Старшакласнікаў Віцебскай вобласці запрашаюць прыняць удзел у конкурсе ідэй на беларускай мове «Першыя». Ён ужо стартаваў, прыём заявак будзе працягвацца па 8 сакавіка 2020 года.
«Першыя» – конкурс яскравых ідэй, у якім могуць удзельнічаць навучэнцы 9 – 11-х класаў на працягу амаль усяго навучальнага года. Тэмы для асабістых праектаў – «Тэхналогіі», «Культура», «Інклюзія», «Экалогія». Падрабязнасці шукайце на сайце www.generation.a1.by.
У першапачатковай заяўцы трэба сфармуляваць сваю ідэю і коратка расказаць пра яе. Пазней можна дапрацаваць праект. Да 8 сакавіка 2020 года відэаролік з пашыранай прэзентацыяй неабходна размясціць на сваёй старонцы ў адной з сацыяльных сетак з хэштэгам #generationA1 і даслаць спасылку на электронны адрас: generationA1.2019@gmail.com.
Зарэгістраваных удзельнікаў праекта чакаюць інтэрактыўныя варкшопы па майстэрстве прэзентацыі і аратарскім мастацтве з вядомымі беларускімі і замежнымі спецыялістамі. Школьнікі будуць раcпрацоўваць сваю ідэю, развіваць навыкі публічнага выступлення і самапрэзентацыі, набываць карысныя веды на сустрэчах з экспертамі. 10 фіналістаў праекта, якіх абярэ журы, атрымаюць персанальных ментараў і з іх дапамогай будуць рыхтавацца да свайго вялікага выступу на маштабнай моладзевай канферэнцыі ў Мінску.
Праект «Першыя» будзе цалкам рэалізаваны на беларускай мове, у тым ліку ўсе майстар-класы і публічныя выступы фіналістаў, бо адна з мэтаў гэтай ініцыятывы – пашырэнне выкарыстання беларускай мовы і яе вядомасці ў сусветнай прасторы.
Сацыяльна-адукацыйны праект «Першыя» праводзіцца кампаніяй А1 пры падтрымцы арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk.
Фота з адкрытых крыніц.