У 56 раз азёрны край сабраў на свята традыцыйнай культуры “Браслаўскія зарніцы” шматлікія творчыя калектывы. Нягледзячы на розныя абставіны, мерапрыемства захавала міжнародны статус.
Урачыстае адкрыццё фэста адбылося надвячоркам з традыцыйнай здабычы жывога агню, шэсця клубаў, разнастайных забаўляльных праграм.
Акрамя шматлікіх творчых калектываў на фестываль завіталі ганаровыя госці: старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, першы намеснік міністра культуры Беларусі Валерый Грамада, начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Пётр Падгурскі. У ліку шаноўных гасцей -- прадстаўнік Рэспублікі Узбекістан, намеснік дырэктара Дэпартамента гуманітарнага супрацоўніцтва, агульнапалітычных і сацыяльных праблем Выканаўчага камітэта СНД Халмурат Рашыдаў, Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Даугаўпілсе Ілья Лапуць, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Мацвееў, дэлегацыі горада Цзінчжоу (КНР) на чале з намеснікам старшыні Народна-палітычнага кансультацыйнага савета Кітая Вань Цзянпін, італьянскай правінцыі Рандацца на чале са старшынёй Савета Камуны Ціндара Скалізі, Сартвальскага гарадскога пасялення Рэспублікі Карэлія, пад кіраўніцтвам кіраўніка адміністрацыі Германа Грышына.
А ў цэнтр горада ручайкамі сцякаюцца шматлікія прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў, мастацкія калектвы гаспадароў і гасцей. Тут фарміруецца калона, якая бярэ накірунак у лесапарк Леснічоўка – месца масавых гулянняў. Свята набірае моц.
Яго ўдзельнікаў вітае Уладзімір Цярэнцьеў. Ён нагадвае прысутным, што фестываль “Браслаўскія зарніцы” старэйшы ў краіне, стаў своеасаблівым брэндам не толькі раёна, але і ўсёй вобласці. Ён у чарговы раз пацвярджае добра вядомы пастулат: творчасць аб’ядноўвае, а ў Год міра і стварэння набывае асаблівы сэнс, калі зразумелая ўсім мова песні і танца нясе толькі дабрыню, узаемаразуменне і ўсмешкі. Гэтыя словы знайшлі працяг у канцэрце-прывітанні “Творчасць. Сяброўства. Яднанне”.
На Замкавай гары члены аматарскіх аб’яднанняў гістарычнай рэканструкцыі будавалі ўмацаваны лагер. Фэст “Меч Брачыслава", як частка “Браслаўскіх зарніц” , адно з самых відовішчных мерапрыемстваў, якое дэманструе жыццё сярэднявечча. Людзі цікаўныя знаёмяцца тут з тэхнікай пляцення з кары бяросты, кавальствам, ткацтвам на вертыкальных кроснах, пляценнем рыбалоўных сетак. Можна паслухаць лекцыю па апрацоўцы крэменю.
Ваяры пачынаюць трэніровачныя баі, каб у час прадстаўлення зрабіць іх больш уражлівымі. Непадалёку рэпетыруе музычная група “Граф Чапскі”. Не занятыя гэтым працэсам, праводзяць гульні.
Свой прафесіяналізм на асобнай пляцоўцы дэманструюць сучасныя майстры Дамоў рамёстваў.
Першы дзень фестывалю завяршыў канцэрт заслужанага артыста Беларусі Аляксандра Саладухі. Другі дзень фестывалю абяцае быць такім жа насычаным і цікавым.