Гаспадар “Дэмскага сада”, што на Міёршчыне, зноў здзівіў. Толькі цяпер не гароднінасховішчам, запоўненым даверху налітымі яблыкамі, а тым, што на плошчы больш чым у 200 квадратаў раскінуўся кветнік амаль з 50 тысяч цюльпанаў. Жоўтыя і чырвоныя, белыя і блакітныя, амаль чорныя і рознакаляровыя, урачыста строгія і па-дзявочаму гарэзлівыя… Бутоны распусцілі яшчэ не ўсе – Уладзімір Кашкур тэмпературай рэгулюе гэты працэс, прымяркоўваючы масавае цвіценне да Дня абаронцаў Айчыны і 8 Сакавіка.
Пра свой новы прадукт абвясціў у сацыяльных сетках і ўжо мае заказы на пастаўку кветак з усіх абласцей – ад гаспадароў спецыялізаваных магазінаў, індывідуальных прадпрымальнікаў, арганізацый. Попыт на раннія кветкі аказаўся нечакана вялікі.
І гэта не адзіны сюрпрыз для заснавальніка фермерскай гаспадаркі. Нядаўна сваім рашэннем абласны выканаўчы камітэт прысвоіў Уладзіміру Казіміравічу ганаровае званне “Чалавек года Віцебшчыны” і такім чынам прызнаў яго заслугі ў развіцці прыватнага сектара ў эканоміцы краіны.
Вырошчванне кветак, трэба меркаваць, – адзін з чарговых і не апошніх этапаў пашырэння дзейнасці фермера. Было цікава, чаму праз амаль сямнаццаць гадоў паспяховага садаводства і ягадніцтва Уладзімір Казіміравіч заняўся яшчэ і такой далікатнай сферай, дзе браў пасадачны матэрыял, якія гатункі раслін.
– У любой справе нельга таптацца на месцы, – упэўнены Уладзімір Кашкур. – Не толькі зменлівасць сітуацыі на рынку, але і ўласны характар прымушаюць рухацца наперад. Прыйшоў час, і захацелася паспрабаваць сябе ў нечым новым.
Па характары Уладзімір Казіміравіч чалавек сапраўды дзейны. Калі гадоў дваццаць таму назад па стане здароўя не змог кіраваць ААТ “Мерыца”, адпачываць усё ж не стаў. Вырашыў, што возьме ўчастак зямлі і зоймецца, як дзед і бацька, садаводствам. Будзе мець сваю прадукцыю, яе лішкі ды саджанцы прадаваць і атрымае нейкі даход.
Пачынаў сваю сялянскую гаспадарку з малога. Але кожны год яго сад прырастаў плошчай, колькасцю дрэў і ягадных кустоў. Колькі іх цяпер, дакладна не ведае і сам. Адлік ідзе на гектары. Пад садам – за 35, пад ягаднікам – 30 га.
Ураджай летась вырас добры. У сховішча Уладзімір Кашкур паклаў 300 тон яблыкаў. У асноўным рэалізаваў іх да новага года. А ў халадзільніку чакалі свайго часу скрыні з цюльпанамі.
– У пошуку новых гатункаў пладовых дрэў, тэхнікі па іх доглядзе часта едзіў у Польшчу, не прамінаў і такіх жа, як сам, фермераў у Беларусі. Добра знаёмы калега з Себежа не раз раіў заняцца кветкаводствам. Маўляў, тыя некалькі месяцаў, калі сад і ягаднікі адпачываюць, а разам з імі і іх гаспадары, належыць правільна скарыстаць, мець у мёртвы сезон работу і даход, – дзеліцца Уладзімір Казіміравіч.
Вядома, атрымаць кветку да канкрэтных дат няпроста. Таму фермер перш узяўся за вывучэнне тэхналогіі вырошчвання цюльпанаў.
– Набіраўся вопыту ў Галандыі. Навучыліся кветкаводству і беларусы. На поўдні краіны ўжо многа тых, хто спецыялізуецца ў гэтай сферы. Рызыкнуў і я. Купіў каля 50 тысяч цыбулін 44 галандскіх гатункаў, грунт для высаджвання. У пачатку кастрычніка пасадзілі іх у скрыні і ў халадзільнік, як рэкамендуюць спецыялісты, – паведаміў ён.
Пра вынікі Уладзімір Казіміравіч пакуль гаварыць не спяшаецца. Трэба яшчэ рэалізаваць кветкі, падлічыць расходы. Але, мяркуе, у пройгрышы застацца не павінен.
Зараз на парадку дня ў гаспадара “Дэмскага саду” традыцыйныя клопаты. Сёлета раней, чым у мінулыя гады, давядзецца рыхтаваць да продажу кусты ягаднікаў, у тым ліку чорных парэчак. Попыт на іх традыцыйна вялікі, бо вырошчваннем гэтых надзвычай карысных ягад сёння займаюцца буйныя і дробныя гаспадаркі, гэтую расліну на дачы ці пад акном жадаюць мець гараджане і вяскоўцы. Аптавікі часцей за ўсё прыязджаюць на Міёршчыну з Расіі, дзе ў апошнія гады інтэнсіўна развіваецца садаводства. Сотнямі набываюць саджанцы пладовых дрэў, ягадныя кусты. Едуць да фермера за сотні кіламетраў, бо ведаюць з уласнага вопыту ці чулі ад іншых садаводаў, што ў Кашкура пасадачны матэрыял здаровы, гатункі перспектыўныя, устойлівыя да хвароб, плады добра захоўваюцца.
Непасрэдна ў садзе работы Уладзімір Казіміравіч пачаў у студзені. Правёў абрэзку, збіраецца пасадзіць яшчэ да 6 га яблынь, груш, вішні, алычы, абрыкосаў. Упершыню паспрабуе вырасціць хурму. Ранняя вясна дазваляе без спешкі зрабіць многае, але і вялікая пагроза позніх замаразкаў, якія наносяць шкоду ўсяму дрэву. Хлебаробу і садаводу трэба быць гатовым да любой сітуацыі, умець звесці наступствы да мінімуму.
Размова перайшла на спрадвечны сялянскі занятак. Уладзімір Кашкур у чарговы раз пашкадаваў, што мала на Віцебшчыне ініцыятыўных вяскоўцаў, гатовых займацца вырошчваннем сельгаскультур, перапрацоўкай прадукцыі. Ніш для развіцця прыватнага сектара на сяле вельмі многа, як і магчымасцей рэалізаваць сябе як гаспадар.
Фота носіць ілюстрацыйны характар.