Успамінамі было прасякнута свята вёскі ў Целяках, якое мясцовыя жыхары чакалі і да якога рыхтаваліся — наводзілі парадак у дварах, даставалі з шафаў і куфраў рукадзелле, гатавалі стравы. Так, сям’я Маслюк прапанавала торт.
Які ў доме гаспадар, людзі часцей за ўсё мяркуюць па дагледжанасці панадворкаў, агародаў, прыгажосці палісаднікаў. У Целяках Пастаўскага раёна 48 двароў, і выбраць лепшы, каб пашанаваць на свяце, як адзначыла загадчыца СДК Марына Смулько, было цяжка. Вельмі многія прэтэндавалі на званне «лепшы». Перавагу журы аддало падвор’ю Юрыя і Тамары Целякоў. Юрый Дзмітрыевіч – старэйшына вёскі, сочыць за парадкам у ёй, клапоціцца пра своечасовае абкошванне травы ўздоўж вуліц – іх тут дзве: Цэнтральная і Зарэчная, пра вываз смецця, арганізуе суботнікі. Іх з жонкай сядзіба – прыклад для іншых суседзяў.
Разам з іншымі вяскоўцамі старэйшына клапаціўся пра добраўпарадкаванне мясцовага ФАПа. Гаспадарка «Хацілы-Агра» прафінансавала рамонт будынка медустановы, выдзеліла 20 тысяч рублёў, якіх хапіла на дах, вокны, пафарбоўку, і нават на асфальтаванне пляцоўкі перад пунктам.
– Тысячу выдзелілі на вясковае свята, каб у арганізатараў было на што набыць падарункі і сувеніры пераможцам у розных намінацыях, – дабавілі ў Курапольскім сельвыканкаме.
Ля ўладкаванай імправізаванай сцэны арганізатары свята – сельвыканкам і клуб – узгадалі гісторыю вёскі, сучасныя здабыткі цяперашніх жыхароў. У ліку першых шанавалі Пракоф’ю Гіль, якая маленькай дзяўчынкай прайшла праз фашысцкія засценкі. Яна стала гераіняй у намінацыі «старэйшыя жыхары Целякоў».
Дзякавалі прысутныя Мікалаю Яльчыку, былому ваеннаму, які і ў грамадзянскім жыцці абараняў іх інтарэсы, будучы старшынёй сельвыканкама, а зараз дапамагае ў апрацоўцы агародаў, іншых работах па гаспадарцы. Ён разам з вяскоўцамі змайстраваў мост праз тутэйшую рачулку.
Частка жыхароў вёскі ў розныя гады вучылася ў мясцовай школе, у якой каля 50 гадоў адпрацавала Зоя Цяляк. Таму на свяце не раз узгадалі розныя гісторыі са школьнага жыцця, было што ўспомніць настаўніцы і яе выхаванцам.
Жыццё зноў віравала ў памяці прысутных. Успаміналі, хто з кім сябраваў, сварыўся – час сцёр эмоцыі, пра ўсё гаварылі з жартам, дружна частаваліся прынесенымі стравамі, пакуль не прыйшла пара ісці на працу жывёлаводам. У вёсцы дзве фермы – малочнатаварная і цялятнік. Ліля Стрэльская, Надзея Машара і Святлана Сячкар дояць кароў, Ірына Бурак і Тамара Цяляк даглядаюць цялят, Ігар Стрэльскі заняты на адкорме буйной рагатай жывёлы. У астатніх работнікаў быў выхадны, і яны спакойна бавілі час на вясковым свяце. Было багата ўспамінаў, песняў, увагі да вяскоўцаў.