся загаварыць па-беларуску. Шмат у каго гэта атрымалася, а значыць, атрымаецца і ў вас. Спрабуйце, нават калі робіце памылкі – усе на іх вучацца.
5. Уздым цікавасці да роднай мовы назіраецца па ўсёй краіне. Моладзь вывучае фальклор і традыцыі, больш становіцца беларускамоўнай рэкламы. Таму наступны крок – знайсці або самому стварыць асяроддзе, каб практыкавацца ў мове разам з сябрамі.
6. «Немінуча, гаюча, нанова раскрываецца шчырае слова. Мова маці – крыніца святая – да вытокаў намеры вяртае», – чытае настаўніца радкі з верша любімага паэта Рыгора Барадуліна. Не трэба забываць, якія вялікія магчымасці для самапазнання і самаразвіцця дае чалавеку мова. Скарыстайце гэты скарб напоўніцу.
7. У любой справе самае важнае – ісці да мэты з упэўненасцю, што ўсё атрымаецца. Наша гераіня верыць у тое, што робіць, і сваёй верай запальвае іншых. Уласным прыкладам яна пашырае беларускамоўную прастору. Вучні Алены Уладзіміраўны выбралі самыя розныя прафесіі, разляцеліся па розных гарадах краіны і адусюль пішуць ёй паштоўкі – з удзячнасцю, па-беларуску.
Фота Ларысы МАЛАШЭНI.