Праводзіць рэгістрацыю шлюбу з нацыянальным каларытам – рэч даволі модная. Многія маладыя людзі на Сенненшчыне імкнуцца ўзаконіць саюз не толькі «па правілах», але і згодна з традыцыямі продкаў. Нядаўна, напрыклад, рэгістрацыя шлюбу з элементамі народнага абрада прайшла для Анастасіі і Сяргея Юранавых з райцэнтра.
У 2010 годзе ў выставачнай зале Сенненскага гісторыка-краязнаўчага музея Рэспубліканская моладзевая грамадская арганізацыя “Студэнцкае этнаграфічнае таварыства” размясціла выставу “Беларускае вяселле. Традыцыі і сучаснасць”. Каб зацікавіць маладыя пары народнымі абрадамі і традыцыямі, пры ўрачыстай рэгістрацыі шлюбу супрацоўнікі музея запрашалі іх яе наведаць. Пасля афіцыйнай цырымоніі ў раённым ЗАГСе дзейства пераносілася ў імправізаваны вясельны пакой. У яго маладыя траплялі, прайшоўшы пад дугой, упрыгожанай лялькай-абярэгам у вясельным строі, каб сужэнцы ніколі не разлучаліся. У пакоі іх знаёмілі з гісторыяй шлюбу на Беларусі.
—Мы вырашылі зрабіць нешта такое і ў сябе, — расказвае галоўны захавальнік фондаў музея Браніслава Жалтабрухава. — Сучасны вясельны абрад мае ярка выражаны забаўляльны характар Перадвясельны этап захаваўся слаба. У моцна скарочаным выглядзе прысутнічае сватанне. Тое ж самае можна сказаць і пра заручыны, якія, аднак, захавалі сваю функцыю публічнага абвяшчэння намеру маладых пабрацца шлюбам. Страчана і адно з асноўных абрадавых дзеянняў – пасад нявесты на хлебную дзяжу.
Таму з’явілася задума стварэння вясельнага абрадавага прадстаўлення на аснове народных традыцый Сенненшчыны. У рамках гэтага праекта пачалі ладзіцца этнаграфічныя экспедыцыі па раёне, у ходзе якіх былі сабраны фотаздымкі, прадметы побыту, рушнікі, запісаны ўспаміны, песні, прыпеўкі, праведзена навукова-пошукавая праца па дакументах і матэрыялах фондаў музея. Гэта стала асновай сцэнарыя стылізаванага мерапрыемства “Вясельны абрад на сенненскі лад”, а таксама выставы “Вяселле на Сенненшчыне. Традыцыі і сучаснасць”.
Прэзентацыя абраду адбылася ў 2011 годзе ў рамках міжнароднай акцыі “Ноч музеяў”. Праз тыдзень ен упрыгожыў урачыстую рэгістрацыю шлюбу першай пары. Вядучыя — фальклорны дуэт “Сенніца” (супрацоўнікі музея) — праводзяць свята з добрымі пажаданнямі, гульнямі, у ходзе якіх маладыя даведваюцца пра значэнне вясельнай сімволікі і абярэгаў.
Так, пасад нявесты на хлебную дзяжу суправаджаецца словамі: “Хлеб з даўніх часоў — сімвал дабрабыту і багацця, а цеста, якое падыходзіць у дзяжы, — плоднасці і здароўя”. Рукі маладых павязвалі рушніком – гэта ахова, блаславенне вышэйшых сіл.
Частаванне маладых мёдам, запальванне вясельных свечак, традыцыйнае перакрыванне дарогі, або “рагатка”, — усе гэтыя абрадавыя дзеянні маюць магічны сэнс і з’яўляюцца чырвонай нітачкай, што звязвае нас, сучасных людзей, з продкамі.
Распрацаваны сцэнарый вяселля з кожным годам узбагачаецца новымі дэталямі. Паступова былі адноўлены абрады “Заручыны” (праводзіцца з маладой парай на музейнай пляцоўцы перад падачай іх заявы на рэгістрацыю шлюбу) і “Выкуп нявесты”, якія ўвайшлі ў цыкл абрадаў “Вясельны вянок”.
У 2017 годзе на абласным аглядзе-конкурсе прафесійнага майстэрства ў намінацыі "Лепшы вядучы па правядзенні ўрачыстага абраду-рэгістрацыі заключэння шлюбу" галоўны спецыяліст аддзела загса Сенненскага райвыканкама Святлана Высоцкая заняла першае месца.
— Жадаючым упрыгожыць момант нараджэння новай сям’і імпануе, што ў праекце няма нічога прыдуманага, — дадае Браніслава Барысаўна, — усё грунтуецца на традыцыях. Канешне, на ўсе 100% паўтарыць ранейшы абрад у сучасных умовах нельга. Але зберагчы яго аснову можна, бо гэта наша культурная спадчына, асаблівасць, якой можна ганарыцца.
Фото з асабістага архіва А.Юранавай.