Сёння Міжнародны дзіцячы цэнтр «Артэк» адзначае свой 95–ы дзень нараджэння. Пабываць у самым вядомым лагеры СССР марыў некалі кожны школьнік.
Пераканана: усе, каму хоць аднойчы пашчасціла пабываць у краіне дзяцінства на беразе Чорнага мора, ніколі не забудуць шчаслівых дзён.
Амаль сорак год мінула з той пары, калі адбылося маё знаёмства з Артэкам. На календары – 1982-і. Я працавала старшай піянерважатай у Слабадской сярэдняй школе на Лепельшчыне, якую не пакінула і зараз. Памятаю, колькі было радасці, калі мяне ўключылі ў склад дэлегацыі з Беларусі, якая адпраўлялася ва ўсесаюзны дзіцячы лагер.
З першых часоў адчула атмасферу добразычлівасці, зацікаўленасці, натхнення і творчага пошуку. Мерапрыемства, якое з’яднала на Чарнаморскім пабярэжжы піянерскіх важакоў з 15 рэспублік, афіцыйна іменавалася семінарам. Праграма была вельмі насычанай. Атрадныя клопаты, экскурсіі, паходы, знаёмства з гісторыяй і традыцыямі Артэка — усім гэтым быў запоўнены кожны наш дзень. Да адбою ў поўным сэнсе валіліся з ног, а раніцай чакалі новыя справы.
Адзін з галоўных пунктаў праграмы – абмен вопытам у розных накірунках. З цікавасцю ўдзельнікі семінара слухалі мой расповед пра сінявокую Беларусь. Вельмі ўсхвалявала слухачоў – ваенная тэматыка. Я прадставіла летапіс народнай славы, створаны піянерамі дружыны нашай школы, нагадала прысутным пра піянераў-герояў Беларусі. Кожны з маіх артэкаўскіх сяброў атрымаў на памяць фотаальбом «Бярэзінскі біясферны запаведнік», які пачынаецца недалёка ад нашай вёскі Слабада. Можа, і сёння былая важатая, якая ўжо стала бабуляй, у далёкім Узбекістане ці Азербайджане паказвае цікавую кніжку ўнукам, каб тыя ведалі пра нашу прыгожую краіну.
Галіна Маркоўская, Лепельскі раён.
Фота з адкрытых крыніц.