Автор: . Дата создания:

Складана паверыць, але быў час, калі на танцах на 600 хлопцаў прыходзілася 50 дзяўчат. Праўда вечар адпачынку праходзіў у вайсковай часці. Галіну, якая служыла радысткай, запрасіў і павёў у кола танцуючых сімпатычны баец, які не паспяшаўся пакінуць дзяўчыну, калі скончылася музыка. Як узгадвае Галіна Анатольеўна, не думала тады, што гэтае першае знаёмства атрымае свой працяг і перарасце ў каханне. Але Іван кожны дзень здзіўляў дзяўчыну: то ландышаў ёй падорыць, то ягад і грыбоў збярэ, а вечарам у кіно запросіць. Сустракаліся год, і калі Іван дэмабілізаваўся, распісаліся. Так узнікла маладая сям’я Жукоў, якая сёлетняй восенню справіла ізумруднае вяселле – 55 гадоў.

Рэгістраваць шлюб паехалі ў Бігосава Верхнядзвінскага раёна, адкуль была родам Галіна. У пасёлку жылі бацькі. Тут яна пачынала сваю працоўную біяграфію. У 15 гадоў ужо працавала санітаркай у супрацьтуберкулёзным санаторыі, што дзейнічаў у той час у вёсцы Баліны. Потым асвоіла спецыяльнасць штампоўшчыцы і стала работніцай ААТ “Зааветінструмент”. Толькі душа хацела рамантыкі. І як толькі споўнілася васямнаццаць, падалася ў армію, дзе стала радысткай у вайсковай часці, што стаяла пад Полацкам.

Галіна характар мела баявы, рашучы і нават рызыкоўны. Лідарам абяцала стаць і ў сям’і. Напэўна, так і было б, каб суджаны аказаўся чалавекам спакойным. Але за плячамі ў Івана, нягледзячы на яго маладосць, быў ужо важкі жыццёвы вопыт. Гісторыя яго дзяцінства сумная. Нарадзіўся ў 1942 годзе ва Украіне ў Днепрапятроўскай вобласці. У сям’і было пяцёра дзетак, самы малодшы Ванечка. Ішла Вялікая Айчынная вайна, бацька, не паспеўшы паваяваць, загінуў на фронце. Хлопчыку ледзь споўнілася тры месяцы, як загінула ад разрыву снарада і маці. Іван апынуўся ў дзіцячым доме. Якое магло быць дзяцінства ў мальца, які не ведаў мацярынскай ласкі, сваіх родных. Затое холад і голад, як узгадвае, еў поўнай лыжкай. Закончыў сем класаў і паступіў вучыцца ў рамесленае вучылішча на фрэзероўшчыка. Потым лёс закінуў юнака ў Беларусь, служыў у ракетных войсках у в. Струбкі Полацкага раёна. Там жа ў вайсковай часці і адбылася першая сустрэча з Галінай.

Жыць паехалі ў Днепрапятроўск. Віць сямейнае гняздо на новым месцы было няпроста. І Галіна не раз падумала, што на Верхнядзвіншчыне стаць на ногі ім было б лягчэй. Але як пераканаць у гэтым мужа? Аргумент прыйшоў з пісьмом сястры. “Прыязджайце, -- пісала яна Галіне. – У Бігосава ўзводзяць дамы, работнікам “Зааветінструмента” даюць кватэры”.

У 1966 годзе сям’я Жукоў прыехала ў Бігосава і засталася тут назаўсёды. Уладкаваліся працаваць у ААТ “Зааветінструмент” (папярэднік ААТ “Інвет”), Галіна Анатольеўна штампаўшчыцай, а Іван Рыгоравіч фрэзероўшчыкам. З гадамі набываўся вопыт у працы, узрастала прафесійнае майстэрства. Гэта заўважыла кіраўніцтва завода, і мужчыну пераводзілі на больш адказныя ўчасткі работы. Словам, уся яго працоўная дзейнасць звязана з сённяшнім прадпрыемствам “Інвет”, дзе адпрацаваў 40 гадоў, быў узнагароджаны ў 1977 годзе ордэнам Знака Пашаны, многа разоў адзначаўся Ганаровымі граматамі Верхнядзвінскага райвыканкама, яго партрэт неаднарозава размяшчаўся на раённай Дошцы гонару, адсюль выйшаў на заслужаны адпачынак.

І на пенсіі муж і жонка па-ранейшаму людзі жыццярадасныя, па-сапраўднаму шчаслівыя. Дружна вядуць хатнюю гаспадарку. Адно дрэнна, гаварылі, -- пандэмія, якая зносіны з дочкамі і ўнукамі абмежавала скайпам ды тэлефоннымі размовамі.

Іх старэйшая дачка Таццяна мае шматдзетную сям’ю, у якой выраслі чатыры дзяўчынкі. Усе разляцеліся па свеце. Унучка Жукоў Сона жыве і працуе ў Германіі, мае дзве вышэйшыя адукацыі. Скончыла аспірантуру, з’яўляецца доктарам медыцынскіх навук. Айна таксама мае дзве вышэйшыя адукацыі па дызайне і тэатральным мастацтве, журналістыцы, закончыла магістратуру і працуе ў Празе тэхнікам-мультыплікатарам. Лія жыве ў Фінляндыі, працуе ў мадэльным агенцтве, самая малодшая Джанета – фармацэўт у Венгрыі.

Малодшая дачка Святлана жыве ў Смаленску і часцей наведваецца да бацькоў у Беларусь. Дарэчы, Яна таксама мае вышэйшую адукацыю , закончыла педагагічны універсітэт, гістарычны факультэт.

Словам, ва ўсіх з роду Жукоў жыццё ладзіцца. Іван Рыгоравіч і Галіна Анатольеўна заўсёды стараліся дапамагчы адно аднаму стаць лепшымі, больш шчаслівымі на гэтым свеце. Ганарацца, што выгадавалі добрых, працавітых дачок. Вядома, іх “сакрэты” дружнага жыцця хацелі б ведаць многія.

-- Вядомая справа, што за столькі гадоў шмат чаго было: і спрачаліся, і крыўдавалі. Але мы ўмелі саступаць, даравалі і забывалі ўсе крыўды. Разумелі, што трэба жыць для сям’і і для дзяцей,-- гаварыла Галіна Анатольеўна.

-- Галоўнае ў сямейным дабрабыце, каб муж і жонка паважалі адно аднаго. Кааб жыццё было добрае, трэба праявіць мудрасць і павагу да сваёй палавінкі, ніколі не здраджваць”, – зазначаў Іван Рыгоравіч.

Тое, пра што казалі яны, добра вядомыя ісціны, якія, праўда, даюць вынік толькі тады, калі не дэкларуюцца, а выконваюцца штодня і дзесяць, і дваццаць, і шэсцьдзясят гадоў запар. Як Жукі, што дзеляць папалам і шчасце, і боль, і кожны сумесна пражыты дзень.

Фота з сямейнага альбома.