Автор: . Дата создания:

У абласной філармоніі прайшло традыцыйнае штогадовае свята-конкурс людзей з абмежаванымі магчымасцямі, прымеркаванае да Дня інвалідаў Рэспублікі Беларусь. У ім узялі ўдзел асобныя выканаўцы, а таксама творчыя калектывы і аматарскія аб’яднанні сацыяльных устаноў з усіх рэгіёнаў Віцебшчыны.

Урачыстую атмасферу ва ўтульным будынку ўжо адразу за парогам стваралі дзяўчаты-валанцёры з надзіманымі шарамі. Яны дапамагалі ўдзельнікам мерапрыемства адчуць сябе камфортна, распрануцца ў гардэробе ды дайсці да свайго месца ў глядзельнай зале. Здаецца, дробязь, але якой радасцю пасля такіх знакаў увагі зіхацелі вочы запрошаных на свята!

Адкрываючы яго, намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва аблвыканкама Ірына Мацвеева адзначыла, што мерапрыемства – унікальная магчымасць убачыць тое, што мы не заўважаем у паўсядзённым жыцці. Конкурс аб’яднаў розных людзей, але ўсе яны валодаюць важнай якасцю: жаданнем зрабіць навакольны свет лепшым і дабрэйшым.

 У апошнія гады ў краіне праведзіна значная праца па абароне правоў і інтарэсаў людзей з абмежаванымі магчымасцямі, ратыфікавана Канвенцыя аб правах інвалідаў, прынятая Генеральнай Асамблеяй ААН, рэалізуецца шэраг дзяржаўных праграм, накіраваных на павышэнне ўзроўню жыцця гэтай катэгорыі грамадзян, стварэнне безбар’ернага асяроддзя, дастойных умоў для рэабілітацыі і паляпшэння сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Сёння ў вобласці пражываюць каля 65 тыс. чалавек з інваліднасцю, якія патрабуюць асаблівай увагі. Ствараюцца ўмовы для іх разнабаковай рэабілітацыі, у кожным ТЦСАНе функцыяніруюць аддзяленні дзённага знаходжання, на базе якіх арганізавана гуртковая праца па розных накірунках, у тым ліку з выязной формай працы, дзе кожны знаходзіць занятак, згодна са сваімі схільнасцямі. Вырабы майстэрань пры цэнтрах карыстаюцца попытам у насельніцтва, яны рэалізуюцца падчас “Славянскага базару”.

Што тычыцца самога мерапрыемства (а яно адбылося пры дапамозе розных структур: ад галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама да грамадскіх аб’яднанняў), яго ўдзельнікі прадэманстравалі сваё майстэрства ў розных жанрах. Спявалі песні, гралі музычныя творы, выразна чыталі вершы і нават танчылі на інвалідных калясках, што зрабілі героі адной з нашых публікацый Васіль Рудэнка і Рэната Рабкоўская з Віцебска.

Прычым асобныя выканаўцы паказалі досыць высокі прафесійны ўзровень, даказаўшы, што сапраўдны талент здольны выйсці за рамкі любых абмежаванняў. Але не зважаючы на ступень падрыхтоўкі і таленту артыстаў, гледачы сустракалі ўсіх гарачымі воплескамі.

Чарговы раз выкажу сваю ўпэўненасць у тым, што прайграўшых на такіх імпрэзах, хоць яны і называюцца конкурсамі, відавочна, не бывае. Кожны, хто выходзіў на сцэну, здабыў маленькую вікторыю: перамогу над страхам публічнага выступлення, над сваімі хваробамі, фізічнымі і псіхічнымі недасканаласцямі.

Фота Дзмітрыя Осіпава.