Міністэрства сувязі і інфарматызацыі выпусціла ў абарачэнне чатыры паштовыя маркі і блок з серыі «Адміралы ваенна-марскога флоту, ураджэнцы Беларусі».
Паштовы праект падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з Беларускім саюзам маракоў і прысвечаны чатыром ураджэнцам Беларусі – віцэ-адміралам Георгію Мікіцічу Халасцякову, Ягору Андрэевічу Томку і Валянціну Пятровічу Дразду, контр-адміралу Уладзіміру Мікалаевічу Дронаву. Над ім працавалі мастак Віктар Чайчук і дызайнер Яўгенія Бядонік.
Да кожнай маркі, намінал якой адпавядае перасылцы міжнароднай прыярытэтнай паштоўкі, падрыхтавана картка для картмаксімумаў з выявамі караблёў, на якіх служылі адміралы. Яны ўяўляюць асаблівую цікавасць для філатэлістаў.
Выпуску марак і блока ў Мінску была прысвечана ўрачыстасць, у якой брала ўдзел і дэлегацыя з Міёршчыны, дзе нарадзіўся Ягор Томка. У складзе яе былі намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Стальмачонак, сястра знакамітага земляка Нона Саркісян і прадстаўнікі СШ №3, якая носіць імя Героя.
У сталічным магазіне «Філатэлія» адбылося гашэнне марак і блока спецыяльным штэмпелем «Першы дзень».