Автор: . Дата создания:

На дзявяты дзень пасля Вялікадня ў Беларусі адзначаюць Радаўніцу. Навій дзень, Радаванцы, бацькоўская, памерлая Радаванка, Радаванскія памінкі, на Палессі — Дзяды радасныя… Чаму назва свята некалькі супярэчлівая?

У корані назвы свята — слова «ра­дасць». Але па адной з версій этымалагічна свята звязана са словамі балцкага паходжання — raudine, што азначае «малітва за памерлых з плачам і галашэннем, і rauda — «плач з галашэннем». У некаторых рэгіёнах нашай краіны дзень памяці продкаў яшчэ называюць «снеданне па радзіцелях», вясновыя Дзяды.

Сакральны сэнс Радаўніцы ў тым, што з года ў год свята духоўна злучае тых, хто быў, хто ёсць і хто будзе. Напярэдадні прынята наводзіць парадак на магілах. У дзень свята перад іх наведваннем варта схадзіць у царкву, прычасціцца і памянуць продкаў малітвамі.

Святкаванне Радаўніцы — спосаб падзяліцца радасцю з памерлымі сваякамі з нагоды ўваскрэсення Хрыста і перамогі над смуткам.

У даўнія часы, перш чым ісці да родных магіл, заходзілі на «курганы» і прыносілі чырвоныя яйкі, каўбасы і абавязкова белы сыр. У некаторых месцах спляталі гірлянды з галінак і кветак, упрыгожвалі імі вялікія земляныя насыпы.

Пасля прывядзення месцаў пахавання ў парадак адно прынесенае фарбаванае яечка гаспадар закопваў у зямлю. Затым магілы ўкрывалі ручнікамі і ставілі запаленую свечку ў чарцы або лампаду, выкладвалі велікодныя стравы. Іх колькасць павінна была быць няцотнай. У час трапезы людзі вялі размовы з памерлымі, быццам яны таксама ўдзельнічалі ў гутарцы. Памінанне суправаджалася малітвамі: «Памяні, Божа, душы ўсіх мёртвых бацькоў». Скончыўшы трапезу, казалі: «Заставайцеся здаровыя!» Затым усю ежу прыбіралі, а велікодныя яйкі і частку святочнай ежы пакідалі на магіле або падвешвалі ў торбе на дрэве жабракам.

Цікавая дэталь: абрус, якім засцілалі магілы, і пасля Радаўніцы захоўваў свае сакральныя ўласцівасці. Лічылася, што ён можа адвесці ад дома гром і маланку.

На Радаўніцу пажылыя людзі і дзеці заставаліся ўвечары дома, а маладыя хлопцы і дзяўчаты адпраўляліся на гулянні: спявалі песні, вадзілі карагоды, гулялі ў біткі, весяліліся. Нездарма і ў прыказцы гаворыцца: «На Радаўніцу да абеду аруць, па абедзе плачуць, а ўвечары скачуць».

ПАМЯТКА

Прыйшоўшы да магілы сваяка або блізкага чалавека, неабходна запаліць свечку. Трэба памятаць: на Радаўніцу нельга плакаць і сумаваць. Наведваючы могілкі, варта падзяліцца з памерлымі радасцю і шчасцем, каб на тым свеце ім жылося лягчэй.

АД ПРАДЗЕДАЎ 

Яшчэ да сярэдзіны мінулага стагоддзя беларусы ў Навій дзень традыцыйна пяклі бліны-наліснікі, пірагі, рыхтавалі куццю з суцэльных пшанічных зярнят з мёдам, арэхамі, макам і разынкамі.

Парушэнне традыцый на Радаўніцу магло выклікаць «пакаранне» ад памерлых продкаў. «Пакрыўджаныя» няўвагай родных продкі пачыналі сніцца.

По материалам sb.by