Сёння ў аграгарадку Германавічы ўшаноўваюць працаўнікоў аграпрамысловага комплексу Шаркаўшчынскага раёна.
Сонечнае і сухое надвор’е, якое радавала нас сваім цяплом амаль увесь жнівень, дазволіла шаркаўшчынскім хлебаробам у самыя аптымальныя тэрміны ўбраць спелую збажыну з палеткаў. Вянцом сёлетняга жніва сталі раённыя Дажынкі, якія прайшлі 7 кастрычніка ў аграгарадку Германавічы.
Арганізатары свята прыклалі максімум намаганняў, каб урачыстасць прайшла на высокім узроўні, запомнілася ўсім, хто завітаў у гэты дзень у Германавічы.
А пятнаццатай гадзіне адбыўся мітынг і цырымонія ўскладання кветак да помніка ў памяць аб загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны земляках. Кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй райвыканкама Дзмітрыем Ламака, старшынёй раённага Савета дэпутатаў Уладзімірам Шпяцом разам з намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкама Барысам Яфрэмавым, а таксама прадстаўнікамі грамадскасці і духавенства каля памятнага месца заклалі алею з туй.
У цэнтры аграгарадка працаваў тэматычны двор “Ураджайны фальварак”, дзе з самага ранку прадстаўнікі сельгаспрадпрыемстваў раёна размясцілі свае гасцінныя падворкі. Побач былі і гандлёвыя рады Пастаўскага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства, дзе набывалі свежыя хлебабулачныя і кандытарскія вырабы. Работнікі Радзюкоўскага і Більдзюжскага СДК прапанавалі жадаючым прыняць удзел у майстар-класе па выпечцы дранікаў на калодзе і пасмакаваць бульбяныя смачныя бліны. Побач працавала выстава дажыначных караваяў.
Ушанаванне перадавікоў сельгасвытворчасці па выніках жніва пачалося з прывітальнага слова старшыні райвыканкама Дзмітрыя Ламака. Вялікую ўдзячнасць шаркаўшчынскім хлебаробам адрасаваў намеснік старшыні аблвыканкама Барыс Яфрэмаў, прадстаўнікі інтэграцыйных структур з Полацка і Глыбокага. Кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, лепшыя камбайнеры, механізатары, вадзіцелі, аператары зернесушыльных комплексаў былі адзначаны шматлікімі ўзнагародамі і каштоўнымі падарункамі.
Святочны, узнёслы настрой прысутным хлебаробам стваралі работнікі ўстаноў культуры Шаркаўшчынскага раёна і народны ансамбль народнай песні “На панадворку” з горада Браслаў.
Сяргей РАЙЧОНАК.