На Міёршчыне СУП «Цітова» ў пастаянных лідарах па вытворчасці малака. Вялікая заслуга ў гэтым, упэўнены дырэктар гаспадаркі Франц Вершалоўскі, належыць намесніку дырэктара па жывёлагадоўлі Данаце Шчалкун.
Кіраўнік жывёлагадоўчай галіны мэтанакіравана займаецца селекцыйнай работай, клапоціцца пра кармы і прафесіянальную падрыхтоўку кадраў. Прычым на першае месца ставіць дысцыплінаванасць і адказнасць работнікаў ферм. Менавіта Даната Целясфораўна разгледзела ў даярцы Людміле Станкевіч (на фота) тыя якасці, што патрэбны для арганізацыі вытворчага працэсу на малочнатаварным комплексе з даільнай залай, дзе надоі, як лічыла, «прасядалі», і ўгаварыла жанчыну ўзначаліць даволі вялікі калектыў. Было гэта 10 гадоў таму.
Што выбар быў зроблены правільны, пацвердзілі вынікі работы комплексу. Надоі на карову выраслі не на адну тысячу літраў. Год назад тут мелі больш чым па 7 тысяч. А калі камбікорму ў рацыёне паменшала, недахоп кармавых адзінак пастараліся кампенсаваць павелічэннем колькасці травяністых кармоў.
Цяпер дояць у дзень крыху менш 15 кг. Мала, гаворыць Людміла. Але пачаліся масавыя ацёлы, 180 кароў ужо прынеслі прыплод і далі важкую дабаўку да сярэднясутачнага паказчыка. Кармоў у гаспадарцы назапашана з улікам магчыма зацяжной вясны. У гэтым плане даяркам трывожыцца не трэба. Цяпер больш важна рыхтаваць якасныя кармасумесі, поўнасцю захоўваць тэхналогію даення, каб мець больш малака гатункам «экстра», а значыць, і больш важкі даход.
Рабочы дзень на комплексе пачынаецца рана. Ужо ў 6 гадзін раніцы механізатары кормараздатчыкаў Уладзімір Семчанка і Аляксандр Саплёнак заязджаюць у памяшканні, дзе іх чакаюць каровы і цяляты. У даярак свае абавязкі. Утрох да 8 гадзін раніцы яны павінны падаіць каля 550 кароў.
Загадчыцу комплексу Людмілу Станкевіч Даната Шчалкун лічыць заатэхнікам-практыкам, бо да ўсяго тая дайшла сваім розумам, дапытлівасцю. Ведае хваробы, метады лячэння, працэс пакрыцця і догляду прыплоду… Адным словам, стала добрым спецыялістам, надзейным работнікам. Таму калектыў вылучыў яе сёлета на прысваенне звання «Жанчына года Міёршчыны», а райвыканкам пацвердзіў гэтую прапанову сваім рашэннем.
Людміла Станкевіч нарадзілася і вырасла ў адной з вёсак Язненскай акругі. Сялянская праца была для яе звыклай. Не пастрашылася работы на ферме, дзе ўмовы ў той час былі не параўнальнымі з цяперашнімі. У родных мясцінах знайшоўся і нарачоны. Адна за адной нарадзіліся дзве дачкі. Папаўненне ў сям’і супала з цяжкім эканамічным становішчам у гаспадарцы. Таму, калі ёй з мужам прапанавалі работу ў СУП «Цітова», рашыліся на пераезд. У Цвеціне сям’і далі дом, мужу – трактар, а яе чакала месца на комплексе.
Цяпер больш важна рыхтаваць якасныя кармасумесі, поўнасцю захоўваць тэхналогію даення, каб мець больш малака гатункам «экстра», а значыць, і больш важкі даход.
– Станкевічам у гаспадарцы былі рады, – расказвае Франц Вершалоўскі. – Абое працавітыя, адказныя. Сцяпан — механізатар, як кажуць, ад Бога. Любую работу выканае выдатна. Мінулай восенню адзін пасеяў больш за тысячу гектараў азімых. На зіму адпраўляем яго на комплекс. Там на «Амкадоры» грузіць кармы. Але хутка зноў паедзе ў поле. Сяўба без яго не абыходзіцца.
У пару з ім і жонка – працавітая, талковая работніца. Асноўны цяжар арганізацыі работы на комплексе ляжыць на ёй. Яна кантралюе кармленне, сама разлічвае, колькі і якой жывёле патрабуецца кармавых адзінак у рацыёне, сочыць за захаваннем тэхналогіі даення, вядзе ўлік малака, налічэнне заработнай платы… Акрамя дойнага статка, на комплексе знаходзяцца цяляткі. Гэта яшчэ адзін вельмі адказны ўчастак. Маладняк тут расце, лічы, з нараджэння да 6 месяцаў, для яго пабудавалі два новыя цялятнікі, а для зусім маленькіх пастаўлены індывідуальныя домікі.
Спытайце ў Людмілы Уладзіміраўны пра цялятніц — і пра кожную пачуеце добрыя словы.
– Вядома, пахвалю, – кажа Людміла Станкевіч. – Як не падзякаваць, напрыклад, Кацярыне Валынец, якая днямі не пакідае ферму, бо спатрэбіўся больш пільны догляд яе маленькім гадаванцам. І так паступае кожная, калі ўзнікае такая патрэба. А ў жанчын свае сем’і, свае гаспадаркі, даволі часта дзеля грамадскіх яны ахвяруюць уласнымі патрэбамі.
Яна сама не выключэнне. У Цвеціне ў яе вокнах, на панадворку святло загараецца ў ліку першых. Каб справіцца з уласнай гаспадаркай, Станкевічы ўстаюць у 4 гадзіны раніцы. У хляве дзве каровы, якіх трэба накарміць і падаіць, а да іх свінні, птушка. Усё трэба паспець і ў 6 гадзін быць на рабочым месцы. Таму мінімум за паўгадзіны да пачатку працоўнага дня яны з мужам пакідаюць дом. Людміла садзіцца на веласіпед і рушыць на комплекс. Муж пачынае з машыннага двара і спяшаецца ўслед за жонкай на «Амкадоры».
– Дружная сям’я, працавітыя, паважаныя людзі, — кажа пра Станкевічаў Даната Шчалкун. —Выгадавалі трох дачок. Старэйшая – лесавод, працуе пад Мінскам. Сярэдняя – медыцынская сястра ў Дзісне. Самая малодшая – навучэнка тэхналагічнага каледжа. У Цвеціна прыязджаюць часта, каб дапамагчы бацькам па гаспадарцы. Дарэчы, Людміла ў свой час была ўзнагароджана прэміяй імя Тусналобавай-Марчанка. Такімі людзьмі багатая наша зямля. На іх і трымаецца вёска.
Фота Казіміра Блажэвіча.