Автор: . Дата создания:

Стужка гравійкі ўздоўж аднаго з найпрыгажэйшых вадаёмаў Браслаўшчыны — возера Снуды — вяла нас паўз дыхтоўныя і не надта сядзібы на хутар Якубянцы за 15 км ад райцэнтра. Яшчэ не сезон, і ў дварах, што трапляліся абапал дарогі, ціха. Няма дачнікаў, мясцовыя, у асноўным людзі пажылыя, у чаканні прыходу цяпла сядзяць па хатах. Але вось на пагорку карціна памянялася. Убачылі аднаго, другога каня, поні, якія гулялі ў загонах. Завярнулі ў двор і апынуліся ў акружэнні… некалькіх дзясяткаў сабак і катоў.

Мая спадарожніца і вадзіцель аўто брас­лаўская прадпрымальніца Вольга Шакель разам з унучкай Алінай ехала сюды не першы раз. Па пятніцах яны прывозяць на хутар корм для жыўнасці. Для коней пачастунак у выглядзе кускавога цукру, для сабак і катоў – тры вядры кашы, зваранай на мясной поліўцы. Як пазней прызналася Вольга, гатавала корм да трох гадзін ночы. Гэта яе ахвяра жывёле, якую людзі прывучылі да сябе, але пра адказнасць забыліся.

– Не бойцеся, – сказала яна мне, – выходзьце з машыны. Сабакі не крануць.

І сапраўды, яны весела заскакалі вакол, лашчыліся і спакойна рэагавалі на пачастунак. Паміж сабак уціснуліся каты, а пасля да іх далучыўся яшчэ і певень – абед праходзіў у сяброўскай атмасферы.

Яшчэ адно вядро з ежай адправілі ў вальер – там за загародкай сабакі з больш сур’ёзным характарам. Трэцяе вырашылі аднесці ў хату, якая стаяла ў глыбіні двара. Але ад гаспадарчых пабудоў да нас ужо ішла маладая жанчына – гаспадыня фермерскай гаспадаркі «Гарбунок» Алена Вільчынская, знакамітая не тым, што займаецца вырошчваннем сельгаспрадукцыі, а больш як ратавальніца жывёл, у першую чаргу яе любімых коней, а таксама сабак, катоў і нават каршуноў. А гаспадарка з некалькіх кароў, дзясятка свіней, авечак, гусакоў ды курэй для таго, каб было што паесці самім ды пракарміць «утрыманцаў». Было б правільней сказаць, што СФГ «Гарбунок» – дом састарэлых і інвалідаў для коней, загнаных на іпадромах, скалечаных у цырках, старых цацак заможных людзей і адначасова прытулак для сабак і катоў, выкінутых на вуліцу.

Па-рознаму знаёмыя і незнаёмыя глядзяць на Алену. Адны лічаць дзівачкай, іншыя паважаюць за бескарыслівасць, за мінімальнасць уласных патрэб, за разуменне таго, што чалавек – разумная частка прыроды і гэтак жа разумна павінен адносіцца да ўсяго, што наўкол. Але мне больш дакладным падалося вызначэнне, дадзенае маладым браслаўчанінам, які сказаў:

– Алена – боскі чалавек, жанчына, перад якой хочацца стаць на калені. Прыгожая, ра­зумная, яна прыехала з Браслава ў Маскву, там паспяхова вяла справы, але ўрэшце выбрала вось такі лад жыцця. Як, дарэчы, і яе муж Аляксандр, карэнны масквіч, які прыехаў за жонкай у беларускую правінцыю, асвоіў сялянскае жыццё, дапамагае ратаваць хатніх жывёл і, здараецца, дзікіх звяроў.

Знаёмства з Аленай, размова, пакуль разам хадзілі ля коней, кармілі катоў і сабак, прынесла душэўны разлад. З аднаго боку – адчула захапленне жанчынай, з другога – боль за братоў нашых меншых, прыкрасць да людскіх учынкаў, чэрствасці і многа яшчэ чаго, што не лепшым чынам характарызуе нашы паводзіны. Але пра ўсё па парадку.

Алене крыху за сорак. Нарадзілася і вырасла ў Якубянцах пад наглядам дзядулі і бабулі. Адсюль з’ехала дзяўчынай і вярнулася сталай жанчынай. Цяпер зноў жыве на дзедавай зямлі. Агароды сталі пашай, дом – стайняй.

 З коньмі знаёмая з дзяцінства. Ездзіць верхам, як кажуць, навучылася раней, чым хадзіць. Узгадвае, што школьніцай пісала ў «Піянерскую праўду», хацела, каб у Браславе адкрылі секцыю верхавой язды. Адказ ёй прыслаў знакаміты майстар па конным спорце з пажаданнямі не кідаць сваёй мары.

Яна і не кідала. Паехала ў Маскву, дзе стала займацца яздой прафесіянальна. Пачынала ў адной са стайняў з падрыхтоўкі коней да спаборніцтваў. Потым набыла свайго жарабца. Спа­дзявалася, што чагосьці дасягне ў спорце. Але яе Юпітэр зламаў нагу, і яна адправілася вучыцца на псіхолага.

Ад вялікага спорту ад­мовілася не таму, што конь падвёў. Цяжка захварэла бабуля, якой патрабаваўся пастаянны догляд. Так сем гадоў таму вярнуцца ў Якубянцы яе прымусілі абставіны.

Далейшы лёс склаўся цікава. Адным разам патэлефанавала з Масквы знаёмая і папрасіла ўзяць на нейкі час яе хворага каня. Прывезлі яго, і ён у нас застаўся. Ускладненні пасля хваробы не дазвалялі яму доўга вытрымліваць нагрузку. Потым ужо сама Алена сутыкнулася з сітуацыяй, калі цыркавога каня збіраліся адправіць на мясакамбінат. Выкупіла і прывезла ў Браслаў. Цяпер у яе 10 коней: Буська, Пупс, Хафіза, Джэк, Гном, Міледзі…

Алена Вільчынская ведае лёс кожнага гадаванца. Напрыклад, у аднаго ёсць гаспадыня, якая прысылае грошы на яго ўтрыманне. Конь стары і хворы. Жанчына не захацела бачыць апошняга перыяду яго жыцця і прывезла да Алены.

– Звычайна гаспадары больш не ў стане даглядаць былых любімцаў – фінансава ці маральна. Гэта альбо цыркавыя коні, альбо спісаныя з Рэспубліканскага цэнтра ў Ратамцы на Міншчыне. Заставацца ў спорце ім больш не дазваляе хвароба або ўзрост. Многія сляпыя. Так, Джэк аслеп і пакалечыўся трохгадовым пасля высокіх скачкоў у цырку. Дрэсіроўшчыца пашкадавала яго, выкупіла і даглядала дзесяць гадоў. Апошнія два гады ён жыве ў нас. Руды Сігурд — самы стары, яму больш за 25. Бегаў у Ратамцы, а цяпер мае хворыя ногі, – падзялілася Алена.

Сляпы пярэсты поні прывязаны асобна. Вельмі часта ён зрываецца з месца і бяжыць па крузе, пастаянна ў адзін бок, як выдрэсіравалі ў цырку. Па баках не аглядаецца, ні на што наўкол не рэагуе. Аслеп ад бляску яркіх сафітаў, а па-ранейшаму ўсё робіць і робіць тое, чаму вымуштраваў чалавек.

Абсалютную большасць выхаванцаў гаспадыня ўтрымлівае на ўласныя сродкі.

Пакуль мы размаўляем, Аліна частавала коней і поні цукрам, падносіла далонь з яго кусочкамі жывёлам, а тыя, казычучы скуру цёплымі вуснамі, пяшчотна збіралі пачастунак. На дварэ стаяла яркае сонечнае надвор’е. Але ўсе былі пакрыты папонамі.

–       Навошта? – запыталася ў гаспадыні.

– Усе мае гадаванцы арыстакраты, выведзены для патрэб коннага спорту. На вуліцы не стаялі, у запрэжцы з калёсамі не бегалі. І цяпер прыдатныя толькі для таго, каб павазіць на сабе наезніка, чым па магчымасці ў летнія месяцы і зарабляюць сабе на корм, – патлумачыла яна. Алена абняла за шыю Джэка, які даверліва паклаў галаву ёй на плячо. Гаспадыня і сляпы конь без слоў разумелі і давяралі адно аднаму.

Кранальна і балюча. Як і за некалькі дзясяткаў дарослых сабак і шчанюкоў, катоў і кацянят, што бегалі па двары, сядзелі на ганку, грэліся на складзеных будматэрыялах. Большасць з іх падабраная на вуліцы ці падкінутая ранейшымі гаспадарамі, частка нарадзілася ўжо тут. Стэрылізацыя каштуе грошай, і Алена не паспявае звяртацца да ветурача. А трэба яшчэ лячыць ад хвароб, паразітаў, карміць. Ёсць некалькі дабрадзеяў, якія дапамагаюць жанчыне ў гэтай справе. Але пакуль такіх мала.

Вось і нарадзілася ў браслаўскай прадпрымальніцы думка павесіць ў сваіх кропках скарбонкі з надзеяй, што хтосьці пажадае падтрымаць братоў нашых меншых, якіх людзі прывучылі і кінулі.

Сама ж Алена Вільчынская кажа, што ёй сорамна прасіць дапамогі.

– Гэта маё, і ніхто не прымушаў мяне гэтым займацца.

Проста Алена моцна любіць жывёл.

Фото Тамары ПАШКЕВІЧ.