Сярэдняй школе № 2 г. Докшыцы прысвоена імя Героя Сацыялістычнай Працы У.Ф. Крышталевіч. З гэтай нагоды на мінулым тыдні ва ўстанове адукацыі былі арганізаваны ўрачыстыя мерапрыемствы.
Ульяна Феакцістаўна Крышталевіч – знакавая фігура для краіны. Удзельніца Вялікай Айчыннай вайны, былая старшыня выканкама Докшыцкага раёна, першы сакратар райкама партыі, а пазней намеснік Міністра сацыяльнага забеспячэння Беларускай ССР, народны дэпутат Беларусі. Узнагароджана двума ордэнамі Леніна, ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і пятнаццаццю медалямі.
Удзельнікамі ўрачыстасці сталі шматлікія госці: старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч, намеснік старшыні райвыканкама, дэпутат райсавета дэпутатаў Аксана Палачаніна, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў, дырэктар ААТ “Завод «Ветразь»” Анатоль Сіўко, дэпутаты райсавета дэпутатаў: начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Дзмітрый Парцянка, галоўны рэдактар газеты “Родныя вытокі” Аляксандр Варанковіч, загадчык дзіцячага сада № 2 г. Докшыцы Ірына Курушка, а таксама дачка Ульяны Крышталевіч Вольга Грыц разам са сваякамі, кіраўнікі ўстаноў адукацыі і прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў раёна.
Хвалюючым было адкрыццё памятнай дошкі, у якім непасрэдна прымала ўдзел дачка гераіні. Расхваляваная, са слязамі на вачах, разам з усімі Вольга Мікалаеўна ўсклала да партрэта сваёй маці чырвоныя гваздзікі.
Затым действа з вуліцы перанеслася ў школьнае фае, дзе адбылася яшчэ адна лінейка.
З выдатнай падзеяй прысутных павіншавала старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч.
– Мы з’яўляемся сведкамі грандыёзнай падзеі – прысваення школе імені ўнікальнага чалавека Ульяны Крышталевіч, кожны дзень жыцця якой быў як подзвіг, настолькі многа яна зрабіла для нашага раёна і ў цэлым для краіны, – сказала Валянціна Юр’еўна. – У Беларусі шмат робіцца для грамадзянска-патрыятычнага выхавання, для захавання гісторыі, і сённяшняе мерапрыемства – уклад па ўвекавечванні памяці герояў. Імёны школам прысвойваюцца ў кожным раёне. Дадзеныя мерапрыемствы былі зактывізаваны ў Рэспубліцы Беларусь менавіта па ініцыятыве Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, які вядзе і кантралюе гэтую работу і ўносіць свае прапановы. Прыемна, што школа № 2 г. Докшыцы выбрала імя такой дастойнай асобы, і гэта рашэнне з радасцю падтрымалі райвыканкам, раённы і абласны Саветы дэпутатаў.
З удзячнымі словамі да ўдзельнікаў звярнулася Вольга Грыц, якая цяпер жыве ў Мінску. Таксама выступіла дырэктар школы Алена Камінская, зазначыўшы, што ўстанова пачынае сваю імянную гісторыю.
Госці пазнаёміліся з новай экспазіцыяй, прысвечанай У.Ф. Крышталевіч. Вучні падрыхтавалі для іх інфармацыйны-паэтычны блок, падчас якога прагучалі факты з жыцця Ульяны Феакцістаўны і звесткі пра Докшыцкі раён.
Самым працяглым стаў адкрыты дыялог “Яе імені будзем вартыя”, дзе ў якасці экспертаў выступілі прадстаўнікі дэпутацкага корпусу, Вольга Грыц і Алена Камінская. Удзельнікі абмеркавалі патрыятычныя праекты, якія рэалізуюцца ў раёне, паразважалі, якім чынам біяграфія аднаго чалавека можа паўплываць на будучыню краіны. Вольга Мікалаеўна адказала на шматлікія пытанні вучняў пра сваю маці: якім чалавекам па характары яна была, чым займалася ў вольны час, якія сямейныя традыцыі захоўвала. Дыялог атрымаўся сапраўды адкрытым, жывым, напоўненым яркімі эмоцыямі. Цікава, што падтрымаць Вольгу Грыц прыйшлі яе аднакласніцы – яны актыўна дзяліліся ўспамінамі і пра яе маму, і наогул пра тагачаснае жыццё.
Закончыўся гэты памятны дзень святочным канцэртам пад назвай “Беларусь у маім сэрцы”.
Вольга Грыц, дачка У.Ф. Крышталевіч:
– Я вельмі шчаслівая і дзякую вучням за вялікую працу, праведзеную для прысваення ўстанове імя маёй маці. Дзякуй педагагічнаму калектыву і персанальна дырэктару школы Алене Камінскай і настаўніку Але Хацяновіч, якія прыязджалі да нас у Мінск, каб сабраць больш поўную інфармацыю пра маму. Я таксама ёю ганаруся. Яна будавала гэты горад, падымала раён, і цяпер я бачу, як тут цудоўна. Шануючы памяць пра дзейнасць Ульяны Крышталевіч, вы таксама шануеце ўклад сваіх дзядуляў і бабуль, жыхароў старэйшых пакаленняў, якія працавалі разам з ёй на карысць Радзімы.
Дзякуй кіраўніцтву раёна за падтрымку ініцыятывы аб прысваенні школе імя Ульяны Крышталевіч. Я буду сачыць за поспехамі Докшыцкага раёна і, вядома ж, школы № 2.
Анатоль Сіўко, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў:
– Ульяна Феакцістаўна – прыклад таго, як трэба любіць сваю краіну. У Вялікую Айчынную вайну гэтая моцная духам жанчына бясстрашна ўдзельнічала ў многіх баявых аперацыях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а ў мірны час прыклала неймаверныя намаганні для развіцця эканомікі Беларусі. У прыватнасці, на Докшыччыне па яе ініцыятыве пачалося шырокамаштабнае будаўніцтва, дасягнуты высокія вынікі ў сельскай гаспадарцы. Сённяшняе і будучыя пакаленні абавязаны шанаваць герояў сваёй зямлі, ведаць гісторыю роднай краіны і ўнесці пасільны ўклад у яе росквіт.
Ніна КРУКОВІЧ, Докшыцы. Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА.