Але па стане здароўя гэты поўны ідэй і планаў чалавек быў вымушаны пайсці на адпачынак. Толькі і на пенсіі не стаў марна бавіць час. Алег Адольфавіч вырашыў падзяліцца з сучаснікамі вопытам, расказаць пра людзей, чые лёс і праца могуць служыць прыкладам для моладзі. Спачатку гэта была аўтабіяграфічная кніга “Чалавек зямлі і неба”, у 2013 годзе за працу прысуджана абласная літаратурная прэмія імя Петруся Броўкі.
А днямі выйшла чарговае выданне пісьменніка – “Кардыяграма вялікага сэрца”. Гэта дзве дакументальна-мастацкія аповесці пра двух кіраўнікоў – раёна і вялікага завода, на долю якіх выпаў нялёгкі шлях да- і пасляперабудовачных перамен.
Адзін з іх – былы першы сакратар райкама КПБ, а пазней старшыня Пастаўскага райвыканкама Васіль Чэпік, якому аўтар і прысвяціў сваю новую кнігу.
– Хацеў, каб людзі ўспомнілі гэтага чалавека і ўсё тое, што ён зрабіў для пастаўскага краю, як вяртаў у падпарадкаванне раёна прадпрыемствы, реарганізаваныя ў філіялы, як клапаціўся пра стварэнне новых вытворчасцей, падтрымліваў мадэрнізацыю сельскай гаспадаркі, як выхоўваў кадры, – гаварыў Алег Валодзька падчас нашай сустрэчы ў Навасёлках.
Яны не адзін год працавалі побач, ставілі задачы і ішлі да іх. У пошуку новых мадэляў арганізацыі вытворчасці аб’ехалі паўсвету, вывучалі замежны вопыт, наладжвалі кантакты, якія б паспрыялі эканамічнаму ўмацаванню краю. І ў выніку дабіваліся поспеху.
Гэтыя ўспаміны вяртаюць Алега Адольфавіча ў той час, прымушаюць яшчэ раз задумацца, чаму зараз вёска перажывае крызіс.
Вывады аўтара часам рэзкія. Толькі ён не ўмее хітрыць. Гэты боль нераўнадушнага і апантанага чалавека адчуваецца на працягу ўсяго аповеду. Удумлівы чытач знойдзе ў кнізе шмат карыснага, убачыць, што дарога таго, хто жадае пакінуць пасля сябе след на зямлі, не бывае лёгкай.
– Алег Адольфафіч дрэннага не параіць. У яго новай кнізе шмат для нас падказак, як належыць жыць і працаваць, – кажа сын Васіля Чэпіка Сяргей, які кіруе адной з моцных гаспадарак на Пастаўшчыне ААТ “Кураполле-агра”, чаму бацька, калі б быў жывы, вельмі б парадаваўся.