Автор: . Дата создания:

Праграма «Крок насустрач мінуламу» прадугледжвае вывучэнне, захаванне і папулярызацыю гісторыка-культурнай спадчыны краю праз арганізацыю пошукава-творчых, інтэрактыўных музейных мерапрыемстваў.

Гэты напрамак работы глыбоцкіх музейшчыкаў высока ацэнены спецыялістамі і рэкамендаваны для пераймання музеямі іншых рэгіёнаў.

– Калі ў 2020 годзе распачыналі праграму, ставілі перад сабой задачу зацікавіць дзяцей і моладзь вывучэннем гісторыка-культурнай спадчыны рэгіёна, – расказала дырэктар музея Алена Мядзелец. – Наша праца арганічна ўпісалася пазней у шматгранную праграму Года гістарычнай памяці. З дапамогай тэхнічных сродкаў і сучасных тэхналогій сталі праводзіць рэальныя і віртуальныя падарожжы, іншыя мерапрыемствы разнастайнай тэматычнай накіраванасці і такім чынам прыцягнулі да вывучэння спадчыны розныя ўзроставыя групы маладых людзей.

Адным з такіх найбольш папулярных мерапрыемстваў стаў гарадскі квэст. Пра яго папулярнасць гаворыць той факт, што аднойчы ў ім прынялі ўдзел 13 каманд. Каля ста чалавек змагаліся за права быць прызнанымі лепшымі знаўцамі мінулага горада і яго сённяшняга дня.

– Для большай цікавасці да гульні прымяняем інтэрактыўныя заданні з выкарыстаннем фота- і відэаматэрыялаў, інавацыйна-камунікацыйныя прыёмы, пашыраем геаграфію гульні, – удакладніла Алена Мядзелец.
— Квэсты ўключылі ў экскурсіі, што паспрыяла самастойнасці пры вывучэнні школьнікамі і маладымі работнікамі гістарычнага мінулага і надала самім экскурсіям дынаміку.

Актыўнаму інтэлекту­аль­наму баўленню часу спрыяюць велапрабегі, велаэкскурсіі, арга­нізацыяй якіх таксама займаецца музей. Велапрабегі «#ровар.bу»,«Пунсовыя ветразі»,
«Каб памяталі»,«Да духоўных крыніц» набылі ў раёне папулярнасць. Апошні, як паведаміла кіраўнік музея, доўжыцца больш за 140 км, пралягае па месцах, дзе ў гады вайны дыслацыраваліся партызанскія атрады, адбываліся буйныя сутычкі з ворагам і іншыя значныя падзеі ваеннай гісторыі. Уся гэта работа пашырае веды маладых глыбачан па гісторыі краю, а разам з імі фарміруе гонар за сваю зямлю, сваіх продкаў.

Удзельнікі ўсіх пералічаных мера­прыемстваў абмяркоўвалі злабадзённыя тэмы, звязаныя з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, ушанаваннем памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр вайны, генацыдам беларускага народа. Так музейшчыкі дапамагалі моладзі сфарміраваць разуменне цэласнасці гістарычных працэсаў, неабходнасць захавання памяці пра гераічнае мінулае, важнасць недапушчэння перапісу гісторыі.

Усіх мерапрыемстваў, якія прайшлі ў межах праграмы «Крок насустрач мінуламу», пералічыць цяжка, але кожнае заслугоўвае ўвагі, бо іх вынік – высокая сацыяльная актыўнасць моладзі Глыбоччыны, шырокае засваенне імі ведаў па гісторыі і этнаграфіі краю.