У чарговы раз на Пастаўшчыне загучалі музыка і спевы, затупалі чаравічкі танцораў, карціны мастакоў дабавілі фарбаў у святочнае ўбранне горада, гасціннасць гаспадароў пералілася праз край іх падворкаў.
Міжнародны фестываль “Звіняць цымбалы і гармонік” стаў сёлета больш рознахарактарным, пашырыў колькасць лакацый, калі на суседніх пляцоўках гучалі народныя і сучасныя інструменты, перагукаліся народныя спевы з сучаснымі іх аранжыроўкамі. У Доме культуры сваё майстэрства ў традыцыйным конкурсе “Хто каго” дэманстравалі выканаўцы на народных інструментах, а ў гарадскім парку ў абласным конкурсе ВІАton-24 сапернічалі між сабой вакальна-інструментальныя ансамблі, на канцэртных пляцоўках знаёмілі з культурай сваіх народаў творчыя калектывы з Грузіі, Расіі, Казахстана, Латвіі.
Арганізатары свята паклапаціліся пра відовішчнасць конкурсаў, выступленняў калектываў і асобных выканаўцаў, пашырылі тэматыку фестывалю. А атмасфера гуляння толькі падкрэслівала, што дружба сапраўды не ведае межаў, а музыка яднае народы. Радаснымі былі сустрэчы старых сяброў і знаёмства з новымі на вуліцах і пад час абмену прывітальнымі словамі і сувенірамі. Пастаўскі райвыканкам падпісаў Пагадненне аб сацыяльна-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве з Адміністрацыяй Ульянаўскага раёна РФ.
Няма такой пляцоўкі, дзе ні віравала б жыццё. Жыхары раёна і іх госці з цікавасцю разглядаюць карціны маскоўскіх мастакоў, якія правялі на Пастаўшчыне свой першы летні пеэнэр. Захапляюцца творамі мясцовай мастачкі Марыны Юхневіч і выхаванцаў дзіцячай школы мастацтваў. Дзівяцца на тонкасць работ і набываюць вырабы рамеснікаў у “Горадзе майстроў”. Не шкадуюць далоняў выхаванцам дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза.
Фота аўтара.