Вясёлы парад-карнавал правялі ў Полацкім раёне ў гонар старажытнага зімовага свята, што сімвалізуе паварот сонца на лета і пачатак новага цыклу жыцця.
– Хай у свеце ўсе пачуюць – беларусы калядуюць! – з такой гучнай заявы пачалася святочная містэрыя. Напярэдадні старога Новага года аматары традыцыйнай культуры з дзесяці сельсаветаў Полаччыны сабраліся на фолк-арт-уікэнд “Калядны разгуляй” у вёсцы Багатырская, каб узгадаць старадаўнія звычаі продкаў.
Кожны гурт прывёз з сабой крупы для адмысловай рытуальнай кашы – куцці, што, згодна з павер’ямі, мае магічнае значэнне і можа надаць усім моцы, здароўя, удачы. Міфалагічныя персанажы, у ролі якіх выступалі ўдзельнікі каманд, таксама напаўнялі абрадавую дзею сімвалічным сэнсам. Каза гарантавала ўрадлівасць і плоднасць, бо “дзе яна ходзіць, там жыта родзіць, у каго бывае – таго шчасце чакае”, бусел увасабляў апекуна сямейнага ладу, конь – багацце і дастатак, а ў цэлым калядоўшчыкі лічацца божымі пасланцамі, што ідуць “з далёкага краю, з-пад самага раю” і нясуць людзям долю на ўвесь будучы год.
Удзельнікі свята аспрэчвалі тытулы самых вясёлых і вынаходлівых калядоўшчыкаў у шматлікіх конкурсах і забавах – спявалі, танчылі, ладзілі народныя гульні і карагоды. Не абышлося без варажбы – добрымі прадказаннямі парадавалі адразу некалькі абаяльных цыганак. А на развітанне ўсе прысутныя вырашылі замацаваць поспех яшчэ і пэўнымі магічнымі дзеяннямі, пажадаўшы адно аднаму, каб кішэні былі поўнымі, а жыцця дарогі роўнымі.
Фота Ларысы МАЛАШЭНІ.