Автор: . Дата создания:

 

Галоўны аграном СВК «Маяк Браслаўскі» Валянціна Таўкінь на ўмовы сёлетняй вясны не наракае. Наадварот, лічыць, што халоднае надвор’е спрыяе развіццю каранёвай сістэмы, што зробіць расліны больш устойлівымі перад знешнімі фактарамі. 

На пасадзе кіраўніка раслінаводчай галіны яна ўжо два дзесяцігоддзі. Ведае землі, дзе і што лепш сеяць, каб узяць максімальную аддачу. А гаспадарка ў яе вялікая, больш за 7 тысяч гектараў ворыва. Амаль 3 тыс. га аддадзены пад азімыя збожжавыя і рапс. Кажа, што перазімавалі добра, вясной падсілкаваны азотнымі ўгнаеннямі, а днямі пачалі хімпраполку.


Дарэчы, пратручальнікі і гербіцыды больш чым на 110 тысяч рублёў СВК купіў за грошы, выручаныя ад продажу насення шматгадовых траў. Таму да іх асаблівая павага ў агранамічнай службы. Сёлета іх падсеялі амаль на 500 га і плануюць зрабіць гэта яшчэ на такой жа плошчы.
Пакуль на хімпраполцы заняты два агрэгаты. За светлавы дзень яны апрацоўваюць да ста гектараў азімых культур. Каб не прапусціць лепшых тэрмінаў, у работу на гэтым тыдні будуць уключаны і дзве «Расы», што вызваліліся з падкормкі азімых.


Работа ў галоўнага агранома размеркавана на некалькі дзён наперад. Хоць мае ўласны вялікі вопыт, паглядае за тэмпамі работ у гаспадарках, блізкіх да «Маяка» па пасяўных плошчах. На мінулым тыдні ў кааператыве закрылі сяўбу зернебабовай групы, у якой павялічылі плошчу пад гарохам у чыстым выгля­дзе. Перавалілі за палову ўсяго яравога палетка. У гэтыя дні некалькі знізілі тэмпы на высеве збожжавых, затое паскорылі на рапсе. Валянціна Віктараўна такое рашэнне абгрунтоўвае шматгадовымі назіраннямі за тэрмінамі яго сяўбы менавіта на землях вытворчага кааператыва. А гэтай культурай плануюць заняць 200 гектараў.


– Сёлета, як ніколі раней, механізатары працуюць зла­джана і дружна. У 7 гадзін яны ўжо ў полі, з’язджаць з яго пачынаюць у 20, – расказвае пра арганізацыю працы Валянціна Таўкінь. – Іх хуценька развозім па дамах, каб мелі час для паўнацэннага адпачынку. Інжынер на палявым стане замерыць рэшткі паліва ў баках, журнал уліку перадасць вартаўніку. Раніцай тэхніку дазаправяць. Пакуль гэта робіцца, на поле прыязджае машына з насеннем, якую затарваем у 8 – 9 гадзін вечара. Кожны ведае свой участак адказнасці, і не было выпадку, каб хтосьці па сваёй нераспарадчасці падвёў таварышаў.


Па словах галоўнага агранома, сеюць маякоўцы чатырма камбінаванымі пасяўнымі агрэгатамі і Lemken па 120 – 130 гектараў за дзень. Норма выпрацоўкі ва ўсіх прыкладна аднолькавая, бо сяўбу ў гаспадарцы даверылі самым вопытным механізатарам Васілю Кажоху, Сяргею Данілаву, Юрыю Ядзялу і Віктару Вайтанцу. «Навічок» сярод іх – Віктар, які сее ўпершыню. Але ён адзін з найлепшых камбайнераў у СВК, адказны і дысцыплінаваны чалавек. І з сеялкай не адстаў ад вопытных таварышаў.


– Дакладная арганізацыя працы дае добры вынік. Але стымулам служаць і высокія заробкі, – падкрэслівае Валянціна Таўкінь. – У бухгалтэрыі сказалі, што лепшыя механізатары зарабляюць у гэтыя дні амаль па 120 рублёў. У выхадныя і на святы аплата двайная. Вось і шчыруюць людзі на палях, стараюцца закласці добрую аснову пад восеньскі ўраджай, каб і ў час жніва было што ўбіраць.

Фота аўтара.