Кажуць, што культурны ўзровень грамадства вызначаецца колькасцю калекцыянераў. Існуе іх рэспубліканскае аб’яднанне, у абласных цэнтрах і іншых гарадах створаны клубы. У Віцебску яшчэ не так і даўно быў музей прыватных калекцый.
Адметныя хатнія музеі стварылі пенсіянеры Людміла Гагалінская з Верхнядзвінска (выстава цікавых знаходак у кватэры), Леанід Ціханаў з Віцебска (прысвечанай сямейнаму радаводу экспазіцыяй заняты паддашак катэджа), вядомы беларускі паэт і наш зямляк Сяргей Панізьнік («Хатка бабкі Ядзвінні» ў Лявонпалі Міёрскага раёна і «Хатка бабкі Параскі» на летніку ў Цінкаўцах Верхнядзвінскага), гаспадар аграэкасядзібы Мікалай Валеўка з Браслава (збор мясцовай старасветчыны), колішні фермер Мікалай Панкрат з Полацка (музеі «Шчасце Айчыны — наша шчасце» і «А. С. Пушкін. Погляд з мінулага»). Апошнія пяць даступныя для аглядальнікаў.
— Сапраўдны калекцыянер — той, хто не баіцца паказаць народу свой збор, — перакананы Мікалай Панкрат, уладальнік прыватнай экспазіцыі, якая ў абласных маштабах, напэўна, рэкардсмен па ліку наведвальнікаў. Амаль за 8 гадоў яе існавання тут пабывалі 11507 чалавек з 46 краін свету і ўся айчынная прэса.
Здаецца, большасць экспанатаў — бачаныя-перабачаныя, асабліва тымі, чыё жыццё супала з эпохай СССР. Напрыклад, шчыльныя шэрагі бюстаў, статуэтак Леніна, скульптурных кампазіцый з яго вобразам, якія, у залежнасці ад памераў і вагі, знаходзяцца ў памяшканні або каля дома ў палісадзе ці прама на тратуары.
Правадыр сусветнага пралетарыяту быў самым растыражаваным героем тагачаснай рэчаіснасці, ды і сёння падобныя помнікі — звыклы атрыбут кожнага горада. Аднак сабраныя разам, гіпсавыя, чыгунныя, з бронзы, алюмінію і іншых танных і не вельмі матэрыялаў, яны ўражваюць разнастайнасцю і, як кажуць мастацтвазнаўцы, «легендай».
— Калекцыя фундуецца на базе майго жыцця, —падкрэсліваючы гэта, Мікалай Глебавіч мае на ўвазе некалькі акалічнасцей. Па-першае, некаторыя экспанаты звязаны з яго ўласнай біяграфіяй — вучобай у школе, працай ў лясной гаспадарцы, службай у войску і інш. Па-другое, збіраў калекцыю 20 гадоў, ахвяруючы часам, грашыма (набыццё рарытэтаў, узнаўленне пашкоджаных экземпляраў каштуюць нямала) і — непазбежны выдатак — разуменнем блізкіх. Па-трэцяе, сам нарадзіўся і сталеў у эпоху СССР. Выракацца ўчарашняга дня з яго станоўчымі і адмоўнымі праявамі, лічыць, ранавата. Звышзадача, дзеля якой створаны музей, — служыць прымірэнню розных пакаленняў, дружбе славянскіх народаў, урэшце — культуры.
Раней ён называўся «Эпоха Леніна». Напачатку рэакцыя на гэта была рознай, помнікі, што на вуліцы, хуліганы нават фарбай аблівалі. Слухаючы эмацыянальныя ўспаміны Мікалая Глебавіча пра станаўленне музея, так і хочацца сказаць словамі Сяргея Ясеніна, серыя міні-бюстаў якога таксама ўпрыгожвае шматаблічную экспазіцыю: «Лицом к лицу лица не увидать. Большое видится на расстоянии». Пройдзе час — і новым пакаленням не толькі палачан абавязкова захочацца бліжэй пазнаёміцца са сведчаннямі лёсу сваіх папярэднікаў.
— Пяць гадоў служыўшы ў Германіі, пахадзіў па тамтэйшых музеях, галоўным чынам прыватных. У нас заканадаўствам не вызначаны статус хатняга музея, таму мы, як кажуць, не ў сістэме. Хаця нічога супрацьзаконнага не раблю, а паставіць указальнік у бок вуліцы Катоўскага, дзе месціцца мая калекцыя, нельга. А то б наведвальнікаў магло быць куды больш, асабліва тых, якім яна насамрэч адрасавана, — зазначае калекцыянер.
За стварэнне двух недзяржаўных музеяў летась Мікалаю Панкрату быў уручаны «Ганаровы знак імя Савы Марозава» ў Арэхава-Зуеве Маскоўскай вобласці. Полацкі калекцыянер быў ганаровым госцем Дня горада, развіццю якога ў свой час паспрыяў вядомы рускі прамысловец і мецэнат. Наш зямляк — першы замежны грамадзянін, які мае гэтакі знак.
Утрымліваць калекцыю становіцца ўсё складаней. Яе асвятляюць 50 электралямпачак, Мікалай Глебавіч — сам экскурсавод і прыбіральшчык. У дадатак экспанатам ужо цесна на двух паверхах, каб «разгрузіць сітуацыю», гэты неўтаймоўны чалавек будуе па суседстве другі дом.
— Праект спыніўся з-за грашовых праблем. Не п’ю, не палю цыгарэт, але пенсія невялікая. Каб дах там зрабіць, прадаў аўто. Ёсць што ў калекцыі па два экземпляры — таксама прадаю. За дапамогу ў афармленні экспазіцыі дзякуй мясцоваму рэкламнаму агенцтву «Апельсін», — гаворыць ён.
Нягледзячы на праблемы, грошы за ўваход у свой хатні музей па-ранейшаму не бярэ.
— І нізавошта не буду, бо не маю ні юрыдычнага, ні — гэта прынцыпова — маральнага права, — падкрэслівае Мікалай Глебавіч.
Сябры жартуюць, што ён прыкаваны да музея, быццам раб да галераў, і раяць адчыніць у гэтым памяшканні краму або здаць яго ў арэнду. Нашчадкам сваіх клопатаў досыць. Можна, канешне, прадаць калекцыю, пакупнікі знайшліся б у Расіі і нават у Францыі. Толькі гадаванцу Дзісны і жыхару Полацка Мікалаю Панкрату вельмі хочацца, каб яна засталася менавіта на радзіме, бо, па вялікаму рахунку, гэта народны набытак.
— Праўду кажучы, стаміўся — адзін жа ў полі не воін. Але калі чалавек крыўдзіцца на час, улады, цяжкасці — ён труцень, лайдак. За культуру змагаўся і буду змагацца, — такія далейшыя намеры энтузіяста-музейшчыка.
Фота Галіны Шпакоўскай.