Автор: . Дата создания:

“Зара” была другім пасля “Спартака” кінатэатрам у пасляваенным Віцебску і ўвогуле першым аб’ектам сацыяльна-культурнага прызначэння, які размясціўся паміж сучаснымі праспектамі – Маскоўскім, Чарняхоўскага, Будаўнікоў і Перамогі. Гэтая вялікая частка горада тады скаладалася з прыватнага сектара.

Зараз бы кінатэатр амаль выходзіў на праезджую частку Маскоўскага праспекта, а тыльным тарцом падпіраў колішняе кафэ “Журавінка” – цяпер бар “Вугал 90”.

 

Паводле ўсіх крыніц, “Зара” адкрылася ў 1948-м. Але ў падшыўцы “Віцебскага рабочага” за гэты год не ўдалося знайсці звестак пра такую значную падзею ў жыцці горада. У справаздачы намесніка старшыні выканкама Віцебскага абласного Савета дэпутатаў працоўных П. Савіка “Расце і шырыцца культурнае будаўніцтва” ў нумары за 26 чэрвеня 1948 года адзначаецца, што ў Віцебску дзейнічаюць драматычны тэатр імя Я. Коласа, кінатэатр “Спартак”, 6 рабочых клубаў, адкрыты гістарычны музей. Дарэчы, у той перыяд амаль у кожным нумары газеты друкавалася кінаафіша. У ёй быў пазначаны толькі “Спартак”, а ў ліпені 1948-га з’яўляецца рэклама кінатэатра РДК (напэўна, раённы Дом культуры). Магчыма, пад такім статусам і пачынала “Зара”, бо наступны кінатэатр, які дадаўся ў афішу толькі 25 лютага 1949 года, – “1 Мая”. Ён быў драўляным і знаходзіўся на сучасным праспекце Фрунзэ за рэстаранам “Зялёна Гура”.

Як бы ні было, у 1950-х “Зара” напоўніцу несла ў масы “галоўнае з мастацтваў”, а таксама мела функцыі ідэалагічнай накіраванасці. У тыя часы ў кінатэатрах праводзіліся розныя лекторыі, сходы, тэматычныя вечары і сустрэчы з цікавымі людзьмі. Важным момантам была наяўнасць нагляднай агітацыі палітычнага характару. На старым здымку мы бачым грунтоўны плакат з цытатай з рашэння з’езда ці пленума ЦК КПСС: “Камуністычная партыя лічыць безумоўна неабходным і далей забяспечваць апераджальны рост цяжкой прамысловасці. Перш за ўсё чорнай і каляровай металургіі, вугальнай і нафтавай прамысловасці, энергетыкі, машынабудавання, вытворчасці хімічных прадуктаў і будаўнічых матэрыялаў”. Але галоўныя на фатаграфіі – дзве юныя сяброўкі, апранутыя па тагачаснай модзе. Яны прыйшлі ў кіно ў даволі лёгкім для зімы абутку, а вось жанчына больш сталага веку, што ідзе за імі, не пасаромелася валёнак. Старажылы расказваюць, што ў “Зары” было вельмі холадна, і за час сеанса можна было прамерзнуць. Яшчэ гавораць, што ўзвядзенне кінатэатра вялося з парушэннямі, таму на кіраўніка будоўлі праваахоўныя органы завялі крымінальную справу.

Афіша на “Зары” сведчыць, што ў кінатэатры дэманструецца фільм “Саша ўступае ў жыццё”. Гэтая лента са складанай гісторыяй была знята рэжысёрам Міхаілам Швейцарам па аповесці Уладзіміра Цэндракова ў 1956-м пад першапачатковай назвай “Тугі вузел”. У 1957-м карціну адправілі на перапрацоўку і толькі затым выпусцілі ў абмежаваны пракат. Фільм апавядаў аб праблемах сялянскага жыцця. Старшыня калгаса Гмызін як можа дапамагае Сашу Комелеву (першая роля Алега Табакова), сыну нядаўна памерлага сакратара райкама партыі. Юнак паступае на завочнае аддзяленне інстытута і пачынае працаваць у калгасе. Новы сакратар райкама Мансураў спачатку запальвае ўсіх сваёй энергіяй, імкненнем вывесці раён у перадавыя. Аднак хутка многія разумеюць, што ён кіруецца не заботай аб людзях, а ўласным славалюбствам.

Як пазней згадваў рэжысёр, пры праглядзе рабочай версіі некаторыя сакратары ЦК КПСС насцярожыліся. У далейшым пытанне аб “Тугім вузле” вынеслі на паседжанне парткама “Масфільма”, дзе стужку прызналі “ідэйна заганнай”. Стваральнікам уручылі спіс прэтэнзій на некалькіх машынапісных старонках. У прыватнасці, неабходна было перайначыць трактоўку вобразаў партыйных дзеячаў, выключыць рэплікі з негатыўнай характарыстыкай ўзаемаадносін паміж райкамамі і абкамам, перарабіць гісторыю самагубства аднаго са старшынь калгасаў, перапісаць музычны фон, замяніўшы на “светлы і аптымістычны”. Вось такі абноўлены фільм прыйшоў у кінатэатры, у тым ліку віцебскую “Зару”. Але хутка яго ўсё ж паклалі на полку. У 1988 годзе стужка вярнулася да гледача ў першапачатковым стане разам з іншымі забароненымі, у тым ліку “Заставай Ільіча”, “Камісарам”, “Гісторыяй Асі Клячынай, якая кахала, ды не выйшла замуж”.

У сувязі з рэканструкцыяй і пашырэннем плошчы Чарняхоўскага (цяпер плошча Перамогі) “Зару” знеслі. Апошні раз у афішы “Віцебскага рабочага” яна з’явілася 6 верасня 1969 года разам з “Кастрычнікам”, “Спартаком”, “Мірам”, “Усходам”, “Зенітам”, “Дружбай”, “1 Мая”. Лебядзінай песняй “Зары” стала меладрама “Падаючы іней”. Фільм кінастудыі імя Даўжэнкі расказваў пра лёс марака, якога хворым і без дакументаў высадзіў на востраў Міжземнага мора капітан іншаземнага судна. Яго знайшла і дала прытулак рыбачка Сільвана. Пасля цяжкай хваробы ён забыў сваё мінулае. Стаў выхадзіць з сынам Сільваны ў мора лавіць рыбу. Аднойчы, прастыўшы, ён у трызненні пачаў крычаць па-руску…

Цікава, што ў той час у Віцебску ўзводзіліся многія вядомыя цяпер аб’екты. У інтэрв’ю ад 15 сакавіка 1969 года старшыня Віцебскага гарвыканкама Уладзімір Багданаў у прыватнасці паведамляў, што пачалося будаўніцтва новага корпуса педінстытута на Смаленскай шашы (цяпер Маскоўскі праспект), працягваецца ўзвядзенне 12-павярховай гасцініцы (“Віцебск”), на чарзе – 9-павярховы дом з памяшканнем рэстарана на 300 месцаў, кафэ і магазінам па вуліцы Леніна (дом з рэстаранам “Паўночная сталіца”), будынак шыракафарматнага дзвюхзальнага кінатэатра на 1000 месцаў (“Беларусь”). Планавалася ў бліжэйшы час увесці ў эксплуатацыю аўтобусны парк на 200 машын і спарткомплекс пры СШ №31.

Імёны дзвюх дзяўчын на старой фатаграфіі высветліць не ўдалося. Але для гісторыі назавём тых, хто дапамагаў у яе рэканструкцыі. Гэта супрацоўніцы “ВВ” Таццяна Гарнова, Наталля Камлёва, Вікторыя Шароўская, Жанна Шунько, Таццяна Пастарнак.

Фота Антона Сцепанішчава.