Автор: . Дата создания:

Па выніках рэспубліканскага агляду санітарнага стану і добраўпарадкавання населеных пунктаў у ліку лепшых аграгарадкоў краіны названы і Ахрэмаўцы Браслаўскага раёна.

Такога гонару, кажа старшыня сельскага Савета дэпутатаў Дзіяна Тарун, вёска ўдастоена ўпершыню, за гэтым – шматгадовая дзейнасць працоўных калектываў і жыхароў.

Паціху ды пакрыху, часцей уласнымі сіламі, жыхары наводзілі прыгажосць на ўласных падворках, уладкоўвалі месцы агульнага карыстання. І чым прыгажэй станавіўся аграгарадок, тым з большай ахвотай наводзілі ў ім парадак. Сёння яго можна назваць узорным. На гэта, сцвярджае кіраўнік сельсавета, спатрэбілася больш ініцыятывы, чым грошай.

Пачалі са старадаўняга парку, закладзенага яшчэ ў сярэдзіне XVIII ст. Сёння ён не мае ранейшай велічы, але застаецца цікавым аб’ектам для турыстаў і мясцовых жыхароў, знаходзіцца пад аховай дзяржавы.Частку яго ачысцілі ад хмызоў, сваімі рукамі абсталявалі пляцоўку са сцэнай і лаўкамі, Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры» праклаў экалагічную сцежку, школа абсталявала месца для трэніровак турыстаў. Атрымалася цудоўнае месца адпачынку. Дзятва тут ладзіць фестывалі, дарослыя право­дзяць вясковыя святы, бавіць час моладзь. Усе няпрэч павялічыць рэкрэацыйную зону, але прыроду, і ў прыватнасці «чырвонакніжнікаў», ахоўвае Нацыянальны парк. Кожны ўзмах сякеры даводзіцца ўзгадняць па інстанцыях аж да сталіцы.

Што можна зрабіць на месцы сіламі сельскага Савета і раёна, як узаемадзейнічаюць органы мясцовага кіравання і самакіравання, арганізацыі  па вырашэнні пытанняў жыццязабеспячэння насельніцтва і добраўпарадкавання населеных пунктаў на тэрыторыі сельсавета, вывучалі члены прэзідыума райсавета і  райвыканкама з выездам на месца. Сустракаліся з людзьмі, слухалі іх прапановы. Сур’ёзных заўваг не выказаў ніхто. Аграгарадок мае ўсе службы, якія  павінны быць па статусе. А калі якая дае збой, сельвыканкам праблему выкараняе. Былі нараканні на гандлёвае абслугоўванне ў адным з трох вясковых магазінаў – індывідуальнаму прадпрымальніку перадалі ў арэнду будынак магазіна спажывецкай кааперацыі, і цяпер жыхары задаволены асартыментам тавараў у ім. Захацелі вяскоўцы мець месца для продажу лішкаў прадукцыі з уласных падвор’яў – яго абсталявалі, паставілі стол і лаўкі, накрылі дахам. Цяпер вось грамадой абдумваюць, на што выкарыстаць прэмію Савета Міністраў у памеры 800 базавых велічынь, каб карысць была для ўсіх жыхароў.

Вырашаць агульныя пытанні грамадой – вопыт, які прыйшоў з гадамі. І закладвалі яго дэпутаты ра­зам са старэйшынамі. У Таццяны Саковіч, Алены Далецкай, Андрэя Дземянкова шмат ідэй па добраўпарадкаванні вёскі. Цяпер ніхто не праедзе, каб не падзівіцца на месца адпачынку, якое вяскоўцы назвалі «Ля млына». Яшчэ некалькі гадоў назад у нізіне на ўездзе ў населены пункт стаяла балотца. А сёння вада з яго сабрана ў сажалцы. Непадалёку ад яе млын, лавачкі, дзіцячая гульнёвая пляцоўка. Сцеражэ гэта багацце вучоны кот. Большасць арт-аб’ектаў змайстравалі вясковыя ўмельцы. Яны ж сочаць за парадкам, пры неабходнасці праводзяць рамонт.

Крыху далей яшчэ адна пляцоўка – на пустэчы праз якую праходзяць кабелі рознага прызначэння, ахрэмаўскі люд абсталяваў яшчэ адну зону адпачынку. Тут «пасвіцца» карова, «бяжыць» конік, стаіць гатовая да работы саха, на пнях распусціліся кветкі… Усе атрыбуты з сялянскіх дамоў, якія пайшлі пад знос, патлумачыла старшыня сельвыканкама.

Такіх куточкаў, дзе хочацца прысесці, падумаць пра жыццё, узгадаць бацькоў, дзядоў і прадзедаў, іх побыт, у вёсцы даволі многа. Як і тых, што адпавядаюць сучасным тэндэнцыям дызайну. Ля музычнай школы, напрыклад, раскінулася клавіятура акардэона ці піяніна, над ёй узвышаецца скрыпічны ключ. Ля бібліятэкі ідзе афармленне буккросінга. Ужо стаяць шафа-калонка і лавачка, на якой добра чытаецца «кніга – сіла духа». Бібліятэкар Алена Далецкая расказала, што ўжо ёсць карыстальнікі вулічнай бібліятэкі. На пляцоўцы ля яе плануюць пракласці яшчэ дарожкі, пасадзіць кветкавы «фантан». Паркавым дызайнам уражвае двор мясцовай СШ, якая працуе па праграме «Школа – тэрыторыя здароўя».

Прысядзібныя ж участкі – асобная тэма для размовы.  Дом Лапыраў патанае ў ружах,Саковічаў – у лілеях, у Алены Пятроўскай – наогул экзатычны сад. Лічы, свой твар мае большасць сядзіб. Турысты і госці гуляюць па вёсцы, як па садзе, фатаграфуюцца. Добры прыклад таксама заразны.

Хтосьці запярэчыць – не ўсё так добра ў Ахрэмаўцах. Не заўсёды адпавядае жаданням стан вуліц. Але сёлета змаглі ўзяцца за рамонт адрэзку  дарогі, які доўга мазоліў вочы пешаходам і «растрасаў» ездакоў. Ёсць у вёсцы і старыя пабудовы былой райсельгастэхнікі, якім яшчэ не знайшлі гаспадара. Але і іх лёс будзе вырашаны. Ахрэмаўцы, лічы, прыгарад Браслава. У іх жыве каля 1200 чалавек. Ёсць дзе пачынаць справу, ёсць свабодныя рукі, значыць, і знойдуцца і жадаючыя арганізаваць тут сваю справу. Пачатак пакладзены: два прадпрымальнікі ўпісаліся ўжо ў вясковае жыццё.

Дарэчы, яны, а таксама торфабрыкетны завод «Браслаўскі», ААТ «Райаграсэрвіс», іншыя арганізацыі ўносяць свой уклад у агульную справу па добраўпарадкаванні. Дзіяна Тарун пералічвала факты, называла імёны індывідуальных прадпрымальнікаў, якія дапамагаюць піламатэрыяламі, расадай кветак.

Зацікаўленасць жыхароў у парадку ў сваім агульным доме адчуваецца паўсюдна. Галоўны «дызайнер», настаўніца Вольга Лысёнак (на фота), ужо прадумвае новыя рашэнні па афармленні вёскі. Старэйшыны Зоя Адамовіч, Аліцыя Лабуць, Аліна Маслоўская, Людміла Высоцкая, Рэгіна Балтруковіч арганізуюць людзей на догляд за агульнымі кветнікамі і месцам адпачынку ля вады.

Напэўна, у стварэнні прыгажосці, камфортнасці жыцця мяжы няма. І спраў мясцовай уладзе, вяскоўцам, іх дзецям і ўнукам яшчэ хопіць на гады.

– Галоўнае, не страціць жадання, дружна клапаціцца пра парадак і прыгажосць у агульным доме, і тады ўсё атрымаецца, – пераканана Дзіяна Тарун. І з гэтым нельга не пагадзіцца.

Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.