150 год назад у мястэчку Лёзна адкрылася царкоўна-прыходская школа, якая размясцілася ў драўляным аднапавярховым будынку. Затым яна не аднойчы мяняла назву, пакуль у 1933-м не атрымала статус сярэдняй. А ў 1978-м установа адукацыі пераехала ў новы трохпавярховы будынак, дзе дзеці і вучацца да гэтага часу.
Сярод выпускнікоў СШ №1 шмат вядомых людзей: прафесары, дацэнты, дыпламаты, артысты, генералы, палітычныя дзеячы, дырэктары прадпрыемстваў. У прыватнасці, там атрымліваў атэстат ганаровы грамадзянін Віцебска першы сакратар абкама кампартыі Сяргей Шабашоў.
Сёння ўстанова застаецца кузняй кадраў для раёна і вобласці. Для дашкольнікаў на базе СШ №1 праходзяць курсы ранняга развіцця. У дзясятых класах арганізавана профільнае навучанне па фізіцы, матэматыцы, беларускай, рускай і англійскай мовах, біялогіі і хіміі. Адзінаццацікласнікі рыхтуюцца да цэнтралізаванага тэсціравання на занятках па інтарэсах.
— У нас вопытныя педагогі, большасць настаўнікаў маюць першую і вышэйшую катэгорыі, — расказала дырэктар школы Ірына Апет. — У мінулым годзе больш за палову выпускнікоў паступіла ў ВНУ.
Таксама развіваецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы. Праведзены капітальны рамонт сталовай і актавай залы, у кабінетах ёсць усё неабходнае для заняткаў, у тым ліку лінгафоннае абсталяванне для вывучэння замежнай мовы і высакахуткасны інтэрнэт. Тэхнічнае пераўзбраенне было б немагчымым без удзелу раённых і абласных улад, дапамогі дэпутата аблсавета Алега Жынгеля, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Аляксандра Папкова, міністра сувязі і інфарматызацыі Сяргея Папкова.
На ўрачыстасці, прысвечанай юбілею лёзненскай СШ №1, сабралося мноства гасцей, у тым ліку дэлегацыя педагогаў з Расіі.
— На Віцебшчыне не шмат устаноў адукацыі з такой багатай гісторыяй. Тут здолелі не толькі захаваць, але і прымножыць традыцыі папярэдніх пакаленняў педагогаў, — адзначыў старшыня аблсавета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў. — Упэўнены, што і далей гэтая школа будзе ісці ў нагу з часам і развівацца.
Пасля ўрачыстага канцэрта адбылося яшчэ адно важнае мерапрыемства. Былі падпісаны дамовы аб супрацоўніцтве паміж лёзненскай СШ №1 і навучальнымі ўстановамі Рудні і Веліжа (Расія). Таксама госці наведалі школьны музей, выставу творчых работ навучэнцаў і бэзавую алею выпускнікоў.