Автор: . Дата создания:

Пра Ваню Зубко я даведалася з сеціва. Яго бацькі расказвалі пра здароўе малога, праведзеныя сябрамі і знаёмымі акцыі па зборы сродкаў на лячэнне, дзякавалі за дапамогу. Захацелася пазнаёміцца з маладымі пастаўчанамі, якія так актыўна змагаюцца за сваё дзіця. Іх вопыт можа быць карысным для іншых: кагосьці навучыць, як захаваць веру і надзею, падкажа адрасы, дзе шукаць падтрымку, ды многа яшчэ чаго патрэбнага бацькам дзяцей-інвалідаў.

Кірыл, Таццяна і Ванечка Зубко. Фота з сямейнага архіва

Ніхто не ведае, якія выпрабаванні падрыхтаваў нам лёс, што можа здарыцца з намі заўтра. Да пэўнага часу Кірыл з Таццянай пра гэта не задумваліся. Стварылі сям’ю, пераехалі жыць у Паставы, уладкаваліся на працу, атрымалі службовую кватэру, абзавяліся сябрамі. Неўзабаве здарылася яшчэ адна радасць – Таццяна зацяжарыла. Бацькі ведалі, што гэта будзе сын, і яшчэ да нараджэння назвалі яго Ванем.

– У гонар майго дзядулі,– патлумачыў Кірыл. – Той унутраны стрыжань, што маю, – вынік яго выхавання. Хацелася, каб і мой сын меў такую ж сілу характару і разам з тым добразычлівасць і спагадлівасць да людзей. Пра гэта я ўжо паклапачуся.

На жаль, роды аказаліся складанымі, немаўля прыйшло на свет на мяжы жыцця і смерці. Медыкі «супакоілі»: маўляў, вы маладыя, будзеце мець яшчэ дзяцей. І пазней у бальніцы больш высокага статусу пасля ўдакладнення стану здароўя дзіцяці Таццяне з Кірылам прапанавалі аддаць сына ў спецыяльную лячэбную ўстанову.

– Ну як мы маглі адрачыся ад маленькага бездапаможнага чалавечка? – сказаў Кірыл. – Мы паглядзелі з жонкай адно аднаму ў вочы і прынялі адзінадушнае рашэнне: наш сын жаданы, ніколі яго не пакінем. І пакляліся зрабіць усё, каб жыццё хлопчыка не было пакутлівым.

Забег «Кіламетры дабра» ў Кітаі. Фота з адкрытых крыніц

Вось за гэта яны змагаюцца ўжо амаль 4 гады. Бальніцы, санаторыі, лячэнне дома – усё падпарадкавана таму, каб Ванечка развіваўся, мацнеў фізічна. Кожная самая маленькая змена да лепшага – свята для бацькоў. Кірыл не горш за прафесіяналаў асвоіў масаж, вывучыў комплекс практыкаванняў, па хвілінах распісаў заняткі з сынам… Ён цяпер нянька, а ў перапынках паміж стацыянарным лячэннем яшчэ і медыцынскі работнік. Жыццё прымусіла пакінуць службу, навучыцца ўсяму па доглядзе за хворым дзіцяці.

– Было вельмі цяжка застацца сам-насам з хворым сынам, – гаворыць Кірыл. – Многага не ўмелі і не ведалі, дзе шукаць падтрымку. Дарэчы, як і іншыя бацькі, якія апынуліся ў падобнай сітуацыі. Але Бог літасцівы, паслаў нам дапамогу ў асобе Рыты Шылей, мясцовага фатографа, у якой дачка-інвалід.

Менавіта Рыта падказала замежныя медыцынскія цэнтры, якія спецыялізуюцца на лячэнні такіх хвароб, як у іх дзяцей, як сабраць сродкі на аплату. Назваць спонсарамі тых людзей нельга – занадта суха. Сотні, а магчыма, і тысячы пастаўчан, жахароў нашай краіны і далёкага замежжа ахвяравалі грошы на лячэнне Ванечкі. Адгукнуліся каталіцкія і праваслаўныя парафіі.

Правялі дабрачынныя канцэрты, кірмашы, для якіх, напрыклад, майстры з розных куткоў Беларусі прыслалі свае работы, паклалі грошы на рахунак ці тэлефон сям’і. А беларуская дыяспара ў Кітаі арганізавала ў верасні гэтага года забег пад назвай «Кіламетры дабра» ў падтрымку лячэння Вані Зубко.

Дыстанцыю ад паўтара да трох кіламетраў прабеглі каля 60 чалавек з Пекіна, Шанхая, Гуанчжоў, іншых гарадоў. У іх ліку былі і супрацоўнікі Пасольства Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы. Дзякуючы акцыі сям’я Зубко аплоціць лячэнне ў польскім медцэнтры.

Кажуць, Бог дае кожнаму з нас свой крыж. Пастаўчане Кірыл і Таццяна Зубко нясуць яго без нараканняў на Усявышняга і ўвесь свет за бяду, якая выпала ім, змагаюцца за сваё дзіця, удзячныя дабрадзеям, якіх, на шчасце, таксама многа на нашай зямлі.