Автор: . Дата создания:

Па словах старшыні Беліцкага сельсавета Сяргея Галынчыка, сюды часта наведваюцца турысты, сярод іх ёсць і дасведчаныя ў архітэктуры людзі. Напрыклад, яны сцвярджаюць: комін былога спіртзавода складзены такім чынам, што з’яўляецца творам мастацтва. Але і іншыя аб’екты выклікаюць цікавасць. Нездарма моладзь рэгулярна робіць фотасесіі на фоне будынкаў, якія маюць гістарычную каштоўнасць.

Вежа палаца Свяцкіх яшчэ трымаецца.

Маёнтак у Беліцы быў адным з найбуйнейшых і тэхналагічна перадавых на тэрыторыі Беларусі. Апошні ўладальнік Карл Свяцкі прадставіў у 1901 годзе на Мінскай сельскагаспадарчай выставе каля 40 відаў прадукцыі ў прамысловым і хлебным аддзелах. Тут мелася каля 6 тыс. га зямлі, што дазваляла весці інтэнсіўную гаспадарку з 8-9-польным сева-зваротам, апроч таго займаліся племянной жывёлагадоўляй. Працавала вінакурня, цагельня, маслабойня. Дзейнічаў паравы млын і два вадзяныя, а таксама вятрак. Пасля рэвалюцыі маёнтак нацыяналізавалі і стварылі на яго базе саўгас «Беліца», які пазней стаў племсаўгасам «Полымя». Дарэчы, напрыканцы 1980-х па ініцыятыве тагачаснага першага сакратара райкама КПБ Мікалая Дамашкевіча (цяпер памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – галоўны інспектар па Віцебскай вобласці) у адным з памяшканняў спіртзавода быў створаны цэх па выпуску чыпсаў. Гэты ласунак з бульбы быў ці не першым на Беларусі і даволі папулярным сярод пакупнікоў.

Па гэтым арачным мосце хадзіў Янка Купала.

Беліца мае дачыненне і да беларускай культуры. Гэтыя збудаванні памятаюць 21-гадовага Івана Луцэвіча – будучы народны паэт Беларусі Янка Купала прыехаў сюды ў снежні 1903-га. Спачатку ўладкаваўся на працу ў канторы, а потым атрымаў пасаду малодшага прыказчыка. З-за хваробы маці юнак быў вымушаны з’ехаць адсюль вясной 1904 года. Тут ён напісаў верш «Мая доля», а налета паэт склаў знакамітага «Мужыка», дзе лірычны герой наракаў на свой лёс: «Бо я мужык, дурны мужык». Магчыма, Янку Купалу натхнілі і назіранні за жыццём мясцовых «паноў сахі і касы».

Маслабойня (на заднім плане) і 4-павярховы будынак склада.

Аб былой велічы сведчаць і рэшткі палаца Свяцкіх. Кажуць, што ў ім існуе падземны ход, які вядзе за межы вёскі. Вежа, якая цяпер больш-менш трымаецца, пабудавана ў 1911 годзе. На другім паверсе тут меў майстэрню па разьбе па дрэве сын Карла – Станіслаў. Ён таксама калекцыяніраваў зброю, марскія ракавіны, чучалы птушак і птушыныя яйкі. Пасля рэвалюцыі некалькі месяцаў у Беліцы панавала безуладдзе. Палякі, якія аднавілі сваю дзяржаву, накіроўвалі ў Беларусь легіянераў для аховы паноў ад пагромаў і рабаўніц-тва. У студзені 1918 года ў Беліцу прыйшоў польскі атрад – каля 150 чалавек. Гаспадары пагрузілі маёмасць на падводы і выправіліся ў Польшчу. Але існуе легенда, што напярэдадні ад’езду Карл Свяцкі двое сутак вывозіў каштоўнасці некуды ў лес. З 1920-х у палацы дзей-нічала сельскагаспадарчая школа, падчас вайны тут размяшчаўся нямецкі гарнізон, пасля – сельскагаспадарчы тэхнікум. У 1988 годзе палац вырашылі рэканструяваць. Але спецыялісты знялі толькі дах, і будынак пачаў гібець. Праўда, апроч дажджу, ветру і снегу да яго руйнавання далучыліся і ахвочыя да дармавой цэглы людзі.

Некалькі гадоў назад пяць аб’ектаў комплексу Свяцкіх выкупіла замежная кампанія, каб яго ўзнавіць. Але нешта ў бізнесменаў не атрымалася, яны нават не даглядаюць за тэрыторяй, нібы забыліся пра набытую маёмасць. Летась з дапамогай пракуратуры, райвыканкама і дыпламатычных каналаў іх удалося прымусіць да дабраўпарадкавання тэрыторыі вакол палаца. Але сёлета новым уласнікам не да таго. Кажуць, што ў іх памёр адзін з заснавальнікаў, і фірма перажывае рэарганізацыю. Комплекс знаходзіцца пад аховай і доглядам мясцовай улады, але рэсурсы яе абмежаваныя.

…Тутэйшыя жыхары памятаюць гук заводскага гудка, які клікаў на працу ад панскіх часоў на працягу некалькі дзесяцігоддзяў. Ім шкада гістарычных будынкаў і непакоіць іх далейшы лёс. Адна з жанчын, заўважыўшы нашу цікавасць да будынкаў, раптам спытала: «Ці вы, можа, купляць будзеце?»

ФотаАнтонаСцепанішчава