Автор: . Дата создания:

Вечар памяці, прысвечаны 75-годдзю хатынскай трагедыі, адбыўся ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя М. Горкага. 75 белых шароў, якія сімвалізуюць душы спаленых у Хатыні дзяцей, запусцілі ў неба навучэнцы школ горада.

Ветэраны вайны і былыя малалетнія вязні нагадалі школьнікам гістарычныя падзеі, што адбыліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і падкрэслілі, што цяпер робяцца спробы перапісаць нашу гісторыю. Але маладое пакаленне Віцебшчыны павінна ведаць усю праўду пра вайну і пра тое, як датла згарэла разам з мірнымі жыхарамі вёска Хатынь.

Больш падрабязна пра тыя страшныя падзеі распавёў краязнаўца Аркадзь Падліпскі.

– Фашысты абарвалі ў адзін дзень жыццё 149 чалавек, у тым ліку 75 дзяцей. Адзіны сведка хатынскай трагедыі, 56-гадовы каваль Іосіф Камінскі, аповяд якога падчас наведвання мемарыяльнага комплексу “Хатынь” я чуў асабіста, абгарэлы і паранены, прыйшоў у свядомасць позна ноччу, калі фашыстаў ужо не было ў вёсцы. Яму давялося перажыць яшчэ адзін цяжкі ўдар: сярод трупаў аднавяскоўцаў ён знайшоў свайго параненага сына. Хлопчык памёр на руках у бацькі.

Дарэчы, у гэты ж дзень у бібліятэцы імя М. Горкага адбыліся адкрыццё выставы дзіцячых малюнкаў, а таксама прэзентацыя кнігі «Гаворым мы, дзеці вайны», выдадзенай Кастрычніцкай раённай арганізацыяй ГА «Беларускі фонд міру», а таксама падвядзенне вынікаў конкурсаў дзіцячых малюнкаў і сачыненняў.

Фота Дзмітрыя ОСІПАВА.