Автор: . Дата создания:

Сёлета ў жніўні спаўняецца 20 гадоў з дня прыняцця той лёсавызначальнай для азёрнага краю падзеі. Браслаўшчына набыла шырокую папулярнасць як цудоўная зона адпачынку, захавала некранутасць прыроды, яе флора і фаўна налічваюць дзясяткі чырвонакніжнікаў. І гэта пры тым, што на асабліва ахоўваемай тэрыторыі жыццё не замерла. Па-ранейшаму мясцовыя жыхары вырошчваюць хлеб, гадуюць жывёлу, развіваюць перапрацоўчую прамысловасць. Дарэчы, сваё сельгаспрадпрыемства мае і сам нацыянальны парк. Толькі ўсё цяпер робіцца пры строгім уліку прыродаахоўнага заканадаўства.

Сам нацыянальны парк – структура шматгаліновая, у якой злучаны ахова прыроды і вытворчая дзейнасць, два, на першы погляд, узаемавыключныя напрамкі дзейнасці. Але жыццё паказала, што пры разумнай арганізацыі яны мірна ўжываюцца, у нечым дапаўняюць і развіваюць адзін аднаго.

Галоўныя накірункі ў працы калектыву – арганізацыя адпачынку, лесанарыхтоўка і лесаперапрацоўка. У сярэднім штогод тут назапашваюць больш за 90 тысяч кубаметраў дзелавой драўніны. А каб запасы яе не змяншаліся, садзяць лес на 100 гектарах. Сеянцы ды саджанцы – матэрыял не танны. Таму ў парку вырашылі самі вырошчваць яго. У Друйскім лясніцтве заклалі гадавальнік, які будзе забяспечваць патрэбы ў саджанцах сасны і елкі, а магчыма, дазволіць і зарабляць на іх продажы іншым лесаводам.

Дзе і колькі пілаваць дрэў, вызначае план лесаўладкавання, але далёка не заўсёды лясніцтвы выбіраюць дазволены
аб’ём. Прычына – забалочанасць, а значыць, і цяжкадаступнасць вялікіх тэрыторый, што ўскладняе нарыхтоўку і вываз драўніны. У апошнія гады яшчэ і бабры шкодзяць. Нядаўнія чырвонакніжнікі празмерна распладзіліся і актыўна заняліся будаўніцтвам. Узведзеныя імі на асушальных каналах і рачулках плаціны сталі прычынай затаплення соцень гектараў лесу. Дзяржава дазволіла іх адлоў, толькі каштоўнае футра звярка сёння не ў модзе.

Па цяжкадаступных лясных масівах нацыянальны парк пракладвае дарогі. Сёлета закончыў будаўніцтва чарговай, пятай, якая дазваляе ў Дубраўска-Казянскай зоне, дзе ў гады вайны знаходзілі прытулак партызанскія брыгады, дабірацца туды, куды раней нават сучасная тэхніка не даходзіла. Новая траса – гэта таксама падарунак мясцоваму насель-ніцтву, для якога шлях у райцэнтр скараціўся на некалькі дзясяткаў кіламетраў.

Як расказвае генеральны дырэктар нацпарку Віталь Дрожжа, за два гады на пасадзе тэрыторыю вывучыў дасканала, вызначыў задачы, якія належыць вырашаць першачаргова.

Так, зыходзячы з сітуацыі на знешнім і ўнутраным рынках, трэба было павялічваць аб’ёмы дрэваапрацоўкі. З гэтай задачай калектыў справіўся. Сёлета ў першым паўгоддзі тэмп росту аб’ёму вытворчасці таварнай прадукцыі ў параўнанні з цэнамі адпаведнага перыяду мінулага года склаў 104,5%.

Паралельна вялася вялікая работа па навядзенні парадку на зямлі. Ачышчалі ад смецця рэкрэацыйныя зоны, добраўпарадкоўвалі тэрыторыі баз адпачынку і вытворчых аб’ектаў, паляпшалі ўмовы працы для работнікаў, камфортнасць адпачынку для турыстаў. Калектыў Опсаўскага лясніцтва атрымаў новы адміністрацыйны будынак, гаспадарчыя пабудовы, на базе адпачынку ў Ляошках былі зда-дзены 7 гасцявых домікаў. На ўсіх базах абсталяваны дзіцячыя пляцоўкі, а на «Дрывятах» уведзена пасада аніматара.

Парк сустрэў летні сезон з павялічанай колькасцю паслуг па прынцыпе «Усё ўключана». Сваім будучым кліентам калектыў прапанаваў заняткі аквааэробікай, майстар-класы таленавітых мясцовых рамеснікаў, рыбалку з гідам, прагулкі па вадаёмах, экскурсіі па знакамітых месцах і экалагічных сцежках, пракат інвентару і многае іншае. Прыемнай навіной стала адкрыццё сафары-парку, дзе можна назіраць за жыццём лясных насельнікаў у прыродзе, а калі пашанцуе, сфатаграфавацца з аленем. 45 лясных прыгажуноў закупілі летась у Літве і пасялілі на сваёй тэрыторыі. Ужо ёсць першы прыплод. Пяць маленькіх алянят падрастаюць у статку высакародных жывёл. Акрамя таго, палітыка стрымлівання кошту пуцёвак прынесла плён, базы не пустуюць.

Праўда, з-за падзення курсу рубля ў іх паменшала расіян, але пабольшала беларусаў. Калі ў мінулыя гады прапорцыя паміж імі складала прыкладна 70-80% на 30-20%, то сёлета 40% на 60%. Жыхары нашай краіны выкарысталі перавагі ранняга браніравання і такім чынам зрабілі свой адпачынак больш танным.

А для тых, у каго бюджэт сціплы, нацпарк пашырыў магчымасці, каб спыніцца на прыродзе. Да сезона гэтага года ўладкаваны 20 новых турыстычных стаянак у маляўнічых месцах. Як і ранейшыя, яны пачалі працаваць па прынцыпе папярэдняга заказу і адначасова прымаюць да тысячы чалавек. Для зручнасці прыезджых устаноўлены дзясяткі інфармацыйных стэндаў.

Адкрыты і другі па ліку інфармацыйны пост у Опсе, на дарозе Мінск – Браслаў праз Мядзель і Паставы.

Як паказвае статыстыка, колькасць людзей, якія стаміліся ад мітусні і рытму вялікіх гарадоў, засумавалі па свежым паветры, хто марыць пра добрую рыбалку і дбае пра ўласнае здароўе і аздараўленне дзяцей на ўлонні прыроды, павялічваецца з года ў год.

Але зменшылася колькасць рэалізаваных паляўнічых тураў і пуцёвак. Браслаўскія лясы, багатыя на дзічыну, страцілі папуляцыю дзіка з-за афрыканскай чумы, і, як сцвярджаюць спецыялісты, спатрэбіцца не адзін год, каб пагалоўе аднавілася.

Затое ў азёрах чакаецца шмат рыбы. Нацыянальны парк выканаў сёлета ўсе ўмовы рыбалоўна-біялагічнай праграмы, паклапаціўся пра арганізацыю платнай лоўлі. Шэсць вадаёмаў Браслаўшчыны вясной зарыблены шчупаком. Праведзены рамонт гадавальніка ў Мякянах, дзе пабудаваны 4 новыя нераставыя сажалкі. Дадаткова зарыблена сажалка, дзе калектыў парку прапануе гарантаваную рыбалку. Дарэчы, карп-фішынг карыстаецца ў аматараў вялікай папулярнасцю.

Няма праблем і з пуцёўкамі. Цяпер іх можна набыць нават у шэрагу мінскіх магазінаў, якія спецыялізуюцца на продажы рыбалоўнага рыштунку.

За тым, як ловіцца рыба, вядзецца паляванне, увогуле выконваецца прыродаахоўнае заканадаўства, сочыць калектыў аддзела аховы прыродных комплексаў. У яго штаце 17 чалавек. Кіруе гэтай турботнай службай Іван Тышкевіч, за плячамі якога вялікі стаж інспектарскай работы.

Круглыя суткі чатыры рэйдавыя групы патрулююць тэрыторыю парку, сочаць за парадкам у лесе і на вадзе. Іх задача – не дапусціць браканьерства, а калі яно ўсё ж здарылася, знайсці зламысніка, правесці тлумачальную работу з тымі, хто па прычыне экалагічнай неадукаванасці наносіць шкоду прыродзе. Ужо сёлета ў першым паўгоддзі інспектары выкрылі 293 факты парушэння прыродаахоўнага заканадаўства, большасць з іх сур’ёзныя. У асноўным гэта рыбная лоўля і паляванне не па правілах, а часам і вандалізм. Вось адзін такі выпадак. Чалавек палкай забіў на пляжы прыгажуна-лебедзя. Злодзея знайшлі і пакаралі, жыццё птушкі ацанілі ў 90 базавых велічынь. Мяркую, такая мера эфектыўная для тых, хто лічыць, што прыроду можна нішчыць беспакарана, браканьерыць ці засмечваць...

Дарэчы, апошняе, здавалася б, і не такое значнае правапарушэнне, становіцца для Браслаўшчыны злабадзённай праблемай. Тысячы турыстаў, якія наведваюць край, пакідаюць тут тоны смецця, і далёка не заўсёды ў адведзеных для гэтага месцах. Грашаць гэтым і мясцовыя жыхары. А пасля ўсе наракаюць на раскіданыя па лесе і ля дарог бутэлькі, пакеты. На іх збор работнікі парку трацяць значныя сілы і сродкі. Таму ў апошні час інспектары актыўна карыстаюцца фотапасткамі, з дапамогай якіх устанаўліваюць і караюць тых, хто лічыць, што не абавязаны выконваць існуючыя правілы. На іх ужо ў першым паўгоддзі складзена амаль 70 пратаколаў.

З вышыні птушынага палету Браслаўшчына выглядае, як ажурныя карункі, сплеценыя са шматлікіх азёраў, рэк і рачулак у атачэнні зеляніны лясоў, квітнеючых лугоў, золата збажыны. Пра яе прыгажосць і ўнікальнасць сказана столькі прыгожых слоў, што цяжка знайсці новыя. Тут неба зліваецца з блакітам азёр, паветра і вада настолькі чыстыя і празрыстыя, а прырода напаўняе чалавека сілай сваёй энергіі, што не зберагчы гэты цудоўны край для нашчадкаў было б недаравальна. Таму і існуе нацыянальны парк, калектыў якога выконвае гэту высакародную задачу.

Тамара Пашкевіч.

 

Даведка

Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры» створаны па пастанове Савета Міністраў у 1995 годзе для захавання ўнікальных экасістэм, эфектыўнага і больш поўнага выкарыстання рэкрэацыйных магчымасцей прыродных рэсурсаў Браслаўскага раёна і прыроднага комплексу Браслаўскай групы азёр як гістарычна складзенага ландшафту і генетычнага фонду расліннага і жывёльнага свету, тыповага для Беларускага Паазер’я.