Для жыхароў Міёршчыны выбары – заўсёды свята. Да значнай у жыцці краіны электаральнай кампаніі рыхтуюцца, узважваюць дасягненні апошніх гадоў у эканоміцы, сацыяльнай сферы, здараецца, спрачаюцца, які з кандыдатаў больш сталы як кіраўнік і грамадскі дзеяч, і, урэўце, прыходзяць да высновы – на мінулых выбарах зрабілі правільны выбар, не памыляцца і сёлета, бо кожны адчувае асабістую адказнасць перад сваёй малой радзімай і краінай. Таму на выбарчыя ўчасткі ідуць актыўна, дэманструючы сваю грамадска-палітычную свядомасць.
На пачатак сённяшняга дня ў Міёрах прагаласавала ўжо прыкладна трэць выбаршчыкаў. Па словах старшынь участковых камісій, актыўная яўка гараджан назіраецца паўсямесна. Людзі прыходзяць сем’ямі і тыкім чынам даюць прыклад дзецям адказнага стаўлення да ўдзелу ў кіраванні краінай. Працуючыя галасуюць за далейшы росквіт Беларусі, пенсіянеры – за развіццё сацыяльнай дзяржавы. Ва ўсіх настрой пазітыўны, ёсць жаданне сваім голасам паўплываць на будучыню краіны.
Не зачыняюцца дзверы ў Дамах культуры, школах, дзе размяшчаюцца выбарчыя ўчасткі. У Чэрасах у мясцовым ДК, практычна палова з колькасці вяскоўцаў, унесеных у спісы для галасавання, датэрмінова абазначыла сваю грамадзянскую пазіцыю. На ўчастку №2 у райцэнтры нават утвараліся маленькія чэргі. Прыходзяць людзі самага рознага ўзросту, зазначае старшыня выбарчай камісіі, і беручы бюлетэні кажуць, што галасуюць за будучыню, за мірнае неба над галавой, за росквіт краіны.
Фота Казіміра Блажэвіча і з адкрытых крыніц.